«Рэпрэсіі ўлада ўчыніла б у любым варыянце разьвіцьця падзеяў — незалежна ад таго, ці былі б пратэсты ў 2020-м»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра немагчымасць вяртання ў «8 жніўня 2020-га».

– На фоне таго, што адбываецца з Беларусьсю і з усімі намі, некаторыя людзі ад адчаю пачынаюць узгадваць былыя часы і прызнаюць, што хацелі б вярнуцца ў час «да жніўня 2020», – піша Цыганкоў. – Далей я паспрабую давесьці, што разгром грамадзянскай супольнасьці і рэпрэсіі ўлада ўчыніла б у любым варыянце разьвіцьця падзеяў — незалежна ад таго, ці былі б пратэсты.

Віталь Цыганкоў

Пачаць трэба з таго, што сама «лібэралізацыя» 2015-2019-га не была нейкім пасьлядоўным і лінейным працэсам, яна ўвесь час сутыкалася з замаразкамі і адлівамі.

Дзікі хапун на 25 сакавіка 2017 (калі на вуліцы Менску вывелі бранетэхніку), «справа Белага легіёну», новыя, рэпрэсіўныя папраўкі ў Закон аб СМІ, адмова прымаць законы на дзьвюх дзяржаўных мовах, стэрыльныя мясцовыя выбары, перасьлед журналістаў Белсату, штрафы незалежным журналістам, адключэньне Хартыі і Партызану, справа Ліпая, справа РЭП, напад у лесе на мірную сходку анархістаў, ператрусы ў журналістаў (справа Тут.бая), перыядычныя пасадкі прадпрымальнікаў — «вось такое х..ёвае ў нас лета», вось так выглядала «лібэралізацыя», якую некаторыя зараз узгадваюць з замілаваньнем.

Прытым калі з нейкіх (рэальных ці прыдуманых) прычынаў улада адчувала пагрозу — напрыклад, падчас дармаедзкіх пратэстаў, якія зьбіралі некалькі сотняў, некалькі тысяч чалавек — улады не цырымоніліся, ішло поўнае беззаконьне, хапалі ўсіх, хто мог узначаліць пратэсты.

А 25 сакавіка 2017, паўтаруся, на вуліцы Менску вывелі спецназ і браневікі і затрымалі амаль тысячу чалавек, за адзін дзень!

І калі пэўны час былі, як я сказаў, прылівы і адлівы, то з 2019-га стала зразумела, што ўладамі ўзяты адназначны курс на згортваньне «лібералізацыі» і закручваньне гаек.

Акрамя таго, што я ўжо пералічыў — у Палатку восеньню 2019 не прапусьцілі ніводнага апазіцыянера, на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прызначылі сілавіка з КДБ Сергіенку, незадоўга да выбараў зьнялі адносна ліберальнага прэм’ера Румаса і паставілі зноў жа фактычна сілавіка Галоўчанку.

Гэта ва ўнутранай палітыцы. У замежнай адбываўся таксама яўны адкат. Ужо ў 2018-м і 2019-м зьявілася разуменьне, што нармалізацыя адносінаў з Захадам дасягнула пэўнай столі, што далей няма куды рухацца.

Многім (зноў, чарговы раз) стала відавочным, што пры гэтым палітычным рэжыме ніякага сур’ёзнага руху на Захад немагчыма. Памятаю, як заходнікаў тады вельмі зьдзівіла і пакрыўдзіла, што ў Палатку не прапусьцілі былых дэпутатак Канапацкую і Анісім, і нікога іншага.

Так, працягваліся розныя цёркі з Расеяй, але я, напрыклад, іх трактаваў выключна як імкненьне Лукашэнкі набіць сабе цэну, паказаць Крамлю, «маўляў, глядзіце, што можа быць, калі я перакінуся на Захад, таму плаціце мне больш».

Было зразумела (і я тады нямала пра гэта пісаў), што як толькі ўсур’ёз паўстане пагроза ўладзе — Лукашэнка кінецца ў абдымкі Масквы як адзінага гаранта сваёй улады і яшчэ актыўней будзе вымушаны па частках прадаваць сувэрэнітэт.

Разгром апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці быў запланаваны і ўсяляк рыхтаваўся. Ён бы адбыўся незалежна ад таго, колькі людзей выйшлі б на вуліцы.

Тым, хто хоча вярнуцца ў Беларусь «да 9 жніўня», варта нагадаць, што Севярынца, Статкевіча, Бабарыку, Лосіка, Ціханоўскага ды сотні іншых схапілі і пасадзілі задоўга да дня галасаваньня, да ўсялякіх масавых пратэстаў.

Больш за тое. Давайце ўявім, што ўсе гэтыя мае аргументы непераканаўчыя, і пасьля 2020-га раптам працягвалася б асьцярожная лібералізацыя. Уявілі? І што было б далей? Лукашэнка аддае ўладу пераемніку? Мяккі пераход у парламенцкую рэспубліку?

Не сьмяшыце. Лукашэнка ніколі не сыходзіў і не аслабляў сваю ўладу — ня гледзячы на абставіны. Так было і ў канфліктным 2010-м і ў мяккім 2015-м, калі не было ані Плошчы, ані сур’ёзнага выкліку яму на выбарах.

Дык вось калі ўявіць, што ў 2020-м нічога не было б, ніякіх пратэстаў, і далей грамадзтва працягвала б разьвівацца, як у 2015-19 — то чым бы гэта скончылася? Праз некалькі гадоў грамадзтва, якое працягвала б вырастаць, разьвівацца, адчуваць сваю сілу, усё роўна запатрабавала б вольных выбараў, справядлівага падліку, іншымі словамі, зьмены улады. І ўсё роўна нарвалася б на удар уладаў, на разгром і рэпрэсіі.

Лукашэнка вырашыў не чакаць, калі грамадзтва канчаткова «абнахабіцца», і зладзіў разгром ужо ў 2020-ым. Для гэтага яны вызвалялі месцы ў Акрэсьціна, для гэтага яны будавалі часовы канцлагер каля Менску.

Для гэтага яны 9 жніўня пачалі кідаць гранаты ў людзей, якія проста стыхійна сабраліся каля Стэлы, ня маючы ніякага плана.

Зьнішчэньне гета адбываецца незалежна ад таго, як сябе паводзяць жыхары гета.

Пытаньне было не ў тым, каб «не дражніць звера» і ён, можа быць, будзе да вас літасьцівы (як прапаноўваў Прэйгерман), а ў тым, каб, разумеючы ягоны зьверскі характар і сілу, зрабіць усё магчымае, каб яго перамагчы, любымі сродкамі. Але большасьць грамадзтва на той момант 1. Не разумела, з кім мае справу. 2. Не было гатовае змагацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(19)