Пушкін: «Я не ведаю багатых беларускіх мастакоў. Толькі адзін жыве ў Драздах»
Мастак Алесь Пушкін — пра тое, як змянілся жыццё творцаў за 25 год, якія кіруе краінай Аляксандр Лукашэнка.
20 год таму малады мастак прывёз да Адміністрацыі прэзідэнта тачку з гноем, канстытуцыю 1994 года, дэнамінаваную тысячу рублёў, плакат «Аляксандр Лукашэнка з народам» і таблічку «За пяцігадовую працу». Тачку з гноем Пушкін перакуліў побач з уваходам ва ўстанову і ўпрыгожыў віламі. За перфоманс мастак атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна.
— Пасля вядомага перфомансу 1999 года ў Беларусі мяне перасталі пускаць ва ўсе выставачныя залы, і я трапіў у чорны спіс. Мяркую, з мяне і пачалося стварэнне чорнага спісу мастакоў, — распавядае Алесь Пушкін. — Увогуле перфоманс стаў словам лаянкавым, і з цягам часу фестываль сучаснага перфомансу «Навінкі» спыніў сваё існаванне, бо ўлады пільна за ім сачылі.
За межамі краіны мяне наадварот пачалі запрашаць: Масква, Прага, Вільня, Варшава, Украіна...
Пушкін успамінае, як пачынаўся яго творчы шлях.
— Я стаў самым маладым сябрам Саюза мастакоў СССР у 1991 годзе. Мне было 25 год. Прыехаў у Віцебск па размеркаванні. Месца я сам выбраў. Першыя выставы... Гэта быў цудоўны старт.
У 1994 годзе я адкрыў у Віцебску галерэю сучаснага мастацтва — адну з першых у краіне. Грашыма дапамагла беларуская дыяспара ЗША. Другі транш я заробіў на рэстаўрацыі ў Магілёве.
Без праблем зарэгістраваў творчую майстэрню ў Віцебскім аблвыканкаме, арэндаваў памяшканне.
Сітуацыя змянілася ў1997 годзе, калі майстэрню аддалі расійскай праваслаўнай царкве, і мяне выставілі за дзверы. Галерэю закрылі гвалтоўна: мяне абвінавацілі ў тым, што я выкарыстоўваю памяшканне не толькі ў мастацкіх, але і ў палітычных мэтах, і са мной скасавалі дамову аб арэндзе. Тады я вырашыў пераехаць на радзіму — у вёску Бобр.
Алесь Пушкін разважае, што далі беларускаму мастацтву 25 год стагнацыі і задушлівай цэнзуры.
— Ёсць два бакі ў гэтай з'явы. Некаторыя зразумелі, што мастацтвам не заробіш і не праславішся, а будзеш рабіць толькі сваё імя. Гэтыя творцы прыйшлі да высновы, што з дзяржаўнымі інстытуцыямі нельга мець справы і сышлі ў прыватныя праекты.
Лёс беларускага мастака — гэта вечны канфармізм, калі ты хочаш быць прызнаны дзяржавай. Лёс беларускага нонканфарміста — не заўважаць дзяржаву, працаваць у стол, выстаўляцца па замежных галерэях.
На маю думку, афіша беларускага мастацтва за мяжой цікавейшая, чым сучаснае мастацтва ў краіне. Асноўны праект, які сістэматызаваў сучаснае мастацтва Беларусі, гэта праект «Збор» (яго арганізатар — Андрэй Дурэйка). Калекцыю сабралі мастакі, якія з'ехалі на вучобу за мяжу і засталіся там.
Міністэрства культуры за 25 год здзейсніла два карысныя праекты: помнікі і замкі. Праграма аднаўлення замкаў пачалася яшчэ пры Латушку. У Беларусі з'явіліся помнікі Усяславу Чарадзею, Міндоўгу, Сапегу, Альгерду, Еўфрасінні Полацкай. Але дагэтуль не паставілі помнік героям Слуцкага збройнага чыну, не ўсталявалі шыльду да 100-годдзя БНР. Відавочна, падзеі 20-га стагоддзя — гэта табу для ўладаў.
Фота з архіву Алеся Пушкіна
— Ці наважыўся б ты паўтарыць свой перфоманс «Гной для прэзідэнта»?
— Канечне. Але сумняюся, што ўдалася б яго рэалізаваць. Па-першае, зараз я баяўся б некаторым сказаць пра акцыю, бо не ўпэўнены, што людзі не данеслі б у органы.
Па-другое, тэхнічна немагчыма здзейсніць акцыю, таму што камераў больш стала, аўтамабілям забаронена пад'язджаць да адміністрацыі прэзідэнта, і там кругласуткавая ахова. Машыну ля тэатра спынілі б, мяне выцягнулі, надзелі кайданкі... Не паспеў бы зрабіць і пары крокаў з тачкай гною. Сёння трэба рабіць іншае, больш смелае і вясёлае.
