Общество

Кацярына Батлейка

«Пяць разоў быў у ШЫЗА. Начальнік атраду казаў: «Мне трэба знайсці парушэнне, што пісаць — не пагаліўся ці не павітаўся?»

Тры гады таму, 12 лістапада, у Беларусі былі затрыманыя маладыя людзі, а пасля з'явілася «справа студэнтаў». Ілля Трахтэнберг, адзін з тых схопленых, распавёў «Салідарнасці» пра два гады ў зняволенні, абмежаванні і спадзеў на вяртанне.

Былы палітычны зняволены па «справе студэнтаў» Ілля Трахтэнберг пачаў цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне, у 16 гадоў. У 2019 годзе, калі яму было 18, хлопец набыў свой першы бела-чырвона-белы сцяг у тады яшчэ адчыненай краме Symbal.by і пайшоў на першы ў сваім жыцці пратэст — супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

— Таму і ў 2020 годзе я, вядома, нічога не прапусціў, — успамінае Ілля ў размове з «Салідарнасцю». — Калі пратэсты пачаліся ў БДУ, я стаў заўважным для адміністрацыі вуза: выклікалі ў дэканат, прымушалі пісаць тлумачальныя, сачылі, дзе і што я раблю. Але ніякіх пагроз ці папярэджанняў, што мяне адлічаць ці затрымаюць, не было.

Я меркаваў, што мяне могуць затрымаць у межах адміністратыўнай справы,  прыйдзецца адсядзець содні. Але я не лічыў сябе настолькі важнай персонай (і дагэтуль не лічу), каб меркаваць, што да мяне прыйдзе КДБ з ператрусам у сувязі з крымінальнай справай.

Але ж гэта адбылося — 12 лістапада 2020 года Іллю затрымалі ў межах крымінальнай справы, а праз восем месяцаў прыгаварылі да 2,5 гадоў калоніі.

У інтэрв’ю «Салідарнасці» Ілля расказаў, як праходзіла яго зняволенне, што адметнага ёсць у мужчынскай калоніі Магілёва і чаму думкі пра вяртанне ў Беларусь надаюць сэнс жыццю.

«Ператрус адбываўся спакойна, але ў КДБ везлі з надзетай наадварот балаклаве»

— У дзень затрымання сілавікі прыехалі да майго дому, ўсё адбывалася спакойна, па правілах: нават спыталі дазвол зайсці ў кватэру. Яны прывезлі сваіх панятых, але мы настаялі, каб абраць самім, і сілавікі пагадзіліся. Візіцёры адразу прапанавалі аддаць тэхніку, што я і зрабіў.

Мне сказалі, што трэба з’ездзіць на допыт, але не папярэдзілі, што гэта затрыманне, я нават рэчы не ўзяў. Пасярэдзіне нашага шляху сказалі, што па правілах у мяне павінны быць закрытыя вочы і надзелі балаклаву тыльным бокам, дзе няма дзірак для вачэй. У гэтай балаклаве мяне давезлі, у ёй жа павялі пад рукі ў кабінет допыту. З гадзіну я ў ёй сядзеў, потым дазволілі зняць. Ужо на месцы кдбэшнікі далі паперы аб затрыманні.

У КДБ са мной размаўлялі карэктна. Але гэта, думаю, быў інструмент псіхалагічнага ціску: яны намагаліся зрабіць так, каб я сябе адчуваў нібыта побач з добрымі знаёмымі, а потым ужо задавалі пытанні, якія ім былі патрэбныя. Перыядычна чэкiсты даводзілі, што я затрыманы па крымінальным артыкуле і будзе добра, калі я буду з імі размаўляць.

Я непрыемна адчуваў сябе: разумееш, што затрыманы, але з табой намагаюцца размаўляць, як з сябрам.

«У камеры ў сярэднім было 13 вязняў, з іх 6-8 — палітычныя»

Пасля затрымання Ілля правёў тыдзень у СІЗА КДБ. Наступныя дзевяць месяцаў былы студэнт знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага.

— Валадарка вельмі адрозніваецца ад СІЗА КДБ. Калі ў КДБ поўная ізаляцыя — не ведаеш, што адбываецца па-за тваёй камерай, не бачыш іншых вязняў, інфармацыя з волі і на волю трапляе вельмі цяжка, то Валадарка — гэта ўжо міні-соцыум. Усе пра ўсіх штосьці ведаюць, неяк падтрымліваюць сувязь.

У перыяд, што я сядзеў, палітычных зняволеных было вельмі шмат. У камеры ў сярэднім было 13 вязняў, з іх 6-8 — палітычныя. Калі параўноўваць са звычайнымі вязнямі, то палітычныя часта былі больш адказныя за тое, як уладкаваць сваё жыццё ў камеры, наладзіць быт. Некаторыя камеры да таго, як туды саджалі палітычных, былі вельмі брудныя, унутраныя працэсы былі дрэнна арганізаваныя.

Палітычныя жа намагаліся рабіць умовы як мага лепшымі. Мінімальна — гэта чысціня. Таксама мы збіралі бібліятэку, дадавалі нешта ў «агульнае» — папяросы, канверты для лістоў для тых, хто мае патрэбу.

Доўгі час сядзеў на Валадарцы з Эдуардам Пальчысам, мы з ім сябравалі. Эдуард вельмі добра трымаўся і не марнаваў час на нейкі адчай. Чытаў, пісаў лісты. Мы спалі па суседству, таму часта штосьці абмяркоўвалі. Ён быў больш кансерватыўных поглядаў, а я больш прагрэсіўных, таму ў нас было шмат дэбатаў. Мне вельмі падабалася, як ён трымаецца, падабалася з ім размаўляць. Эдуард — вельмі прыемны чалавек.

— У лістах сваякам ты заўсёды пісаў, што ў цябе ўсё нармальна. Але ці былі складаныя моманты, пра якія ты не распавядаў?

— Я ўвесь час намагаўся распавядаць усё так, як яно было на самой справе, але ж часам троху прымяншаў. Не хацеў, каб бацькі хваляваліся. Фізічна самым складаным у маім зняволенні быў этап у Магілёўскае СІЗА і ШЫЗА ў калоніі.

«Я думаў: навошта вы мне падміргваеце, калі супраць мяне зараз сведчыце?»

— Пра гэта мы яшчэ пагаворым. А зараз па храналогіі: пасля шасці месяцаў зняволення ў вас пачаліся суды. Было шмат пасяджэнняў, і ты на іх часта задаваў пытанні сведкам па вашай справе.

Часам яны губляліся і не ведалі, што адказаць. Раскажы пра свае ўражанні ад судовага працэсу.

— Былі пратаколы допытаў сведак па справе яшчэ да нашага затрымання, калі былі толькі следчыя дзеянні. Усе паказанні капіявалі адзін аднаго: аднолькавыя фармулёўкі, але сведкі ставілі пад гэтым свае подпісы. А на судзе большасць з іх казалі ўсё наадварот. Я разумею, што ў нас закон не працуе, але следчыя нават не намагаліся, каб справа выглядала рэалістычна.

Я ведаў: мае пытанні да іх на судзе могуць ніяк не паўплываць на вырак. Але для мяне было важна паказаць самому сабе, што я не прымаю тое, што робіцца, і нават калі гэта ні на што не паўплывае, для сябе я застануся пераможцам. То бок, па-першае, гэта быў псіхалагічны момант.

Па-другое, працэсуальны. Я думаў, што не хачу ў будучыні, калі справа будзе пераглядацца, казаць, што мяне судзілі незаконна, але я нічога не рабіў, каб змагацца з гэтым. У СІЗА было шмат часу, каб самому працаваць па нашай справе, таму я абраў ролю следчага, але з іншага боку, і думаў над пытаннямі, скаргамі. Суды былі адкрытымі, таму я хацеў, каб усе прысутныя бачылі, як паводзяць сябе сведкі, як яны ламаюцца ад пытанняў — там парушалася ўсякая логіка.

Больш за ўсё мяне ўразілі сведкі-супрацоўнікі БДУ, якія мяне ведалі. Падчас суда яны спрабавалі мне падміргнуць. Я думаў: навошта вы гэта робіце, калі супраць мяне зараз сведчыце?

— Ты сказаў, што думаў пра перагляд справы ў будучыні. Цяпер верыш, што палітычныя справы будуць перагледжаныя?

— Я лічу, што змены ў Беларусі адбудуцца, але не ведаю, у якім выглядзе. І канешне, я зацікаўлены ў тым, каб усё гэта разглядаць у сапраўдным судзе. Каб усіх, каго магчыма, прыцягнуць да адказнасці.

Я не тое, каб збіраюся марнаваць на гэта свой час, багата рэсурсу, але тое, што я ўжо захаваў, можа быць карысным. І калі, скажам, у будучыні будзе трыбунал, я гатовы паўдзельнічаць.

«Падчас этапу намагаліся неяк спаць, будучы ў кайданках»

У ліпені 2021 года фігурантам па справе студэнтаў агучылі прысуд — 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму (толькі Глебу Фіцнеру прысудзілі на паўгода менш). Праз час Іллю этапавалі з СІЗА на Валадарскага ў СІЗА Магілёва. Этап цягнуўся каля 18 гадзін.

— Усё выглядала так: я акуратна склаў усе рэчы, назапашаныя за дзевяць месяцаў у СІЗА. Іх правяраюць, нешта адбіраючы, а потым не даюць часу, каб акуратна скласці назад. Спачатку рэчы даглядаюць супрацоўнікі СІЗА, з якога выязджаеш, потым канвой, а потым у СІЗА, у якое прыехаў.

З кожным разам штосьці адбіраюць. Усе мае лісты даставалі з канвертаў, праглядалі, перакладвалі.

Калі ўсё праверылі, трэба чакаць канвой у камеры на зборцы. Там няма бялізны, матрацаў. Проста чакаеш, пакуль за табой прыйдуць, седзячы на сваіх рэчах. Потым прыязджае канвой, ты нясеш усе свае рэчы ў кайданках, і едзеш у аўтазаку да цягніка.

Кайданкі ў нас не здымалі нават у цягніку. Я этапаваўся разам з палітычным вязнем Сяргеем Плонісам, мы абодва намагаліся неяк спаць, будучы ў кайданках. Было холадна, дастаць рэчы з сумак было цяжка, а калі і дастаў, складана было апрануць.

Фізічна этап — гэта вельмі складана. Таму, калі мяне прывезлі ў СІЗА, думаў толькі пра адпачынак, але ж трэба было пазнаёміцца з новымі сукамернікамі.

Суразмоўнік «Салідарнасці» адзначае, што умовы ўтрымання ў Магілёўскім СІЗА падобныя да Валадаркi, але ў Магілёве не так шмат палітычных вязняў:

— Там навейшы будынак, у камеры больш прасторы, свету, чым было на Валадарцы, і часцей за ўсё лепшыя гігіенічныя ўмовы, чым у Менску, трошкі лепш з харчаваннем. Але вось замест унітазу — дзірка.

«У ШЫЗА браў кавалачкі цэглы з муру і пісаў на стале свае вершы, або штосьці з матэматыкі»

Адбываць астатні тэрмін Іллю адправілі ў папраўчую мужчынскую калонію №15 горада Магілёва. Адразу па прыездзе ён трапіў у ШЫЗА.

Пасля гэтага яго чакалі ўсё новыя і новыя абмежаванні: пазбаўленне перадач і спатканняў, чарговыя рапарты за парушэнне ПВР (правілы ўнутранага распарадку) і чарговыя суткі ШЫЗА.

— Пры даглядзе рэчаў, калі толькі прывезлі ў калонію, мяне справакаваў супрацоўнік. Пасля этапу я быў стомлены і злы, і неяк «не так яму адказаў», — кажа Iлля. — За гэта адразу трапіў у ШЫЗА на дзесяць содняў.

Не ведаў нават, ці выйду, што са мной будзе, і як жывуць за ШЫЗА, бо толькі прыехаў у калонію і не ведаў, як і што працуе.

Пасля першых содняў там я зразумеў: не з’ехаў з глузду, і таму ў эмацыйным плане са мной ўсё нармальна. Я добра вытрымаў: нягледзячы на тое, што рабіць там няма чаго, мне ўсё ж такі удавалася адціскацца, спяваць, складаць вершы і песні. Браў кавалачкі цэглы з муру і пісаў на стале свае вершы, або штосьці з матэматыкі, напрыклад, вырашаў ураўненні.

Потым напісаў сваякам у лісце вынікі, яны праверылі на калькулятары, — я нават не памыліўся. То бок, самае галоўнае ў ШЫЗА — заняць галаву. У адзін дзень я пачаў прыгадваць сваё жыццё дзесьці з 2018 года, аднаўляць усе ўспаміны. І чым больш было дэталей, тым лепш: дыялогі, пэўныя фразы — ад гэтых успамінаў з вольнага жыцця станавілася цёпла.

За год у калоніі палітвязень трапляў у ШЫЗА пяць разоў, агулам ён правёў там 37 содняў. Для ўяўлення хлопец распавядае, што ШЫЗА — гэта вельмі маленькая камера, дзе няма нічога, акрамя стала, лаўкі і нар, якія раскладваюцца толькі на ноч. Матраца, падушак, коўдры, бялізны — усяго гэтага таксама няма, даводзіцца спаць на дошках.

— Акрамя гэтага холадна, няма ні ліставання, ні літаратуры. Толькі ты і харчаванне тры разы на дзень. Проста сядзіш у гэтай камеры, і час цягнецца вельмі доўга: знаходзішся сам-насам з сабой. Для кагосьці гэта вельмі пакутліва.

Я чуў, што адбывалася ў суседніх ШЫЗА: хтосьці гарлапаніў, біў кулакамі ў мур, нейкія людзі з’язджалі з глузду. Сам-насам у невялічкай камеры без нічога — гэта вельмі пакутліва.

Пасля першых содняў у ШЫЗА, успамінае Ілля, ён стаў заўважным для адміністрацыі калоніі.

— Там увогуле да палітычных ставіліся больш уважліва: калі супрацоўнік жадае знайсці нейкае парушэнне, ён яго знойдзе. Я быў фігурай, на якую шмат хто жадаў знайсці парушэнне — мяне ведалі і часам казалі: «А, зноў Трахтэнберг».

Існаваць цалкам па рэжыме калоніі вельмі цяжка. ПВР напісана такім чынам, каб пры патрэбе можна было знайсці парушэнне. Усе вязні намагаюцца жыць камфортна для сябе, але каб гэта не было заўважна для адміністрацыі.

Я не пагаджаўся жыць па правілах, якія прапанавала адміністрацыя. Намагаўся рабіць так, каб жыць як мага больш павольна. Часам мне за гэта прылятала.

На мяне складалі рапарты па розных прычынах: знайшлі забароненыя рэчы, за тое, што на іх думку не пагаліўся, што пра мяне пісалі ў медыя, з-за таго, што прысеў адпачыць на працы і з-за гэтага пасварыўся з майстарам-міліцыянтам, ці апрануў не тую вопратку, не зашпіліў гузік, не там павесіў ручнік.

— Супрацоўнікі калоніі адкрыта казалі, што трапляеш у ШЫЗА за тое, што пра цябе напісалі ў СМІ?

— Медыя — гэта не фармальная, а фактычная падстава, каб зачыніць у ШЫЗА. Адміністрацыі Магілёўскай калоніі вельмі не падабаецца, калі пра іх штосьці пішуць у нейкім кантэксце, нават калі пішуць, што я вязень, які ўтрымліваецца ў ПК-15. Тады яны знаходзяць у гэтага вязня нейкае парушэнне.

Мяне выклікалі на камісію па парушэннях: спачатку проста зачыталі імя, прозвішча, парушэнне. А потым начальнік калоніі пачаў на мяне гарлапаніць, нават з лаянкай. Казаў, што пра мяне напісалі ў СМІ, пытаў, навошта гэты піяр і што з-за гэтага цяпер я буду пакутаваць. Не было ніякага схаванага сэнсу: іх раздражняе, што пра палітвязняў пішуць. А я на гэта, дарэчы, ніяк не ўплываў.

Калі хтосьці з вязняў ці іх сваякоў намагаўся неяк палепшыць іх умовы, яны рабілі наадварот. Яны не любяць скаргі, публічнасць, калі бацькі намагаюцца выходзіць на нейкія размовы — ад гэтага можна яшчэ больш пацярпець.

Начальнік атраду часам казаў, што яму трэба знайсці нейкае парушэнне на мяне, пытаў, што менавіта напісаць: не пагаліўся ці не павітаўся, як трэба.

Апроч ШЫЗА самым складаным ва ўмовах калоніі для суразмоўніка «Салідарнасці» была немагчымасць самастойна размяркоўваць свой час. Усе вязні ў беларускіх калоніях павінны працаваць, вольнага часу у калоніі застаецца зусім мала.

— Спачатку мая праца была ў тым, што я збіраў лучыну па сетачках. Потым мяне перавялі ў іншы атрад, і я рабіў з дошак паддоны. Умовы працы былі вельмі дрэнныя, усіх парушэнняў і не пералічыш: матэрыяльнае забеспячэнне, санітарныя ўмовы, пыл.

Па-першае, прымусовая праца — гэта ўжо парушэнне. Цябе прымушаюць працаваць, нават калі ты не хочаш, і для мяне гэта было самае непрыемнае. Заробак гэты нічога табе не робіць, але ў нас па заканадаўстве вязні павінны працаваць, бо папраўчы працэс нібыта адбываецца праз працу.

Я не мог нават змяніць брыгаду: казаў, што не магу працаваць на паддонах, бо ў мяне праблемы са спіной, а паддоны цяжкія. То бок, здароўе чалавека, яго фізічны стан ніяк не ўлічваюцца. Лекарка ў калоніі намагалася мне дапамагчы, але ў яе не атрымалася.

Плацяць вязням за іх працу мінімальны па краіне заробак, але чыстымі выходзіць каля двух рублёў у месяц, астатняе спісваецца за ўтрыманне ў калоніі. На паддонах можна было зарабіць болей — каля 16 рублёў.

Былі звычайныя вязні, якім не дапамагалі сваякі, і яны жылі на гэты заробак. Было два дзеда-браты, на дваіх у іх было трохі болей за 30 рублёў. На гэтыя грошы яны пакупалі блок самых танных цыгарэт, пачку чорнай ліставой гарбаты, цукеркі і пачку маянэзу.

— Які кантынгент быў у ПК-15?

— Шмат маладых хлопцаў, якія сядзелі па наркатычным артыкуле. Таксама былі аліментшчыкі і асуджаныя па эканамічных артыкулах. Шмат забойцаў ці асуджаных за прычыненне цялесных пашкоджанняў. Былі, вядома, палітычныя. У кожным атрадзе год таму было ад пяці да дзесяці палітзняволеных, а атрадаў каля 15. Мне здаецца, што тады у Магілёўскай калоніі было каля 120 палітзняволеных. Увогуле там каля 1700 чалавек.

Большасць са звычайных вязняў ставіліся да палітычных нейтральна, не адасаблялі ад іншых. Некаторыя ставіліся да нас с павагай, некаторыя — скептычна, але хтосьці і з нянавісцю — гэта былі адзінкі, але былі. Існавала таксама меркаванне, быццам з-за палітычных пагаршалі ўмовы звычайным вязням, што ўплывала на стаўленне да нас. Магчыма, адміністрацыя калоніі рабіла гэта наўмысна.

Вольнага часу, распавядае Ілля, было няшмат. У хлопца ён складаўся з ліставання, спорту, камунікацыі з іншымі вязнямі і прыгатавання ежы. Ежы, якую давалі ў калоніі, не хапала. Гэта былі пустыя калорыі, успамінае хлопец, — каша, хлеб. Не хапала мяса, гародніны, садавіны, малочных прадуктаў.

«Прашэнне не пісаў, віну не прызнаваў. Гэта была мая маральная і працэсуальная пазіцыя»

Як і ў іншых калоніях, у ПК-15 шмат каму з палітычных прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, прызнаць віну. Да гэтай «прапановы» ўсе палітвязні, кажа Ілля, ставіліся па-рознаму.

— Супрацоўнікі калоніі прапаноўвалі пісаць: не прымушалі, але давалі зразумець, што калі не прызнаю, будзе горш.

Калі мяне каралі за нейкае парушэнне рэжыму ўтрымання, адміністрацыя нагадвала, што ў мяне не прызнаная віна. Але ж я нічога не пісаў і не прызнаваў — гэта была мая маральная і працэсуальная пазіцыя.

Сярод палітвязняў на гэты конт была своеасаблівая палярызацыя. Частка ставілася да прашэння негатыўна, маўляў, мы не павінны гэтага рабіць, гэта супраць нас. А хтосьці казаў, што ім трэба напісаць, мабыць, вызваляць.

Хтосьці рэальна чакаў навін ад круглага стала, ад Васкрасенскага, што ён зможа дамовіцца і людзі выйдуць, нехта спадзяваўся, што амністыя закране палітычных. А нехта быў цалкам на «адмове»: не прымаў нічога ад дзяржавы і не верыў ёй. Я, хутчэй за ўсё, адносіўся да другога кола.

Я заўважыў, што большасць адміністрацыі не была ідэйнай: проста рабілі сваю вось такую працу. Але быў там адзін вельмі зацікаўлены ў палітычных аператыўнік. Ён быў ідэйны, пагаршаў усялякімі сродкамі ўмовы для вязняў.

За месяц-два да вызвалення ён выклікаў мяне і намагаўся атрымаць яўку з пакаяннем, каб я сазнаўся ў новым парушэнні. Казаў: «Ты ж дзесьці ўдзельнічаў у нядзельных маршах, дакладна недзе засвяціўся і цябе знойдуць па камерах. Ты лепш напішы яўку зараз, каб было менш жорсткае пакаранне». Калі б ён мяне схіліў сазнацца ў іншым парушэнні, гэта было б вельмі добра для яго кар’еры.

Адносіны з гэтым аператыўнікам у нас былі крывадушныя. Ён намагаўся размаўляць са мной як з сябрам, але, вядома, дрэнна да мяне ставіўся, бо часта рабіў так, каб мае ўмовы пагаршаліся. Я размаўляў з ім як дурань: нічога не разумею, я ўжо адпрацаваны матэрыял.

— А як увогуле трымаліся іншыя мужчыны-палітвязні?

— Усе па-рознаму. Хтосьці ўжо ў адчаі і ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане. А хтосьці добра трымаецца і нават мае моц неяк змагацца з адміністрацыяй, сядзець у ШЫЗА.

У маім асяроддзі былі і тыя, хто дагэтуль не страціў нейкі запал, і тыя, хто зусім засмуціліся. І гэта не залежала ад тэрміна: было так, што чалавеку выходзіць праз год, а ён ужо ў дэпрэсіі, а камусьці праз 10 год, а ён трымае запал. Адны казалі, што ўсё згублена, нічога не адбудзецца, мы дасядзім, іншыя — усё добра, чакаем, рыхтуемся.

— З 12 чалавек, асуджаных на вашай справе, 9 — гэта жанчыны. Ці гутарылі з імі пасля вызвалення? Ёсць адрозненні ў рэжымах у жаночай і мужчынскай калоніі?

— З таго, што я чуў, — тое, што ў дзяўчат быў больш жорсткі рэжым. У нас было ўсё больш гнутка, але было і больш парушэнняў, то бок, больш бязмежжа з боку адміністрацыі. Нас маглі пазбавіць спаткання ці пасылкі,  калі захочуць. У жанчын, з якімі я гутарыў, былі спатканні, пасылкі, перадачы.

У мяне, у адрозненні ад іх, быў менш жорсткі рэжым, але не было ніводнага спаткання са сваякамі. 

— Ведаю, што спатканні са сваякамі ў зняволенні — гэта магчымасць даведацца аб навінах на волі. У цябе спатканняў не было, але ці быў ты ў курсе таго, што адбываецца на волі?

— Ёсць каналы, праз якія навіны трапляюць, і ўсе паміж сабой імі дзеляцца. Мы ведалі асноўныя навіны, і калі я выйшаў на волю, я не адкрыў для сябе нешта новае, проста даведаўся больш дэталей.

