«Пакараць расейцаў Грузіі складана, там вялікі гандаль. А беларусаў не шмат, на іх можна сарваць злосць»
Якімі могуць быць наступствы «паўзучага» прызнання Мінскам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся з кіраўніком расійскай Думы Вячаславам Валодзіным і спікерамі парламентаў Абхазіі Лашай Ашуба і Паўднёвай Асецыі Аланам Албаравым.
У часе сустрэчы абмяркоўваліся «пытанні развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва і сацыяльна-эканамічнага ўзаемадзеяння».
Прычыны і магчымыя наступствы гэтай падзеі Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.
— Мы памятаем пра візіт Лукашэнкі ў Абхазію ў верасні 2022-га, пра прыезд абхазскага лідара Бжаніі ў Мінск у пачатку гэтага года. І вось зараз Андрэйчанка сустракаецца са спікерамі парламентаў непрызнаных дзяржаваў. Ці можна гэта расцаніць, як паўзучы працэс прызнання гэтых грузінскіх тэрыторый?
— Так, канечне. І гэты працэс паўзе даволі павольна. Дарэчы, напрыканцы кастрычніка ў Мінск прыязджала дэлегацыя з Абхазіі на чале з міністрам замежных спраў. Гэта была даволі прадстаўнічая дэлегацыя, у якой былі прадстаўнікі МУС, міністэрстваў юстыцыі і адуацыі.
Але іх сустракалі не на самым высокім узроўні, былі людзі з Саўміна. І вось цяпер такая сустрэча, на парламенцкім узроўні. Не ведаю, як у Абхазіі, а ў Беларусі зразумела, якую ролю адыгрывае парламент — вельмі сціплую. І тым не менш, гэта афіцыйны інстытут дзяржавы.
Так, гэта такі вельмі няспешны і больш сімвалічны ўзровень. Бо зразумела, што рашэнні прымаюцца не на ўзроўні парламента. Тым не менш, гэта пэўны ўзровень дэманстрацыі.
І калі браць больш шырокі дыяпазон, то ў гэтым жа рэчышчы варта разглядаць і візіт Пушыліна ў Беларусь. Спачатку ў мінулым годзе ён прыехаў у Брэст, дзе сустракаўся з мясцовымі начальнікамі.
А ўжо сёлета прыехаў асабіста ў Мінск, сустракаўся з Лукашэнкам. Украінцы пасля таго адклікалі амбасадара, якога ўжо больш не вярнулі. Так, гэта працэс такога паўзучага прызнання. Але пры гэтым ўлады імкнуцца паўзці як можна павольней.
— А вось гэтая няспешнасць — гэта апасенне зваротнай рэакцыі, ці знак таго, што ўлады не спяшаюцца тым самым ляцець у абдымкі Крамля?
— І тое, і тое. Тут і ад Захада могуць прыляцець новыя санкцыі. Не надта ж гэтага хочацца. Акрамя таго, я думаю, вось так цалкам трапляць у залежнасць ад Крамля, у тым ліку і адносна ўнутранай палітыкі, у прынцыпе не хацелася б.
І тое, што мы абмяркоўвалі на мінулым тыдні, усе гэтыя ліхаманкавыя паездкі ў Афрыку — яны для чаго, якая мэта, якая ідэя? Каб хоць неяк паказаць і Маскве, і самім сабе, што ў нас акрамя Расіі яшчэ штосьці ёсць.
А вось ужо канчатковае прызнанне Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, прызнанне ўступленне той жа «ДНР» у склад Расіі — гэта крокі незваротныя. Крокі, якія пазбаўляюць суверэнітэту не толькі ў вайсковай, але і ў дзяржаўнай сферы.
— Зразумела, чаму Кіеў так доўга адцягваў з адкліканнем пасла. Але ў выпадку з Грузіяй гаворка не ідзе пра суседства, пра нейкі фантастычны таваразварот. То якой можа быць рэакцыя Тбілісі?
— У самой Грузіі цяпер ідуць даволі складаныя палітычныя працэсы. У тым ліку і адносна Расіі. І ў такой сітуацыі будзе досыць складана пайсці на жорсткія меры.
Акрамя таго, падобныя крокі і Кіеў, і Тбілісі ацэньваюць не столькі ў параўнанні з тым, што было, а ў параўнанні з тым, што маго б быць.
Бо і там, і там бачаць траекторыю, бачаць, куды працэс ідзе. Але яны бачаць, што працэс яшчэ не дайшоў да апошняй кропкі. А нейкага ўплыву на Мінск няма. Бо сур’ёзнага гандлю паміж краінамі і праўда няма.
І таму нейкая жорсткая рэакцыя, той жа разрыў дыпламатычных адносінаў, прывёў бы толькі да таго, што Мінск прызнаў бы Абхазію і Асецію, і прыслаў бы туды паслоў.
Страшнай бяды ад гэтага Грузіі б не было. Але і вялікай радасці таксама. Гэта быў бы кепскі прэцэдэнт: краіна ў цэнтры Еўропы, сузаснавальніца ААН прызнае Абхазію. І навошта гэта Грузіі? А заўтра хтосьці ў Лацінскай Амерыцы, у Азіі?
І пакуль беларусы гуляюць у гульню «Да и Нет не говорить», Тбілісі можа выступіць з асуджальнай заявай. Але пайсці на нейкія незваротныя крокі, адклікаць пасла? Я ў гэтым сумняюся.
— А як гэтая сітуацыя можа адбіцца на беларусах, што жывуць цяпер у Грузіі?
— Вось гэта можа быць. Бо ведаеце як — пакараць расейцаў складана, там вялікі гандаль. А беларусаў тых не шмат, можна на іх у пэўным сэнсе сарваць злосць.
Колькі мы ўжо бачылі сітуацый, калі беларусы спрабавалі тлумачыць, што ў 2020-м мы паўсталі супраць Лукашэнкі, што ён нас не прадстаўляе. А ў адказ: а хто вас прадстаўляе? Вы ж беларусы, а вас там кіраўнік — Лукашэнка. Фактычны кіраўнік. А значыць і вы вінаватыя.
Гэта неабавязкова свядомая палітыка органаў улады. Гэта можа быць народная рэакцыя. «Ваша племя зрабіла подласць нашаму племені. Вы з гэтага племені, а якія ў вас стасункі з важым правадыром, прабачце, мы ў гэта ўнікаць не хочам і не будзем». На жаль, свет так збудаваны ад першабытна-абшчыннага ладу.
Я не думаю, што з боку грузінаў гэта будзе нейкая выразная, свядомая і паслядоўная палітыка. Але жыццё складаецца з розных момантаў. Людзі арандуюць кватэры. «Я беларусам не здаю. Чаму? А проста не хачу». Нейкую даведку атрымаць у мясцовым органе ўлады? «Беларус? Прыйдзіце праз два тыдні, у нас вялікая чарга».
Паводзіны людзей могуць фармавацца не столькі загадамі зверху, а пад уплывам грамадскай думкі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное