«Нейкі зламысьнік стрэліць у Лукашэнку, як стралялі ў Трампа, а Гайдукевіч ці Чамаданава закрыюць сваімі целамі галоўнага прэтэндэнта?»
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст піша на Радыё Свабода пра тое, навошта ўлады дазваляюць і, мяркуючы па ўсім, нават спрыяюць вылучэньню на прэзыдэнцкія «выбары» кандыдатаў, якія нібыта павінны канкураваць з галоўным прэтэндэнтам – Аляксандрам Лукашэнкам?
Па вялікім рахунку, у межах цяперашняй дзяржаўнай ідэалёгіі вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў – гэта нейкі нонсэнс. Прыгадваецца байка пра тое, як у сівой даўніне халіф Амар тлумачыў, чаму ён спаліў знакамітую Александрыйскую бібліятэку: «Калі ў гэтых кнігах напісана тое ж, што ў Каране – яны бескарысныя, калі ж іншае – то шкодныя».
Гэтак жа і тут. Калі іншыя кандыдаты будуць казаць тое ж, што Лукашэнка – дык навошта яны? Калі ня тое, то хіба гэта не экстрэмізм?
Сам Лукашэнка днямі тлумачыў вылучэньне канкурэнтаў своеасабліва: «Яны проста хочуць мяне тут акружыць флянгамі і засьцерагчы ад небясьпекі».
Як яны могуць яго засьцерагчы ад небясьпекі і ад якой менавіта? Нейкі зламысьнік стрэліць у Лукашэнку, як стралялі ў Трампа, а Гайдукевіч ці Чамаданава закрыюць сваімі целамі галоўнага прэтэндэнта? Дык на тое ў Лукашэнкі ёсьць сотні прафэсійных целаахоўнікаў. Ці ад палітычнай небясьпекі ўратуюць? Ці сваёй красамоўнасьцю спыняць натоўп пратэстоўцаў? Незразумела.
Тым ня менш, відавочна, што вылучэньні (прынамсі, некаторыя) узгодненыя і ўхваленыя на самым версе. Назіральнікі ўжо адзначалі, што аналітыкі Аляксей Дзермант і Пётра Пятроўскі некалькі дзён таму ўдзельнічалі ў акцыі за вылучэньне Лукашэнкі «Надо», а 31 кастрычніка разам зь лідэрам КПБ Сяргеям Сыранковым прынесьлі ў ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы. Дык за каго яны?
Больш-менш рацыянальнае тлумачэньне імітаваньня канкурэнцыі на «выбарах» – што гэта робіцца, каб дамагчыся прызнаньня іх вынікаў з боку Захаду. Напэўна, такі матыў прысутнічае, але ён, хутчэй за ўсё, не адзіны і нават не галоўны.
Прывяду антрапалягічную аналёгію. Вы раніцай прыходзіце на працу і кідаеце калегам: «Добрай раніцы!». А вы гэта чаму, дзеля чаго, зь якой рацыянальнай мэтай робіце? Вы верыце, што ад вашага пажаданьня раніца для вашых калегаў будзе добрай? Адказ відавочны – так прынята, гэта норма.
А што будзе, калі вы адмовіцеся выконваць гэту норму і ўпарта ня будзеце вітацца? Вас праклянуць, спыняць з вамі асабістыя і службовыя адносіны, вы трапіце ў поўную сацыяльную ізаляцыю ў сваім калектыве? Не, наўрад ці, хутчэй не, чым так. Але нехта пацісьне плячыма, іншы ўзьніме брыво… І пры гэтым усе палічаць, што вы альбо кепска выхаваны, альбо ў нечым пакрыўджаны на калегаў, альбо проста дзівак.
За парушэньне сацыяльнай нормы вы атрымаеце сацыяльную санкцыю. Для вас не катастрафічную, але заўважальную.
Над нормай не рэфлексуюць, яе проста выконваюць, не задумваючыся нават пра яе мэтазгоднасьць і генэзіс і пра практычную рызыку невыкананьня. У пацьвержданьне гэтай тэзы можна прывесьці шмат прыкладаў іншых краін.
Сёлета ў Расеі ў разгар вайны адбыліся прэзыдэнцкія «выбары». На іх, акрамя Пуціна, былі яшчэ 3 кандыдаты – па адным ад кожнай партыі, прадстаўленай у Думе. Тое, што ўсе яны былі спойлерамі Пуціна, відавочна. Прэтэндэнта, які на этапе збору подпісаў дэманстраваў прывід самастойнасьці – Барыса Надзеждзіна – не зарэгістравалі кандыдатам.
