Общество

Ірына Марозава

Пакуль гучаць іх вершы

Як прайшла Ноч паэтаў у Вільні.

У гэтыя дні беларусы ўсяго свету ўзгадваюць трагічную дату нашай гісторыі і ўшаноўваюць памяць 132 прадстаўнікоў нацыянальнай эліты — дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, журналістаў, а таксама 22 літаратараў, якія былі расстраляныя НКУСнікамі ў Мінску ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Сёлета памятныя акцыі ладзяцца як мінімум у 16 краінах свету, на супольнай мапе — каля 50 розных кропак, але ніводная з іх не ў Беларусі.

Пры тым, на жаль, у сённяшняй Беларусі, паводле звестак Беларускай Рады культуры, 134 творцы проста зараз знаходзяцца ў няволі — у турмах, калоніях, СІЗА і на «хіміі» — па палітычных матывах (у тым ліку і адзін з заснавальнікаў памятнай вахты ў Курапатах).

Вось як «Ноч (не)расстраляных паэтаў» у кастрычніку-2023 адбывалася ў Вільні — з удзелам замежных амбасадараў, грамадскіх актывістаў, сучасных творцаў і дзеячаў культуры. Усе ўдзельнікі акцыі чыталі вершы рэпрэсаваных — тады і сёння — творцаў…

Дарэчы, сёлета эстафету памяці падхапілі і дзеці — хор «Валошкі» прадставіў кранальнае выкананне песні Naviband «Свяці».

Фото: Радыё Свабода
Фото: Радыё Свабода

У гэты ж дзень у цэнтры горада, на плошчы Вінцаса Кудзіркі, актывісты беларускай дыяспары, былыя палітвязні і іх сваякі, палітыкі чыталі вершы загінулых паэтаў на памятным мітынгу. А ўвечары на Ратушнай плошчы беларусы запалілі 132 лампады ў памяць загінулых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі — закатаваных, але не забытых.