— Напрыклад, прымаць віягру і вешаць на чэлес таблічку «Міністэрства культуры»?
— Нешта такое ў стылі Femen ці Кузьміча на самітах. Напрыклад, падчас перамоў Пуціна і Лукашэнкі. Гэта была б цудоўная акцыя, якую заўважылі б. Памятаеш, у Буша кінуў чаравік журналіст з Іраку?
Хочацца, каб Кузьміч не спыніўся і працягнуў рабіць акцыі — на кватэрніках, на вуліцы, а не абмежаваўся дзяржаўнай галерэяй.
— Хто сёння галоўны цэнзар у сферы выяўленчага мастацтва?
— Успамінаецца гісторыя, як у Віцебску у цэнтры сучаснага мастацтва на выставе, прысвечанай 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, адна мастачка зрабіла галаву Леніна — з халадца. І дырэктар установы — мой равеснік Андрэй Духоўнікаў — прыбраў гэты халадзец, каб не абаражаць ветэранаў, бо бабулькі абураліся: «Як гэта — Ленін з нажом у галаве!»
— То бок цэнзура не ў галаве Лукашэнкі ці чыноўнікаў мінкульта, а яна ў галовах...
— ...дробных чыноўнікаў ад культуры. Дзіўная рэч. Чорныя спісы музыкаў знікаюць. Вольскі праводзіць гастрольны тур па Беларусі. Ні Вайцюшкевіча, ні Варашкевіча не забараняюць. А сярод мастакоў чорныя спісы дагэтуль існуюць. Ёсць такі Хобатаў — намеснік старшыні Саюза мастакоў, які робіць цэнзуру выставаў.
Разам з мастакамі Генадзем Драздовым, Алесем Сушам, Андрусём Такіндангам і Алесем Цыркуновым мы прывезлі ў Мінск працы з пленэра ў Данбасе, напісаныя на месцах баявых дзеянняў праз год пасля пачатку вайны. Хобатаў і дырэктар выставачнай залі знялі іх. Рада Саюза мастакоў вынесла прысуд: нізкі мастацкі ўзровень прац.
Гэтая выстава аб'ехала 26 гарадоў украіны. У Беларусі не знайшлося ніводнай залы, дзе дазволілі б паказаць гэтыя працы. Толькі ў амбасадзе Украіны — на адзін дзень.
...Дзіўная рэч: нават у часы жорсткай цэнзуры расце колькасць маладых людзей, зацікаўленых мастацтвам. Яны любяць хадзіць на выставы, шмат хто спрабуе пісаць. А колькі арт-калекцыяй з'явілася цягам апошніх год! Гэта мяне радуе. Шкада, не хапае тых, хто купляў бы творы мастацтва, падтрымліваў мастакоў.
Багацеі — учарашнія камсамольцы — ахвяруюць хутчэй на курорты, чым на збор сваіх калекцый. Дагэтуль у Беларусі няма арт-рынку. Ніводная галерэя не праводзіць аукцыёны сучаснага мастацтва. І гэта ў 2019 годзе. У Польшчы такія аукцыёны ладзілі яшчэ ў далёкім 1968 годзе.
Адзіная спроба заснаваць арт-рынак у Беларусі — гэта «Восеньскі салон». «Белгазпрамбанк» дае магчымасць мастакам выстаўляцца, выстаўляць любыя кошты на свае творы і прызначае прэміі. За гэта ім вялікі паклон і падзяка.
Засмучае, што сёння моладзь арыентуецца пераважна на камерцыйны бок мастацтва. Аб'яві тэмай выставы Кастуся Каліноўскага на «Восеньскім салоне» — і вы пабачыце, як мала мастакоў вырашыць паўдзельнічаць. Яны проста скажуць: «Нам гэта не цікава».
— Калі мы сустракаліся з табой у 2011 годзе, ты казаў, што мастак — гэта тая прафесія, якая патрэбная, калі людзі сытыя, адзетыя, абутыя. Тады яны думаюць: куплю карціну, замоўлю абраз. Ці з'явіліся з таго часу ў нашай краіне багатыя мастакі?
— Я не ведаю ніводнага багатага беларускага мастака — ні ў нас, ні за мяжой. Багаты — гэта калі ў цябе ёсць замак у Францыі і майстэрня у Мюнстэры. Адзіны мастак, які жыве ў Драздах-2, гэта Уладзімір Зінкевіч.
...Беларускае мастацтва перажывае перыяд «у снягах драмае вясна»: нейкія ідуць працэсы пад снегам цэнзуры, стагнацыі і нязменнасці таталітарызму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное