Общество

Ірына Марозава

«Рэжым стварае такія ўмовы, у якіх людзі не бачаць магчымасці ні развівацца самім, ні каб іх дзеці раслі тут»

У Мінску лепей, чым у Магілёве, але горш, чым у Гродна. А ў Оршы і Барысаве відно дно? Што паказвае «Барометр беларускіх гарадоў».

Гродна, архіўнае фота

Даследчыкі Цэнтра новых ідэй распавялі, як гарадскія жыхары Беларусі ставяцца да сваіх населеных пунктаў: ці падабаецца там жыць, ці ганарацца, ці бачаць перспектывы развіцця, альбо хочуць змяніць месца жыхарства.

«Барометр беларускіх гарадоў» — пілотны праект, своеасаблівы дадатак да штогадовага Рэйтынгу беларускіх гарадоў. Аднак калі другое даследаванне грунтуецца на статыстычных звестках і дае больш аб’ектыўную карціну пра ўмовы жыцця, то «Барометр» — пра суб’ектыўнае, але ад таго не менш важнае ўспрыманне гарадоў і мястэчак іхнімі жыхарамі.

Апытанне праводзілася ў траўні 2023 года, удзел у ім узялі амаль 2 тысячы чалавек, пераважна з прадэмакратычнай часткі насельніцтва. Рэспандэнты ацэньвалі як умовы пражывання — жытло, праца, умовы для дзяцей, у тым ліку адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная сфера, культура і спорт, — так і сваё асабістае ўспрыманне, ці падабаецца ім жыць у канкрэтным горадзе, ці адчуваюць перспектывы, каб застацца.

Што ў выніку?

На першым месцы, расказаў старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў,  аказаўся зусім не Мінск — а Брэст. За ім — Гродна, і толькі потым — сталіца, якая крыху апярэдзіла Ліду. Акрамя іх, у дзясятцы лепшых для жыцця беларускіх гарадоў — Пінск, Гомель, сярэднія гарады Магілёўшчыны з насельніцтвам ад 20 да 100 тысяч чалавек), Баранавічы, сярэднія гарады Гомельшчыны і Брэстчыны.

Чаму так сталася? Бо жыхары Брэста адзначалі добрыя ўмовы для баўлення вольнага часу (ад музеяў і выстаў да спартовых пляцовак, бараў і г.д.), а таксама высока ацанілі перспектывы развіцця горада. Гродна чакана вылучылася патрыятызмам гараджан, якія моцна любяць свой горад і ягоны асаблівы «вайб». А вось Мінск пры агулам даволі высокіх ацэнках праваліўся па такім паказчыку, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў, дый у пытанні гонару за свой горад стаў далёка не першым.

Мінск, архіўнае фота

Па сукупнасці ацэнак беларускія гарады падзяліліся на чатыры выразныя сегменты:

* «гарады для жыцця», дзе і ўмовы жыцця ацэньваюцца вышэй, чым у сярднім па краіне, і задаволенасць гараджан большая, то бок, у прынцыпе ўсё добра: Брэст, Гродна, Мінск, Гомель, Ліда, Баранавічы, Мазыр і г.д.;

* «гарады энтузіястаў», дзе ўмовы для жыцця ніжэй за сярэдні ўзровень, але людзі іх усё адно любяць: Віцебск, мястэчкі Міншчыны (з колькасцю насельніцтва менш чым 20 тысяч чалавек), сярэднія гарады Міншчыны і Гродзеншчыны;

* «гарады-расчараванні», дзе ўмовы пражывання неблагія, а вось любові няма: Салігорск, Бабруйск, сярэднія гарады Магілёўшчыны;

* «месцы роспачы», дзе агулам кепская і інфраструктура, і настрой жыхароў: Орша, Барысаў, Магілёў, Маладзечна, мястэчкі амаль усіх рэгіёнаў.

Чаму гэта важна?

— Суб’ектыўны чыннік мае вялікую моц, прычым у абодва бакі, — зазначае Генадзь Коршунаў. — Фактар лакальнага патрыятызму можа ўздымаць некаторыя гарады і мястэчкі ў агульным рэйтынгу, а расчараванне ў перспектывах, наадварот, скідвае іх долу. «Барометр» паказвае, што людзі адчуваюць тут і цяпер, што ім баліць, каму болей, каму меней.

Акрамя таго, дадае сацыёлаг, у ацэнках адчуваецца ўплыў «фактару вайны». Ва ўмовах напружання, калі вайна не ў Беларусі, але зусім побач, жыхары невялікіх гарадоў, перадусім на Магілёўшчыне, заніжаюць планку чаканняў і больш задаволеныя хай і дрэнна працуючай, праблемнай, але дзейнай, не зруйнаванай інфраструктурай, чым жыхары абласных цэнтраў. То бок, запэўніванні прапаганды ў тым, што галоўная каштоўнасць — мірнае неба над галавой, — у шэрагу рэгіёнаў працуюць.

— У Мінску незадаволенасць вышэйшая, — канстатуе Генадзь Коршунаў. — І гэта зразумела.

З аднаго боку, у сталіцы людзі прывыклі да пэўнага ўзроўню жыцця і ўжо не згодныя задавольвацца малым. А ў малых ці сярэдніх гарадах жыхары часта менш патрабавальныя, з серыі «добра не жылі, няма чаго і пачынаць». З другога боку, сярод тых, хто вымушана пакінуў краіну, агромная колькасць мінчан, зачынілася мноства знакавых месцаў — а людзі ж памятаюць, як было тры-чатыры гады таму.

Таксама зразумела, чаму вялікая хваля расчаравання ў людзей у некаторых сярэдніх гарадах — скажам, Салігорску і Барысаве. Гэта прамысловыя гарады, якія пасля 2020 года адчулі на сябе вялікую ўвагу ўладаў і дзе праз рэпрэсіі адчуванне «бесперспективняка» будзе проста зашкальваць.

— Ці адсочвалі вы асобна, як уплывае на ацэнкі фактар рэпрэсій («хапуны» на горадаўтвараючых прадпрыемствах, знішчэнне культурніцкіх устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і гэтак далей)?

— Сапраўды, варта было б накласці такую сетку — але, на жаль, пакуль такога мы не рабілі. І праз тое, што не ўся інфармацыя цяпер ёсць, і гэта дадатковы агромністы пласт працы. Але па ранейшым даследаванні беларускай дыяспары за мяжой, якое ладзілася яшчэ ў 2021 годзе, магу засведчыць, што нават эканамічная міграцыя — толькі надбудова над палітычнымі працэсамі.

Бо рэжым стварае такія ўмовы, у якіх людзі не бачаць магчымасці ні развівацца самім, ні каб іх дзеці раслі тут. І палітычны складнік, безумоўна, уплывае на ацэнку людзьмі перспектыў.

Праз які час плануецца працягнуць апытанне, каб прасачыць у дынаміцы, як зменяцца аптымістычныя і дэпрэсіўныя настроі ў розных рэгіёнах?

— Так, найлепшыя высновы можна рабіць у дынаміцы, і ў ідэале гэта трэба рабіць раз на год. То бок, калі ў нас атрымаецца паўтарыць тое ж самае ў траўні 2024 года, будзе файна.