Калі ты ўжо пэўны час прасядзеў, глядзіш тэлебачанне, вучышся чытаць паміж радкоў. Напрыклад, ў СІЗА ў нас было хобі: глядзелі навіны на ТВ, потым паміж сабой абмяркоўвалі, што насамрэч адбылося, а потым хтосьці ішоў да адваката, даведваўся, і мы параўноўвалі наш аналіз і як было насамрэч. 

Таму, калі глядзелі навіны на БТ, разумелі, што адбываецца. І пра вайну Расеі з Украінай таксама. Даведаліся пра гэта вельмі хутка. Вядома, вязні былі на розных баках: і Расеі, і Украіны. На баку Украіны было ў тым ліку шмат звычайных вязняў, не палітычных, і іх, мне здаецца, было больш, чым тых, хто за Расею.

— Ты любіш музыку, прыроду, падарожжа. Чаго асабліва не хапала ў зняволенні?

— Не хапала прыроды: сваякі пісалі, як ходзяць у лес, на возера, як там у нас на лецішчы. Было вельмі цікава чытаць пра падарожжы. Таксама не хапала нармальнай вопраткі.

Але больш за ўсё не хапала магчымасці самастойна размяркоўваць свой час. Для мяне гэта вельмі важна. У першыя дні пасля вызвалення атрымліваў асалоду нават ад таго, што проста ішоў па Менску ў любым кірунку, у любы час, у любой вопратцы.

Ілля ўспамінае: пасля прысуду быў спадзеў, што ўсе фігуранты справы выйдуць раней прызначанага тэрміна, бо ў краіне адбудуцца перамены. З цягам часу такога спадзеву ўжо не было, але хлопец меркаваў, што зможа застацца ў Беларусі.

— А ў пачатку 2022 года стала відавочна, што пасля вызвалення трэба будзе з’ехаць. Я жадаў сустрэцца з усімі сябрамі, якія засталіся ў Беларусі, і я гэта зрабіў. З’ездзілі з матуляй на лецішча, прагуляўся па нашым лесе, гуляў па Менску.

У першыя дні пасля вызвалення ў мяне была эйфарыя: рабіў штосьці карыснае, адпачываў. Але, канешне, я разумеў, што краіна ўжо становіцца канцлагерам. У 2020 годзе, калі я сеў, быў пад’ём, а выйшаў я напрыканцы 2022 — усе намагаюцца схавацца, шмат хто з’ехаў, шмат што зачынілася.

Я адчуваў, што развітваюся з краінай. Канешне, была злосць, але я на ёй не факусаваўся: думаў, што зараз такія абставіны, што я мушу з’ехаць, гэта знешні фактар.

З Беларусі Ілля з’ехаў у Ізраіль. Там хлопец знаходзіўся па праграме для моладзі з габрэйскімі каранямі, пасля застаўся жыць і працаваць. У гэтым навучальным годзе Ілля паступіў ва ўніверсітэт ў краіну ЕЗ і выехаў з Ізраілю. Але ж там хлопец застаў уварванне ХАМАС і баявыя дзеянні:

— У мяне не было ніякага страху, панікі, але была злосць. Шукаў, як магу дапамагчы: данатыў, хацеў здаць донарскую кроў, але пакуль дайшоў, ужо сабралі больш, чым трэба. Салідарнасць сярод габрэяў вялікая.

Зараз я вельмі злуюся, бо не разумею, як людзі не ўсведамляюць відавочнага. Калі я бачу, як у Дагестане ў аэрапорце шукаюць габрэяў…У свеце проста пачынаецца Халакост. Я больш пачаў адчуваць сувязь з Ізраілем, з яго народам, бо раздзяліў з імі гэтую сітуацыю.

— Ці хутка ты вярнуўся да таго, каб зноў чытаць беларускія навіны і цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне?

— У калоніі, турмах, ёсць «пункцік»: зрабіць так, каб палітычныя расчараваліся ва ўсім і думалі, што ўсё скончылася, нічога не магчыма, іх ніхто не падтрымлівае, — зламаць чалавека.

З некаторымі гэта атрымліваецца, з некаторымі — не. Калі я быў у зняволенні, ужо разумеў, як павінен паводзіць, каб захаваць сябе. Я абраў шлях жыць вольна, наколькі гэта там магчыма. Ведаў, што магу зноў трапіць у ШЫЗА ці пазбавіцца чагосьці, але я застаюся свабодным і захоўваю свой стрыжань. І гэта спрацавала так, што калі я вызваліўся, вельмі хутка павярнуўся у нармалёвае жыццё.

Але я і дагэтуль вельмі дзіўлюся з таго, што кагосьці затрымліваюць за каментары, вокладку, падпіску. Не магу успрымаць гэта як рэчаіснасць, гэта нейкі сюр.

— Зараз востра стаіць пытанне вызвалення палітычных зняволеных, прапаноўваюцца розныя варыянты, гучыць і тое, што вызваленне можа адбыцца ва ўмовах зняцця санкцый з краіны. Як былы палітвязень, што можаш сказаць наконт гэтага?

— Палітвязні маюць розныя думкі. Калі б мне прапанавалі вызваліцца праз тое, што з краіны здымуць санкцыі, я быў бы супраць. Частка людзей, канешне, хацела б выйсці на волю любым коштам. А для часткі гэта прынцыповае пытанне. У мяне адразу думка: а навошта я тады штосьці рабіў, каб усё было зведзена на не? Гэта губляе сэнс.

Я лічу, што гэта вельмі складанае пытанне, і шмат палітычных зняволеных будзе супраць такога кроку. Некаторыя пагодзяцца на ўсё, каб вызваліцца, і гэта зразумела: жаданне свабоды — легітымнае жаданне. А для часткі людзей гэта прынцыповае пытанне.

Не ведаю, каго больш, мяркую, гэта эквівалентныя часткі. Я разумею абодва бакі, і праз тое, што ёсць такая супрацьлегласць, немагчыма зараз вызначыцца.

У абарону боку, які супраць, магу сказаць, што ты не можаш ні на што спадзявацца ад рэжыму: санкцыі здымуцца, а цябе не вызваляць. З імі немажліва супрацоўнічаць, гэта не ўрад, а хунта, ніякіх гарантый няма. І пакуль няма кансэнсусу ў гэтым пытанні, нічога не магчыма зрабіць.

— Якія ў цябе зараз планы на будучыню?

— Паступіў ва ўніверсітэт. Хачу рэалізаваць сябе, жыць жыццё, аднаўляць тое, што недаатрымаў за два гады зняволення. Выйсці на ўзровень, нібыта у мяне не забіралі гэты час.

— Ты хацеў стаць архітэктарам перад тым, як паступіць на мехмат БДУ. Зараз вяртаешся да мэты працягнуць сямейную дынастыю архітэктараў?

— Пасля сканчэння школы я намагаўся паступіць на архітэктуру ў Санкт-Пецярбургу. Але не хапіла балаў на бюджэт. Таму вырашыў паступіць на мехмат у БДУ, вырашыць пытанне з арміяй, адлічыцца і зноў намагацца пайсці ў архітэктуру.

Мне цікавая архітэктура з 14 год. Мой прадзед Трахтэнберг Навум Яфімавіч быў вельмі вядомым архітэктарам у Савецкай Беларусі. Ён будаваў Менск пасля вайны. Зараз у Менску ёсць шыльда з яго прозвішчам сярод тых, хто працаваў над аднаўленнем горада. Таксама архітэктарам быў мой дзед.

— А ці плануеш вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе магчыма?

—Так. Тое, што я зараз раблю — інвестыцыя ў сябе з перспектывай на тое, што калісьці гэта будзе магчыма задзейнічаць у новай Беларусі, каб працаваць на аднаўленне краіны. У будучыні я бачу сябе чалавекам, які будзе аднаўляць краіну.

Асабліва я магу рабіць нашы гарады больш зручнымі для жыцця як архітэктар, але я не адмаўляюся таксама і ад грамадскай працы. Майму жыццю надае сэнс думка, што калісьці я вярнуся ў Беларусь і буду карысны там.