Але калі б не вылучалі траіх, калі б у бюлетэні было прозьвішча аднаго Пуціна – дык што, Захад не прызнаў бы такія «выбары»? Ён і гэтыя, што былі, не прызнаў. У пэўным сэнсе. А ў пэўным і прызнаў. Амбасады заходніх краін у Маскве як працавалі, так і працуюць.
Але чаму дапусьцілі траіх канкурэнтаў Пуціна да «выбараў»? Бо норма, як «добрай раніцы» жадаць прынята.
Яшчэ больш яскравы прыклад — Туркмэністан. Краіна — сусьветнае дно рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека. У рэйтынгах правоў чалавека і палітычнай свабоды Туркмэністан дзесяцігодзьдзямі займае адно з апошніх месцаў у сьвеце, тамтэйшае становішча ацэньвалася і ацэньваецца як горшае, чым у Беларусі.
Але вось дадзеныя пра перадапошнія прэзыдэнцкія «выбары» ў Туркмэністане ў 2017 годзе. На іх першае месца заняў дзейны прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Зь лікам «за» 98%. Такое нават Лукашэнку ня сьнілася. Аднак у тых «выбарах» у Турмэністане бралі ўдзел, акрамя пераможцы, яшчэ 8 (!) кандыдатаў. Так, усе – спойлеры, усе прызначаныя дзейнай ўладай. Але іх было ажно восем.
Падобная ж сытуацыя была там і на апошніх «выбарах» у 2022 годзе. На іх Гурбангулы вылучыў свайго сына Сэрдара. І, дарэчы, атрымаў тады Сэрдар паводле афіцыйных дадзеных «сьціплыя» 73%. А наступны за ім кандыдат, паводле афіцыйных дадзеных – ажно 11%. Прыкладна столькі ж беларускі ЦВК напісаў Сьвятлане Ціханоўскай на «выбарах» 2020 году. А ў Туркмэністане ў 2022 годзе канкурэнтаў на «выбарах» у Сэрдара было 9.
І вось дзеля чаго рабілі гэту імітацыю канкурэнтнасьці выбараў у Туркмэністане? Хіба дзеля прызнаньня Захаду? Дэмакратычна абранымі лідэрамі ні аднаго, ні другога Бэрдымухамэдава за «выбары» з такой колькасьцю ўдзельнікаў не прызналі. Зь іншага боку, ніякіх санкцыяў адносна Ашгабаду Захад ня ўводзіў. Заходнія амбасады там як працавалі, так і працуюць. У пэўнай ступені прызнаньне там якім было да выбараў, такім жа засталося і пасьля.
Дык дзеля чаго там ладзілі гэты спэктакль? Бо – норма.
А вось у СССР ніякай канкурэнтнасьці на выбарах не было – нагадае чытач. Так, не было. Там і тады была цэласная ідэалёгія, якая палітычную канкурэнтнасьць і нават яе імітацыю выключала ў прынцыпе.
Многія постсавецкія краіны шмат што перанялі і пакінулі ў спадчыну ад СССР. Але назваць іх рэінкарнацыяй Савецкага Саюзу можна хіба ўмоўна, мэтафарычна. Яны і сапраўды – спадкаемцы СССР, але іх палітычная, эканамічная і сацыяльная будова іншая.
БССР часоў кіраваньня Брэжнева была значна менш рэпрэсіўнай, чым сучасная Беларусь. Але тады гэта была таталітарная аднапартыйная сыстэма, цяпер – хутчэй усё ж жорсткая аўтарытарная і пры наяўнасьці некалькіх партыяў. І тады на выбарах быў адзін кандыдат «ад блёку камуністаў і беспартыйных». Цяпер жа – уяўная, але фармальная канкурэнтнасьць.
Абгрунтаваць апошнюю аказваецца складаным. Адсюль і інтэлектуальныя пакуты Лукашэнкі ў спробах абгрунтаваць, навошта ж на «выбарах» патрэбныя Гайдукевіч, Хіжняк, Чамаданава. Тлумачыць атрымліваецца кепска, але патрэба адчуваецца выразна. Што не савецкія ўсё ж часы, што так, як тады, ужо няправільна, ненармальна.
Цікавае назіраньне. У парлямэнцкіх «выбарах» пры Лукашэнку ў мінулыя гады ўдзельнічала апазыцыя. І тады сустракаліся акругі, дзе быў толькі адзін кандыдат. І зразумела, што ад улады. Але ўяўная канкурэнтнасьць «выбараў» забясьпечвалася самім фактам удзелу ў іх апазыцыі, улада не лічыла, што яе трэба забясьпечваць ці імітаваць у кожнай акрузе.
Зь іншага боку, яшчэ летась усе апазыцыйныя партыі былі ліквідаваныя. Былы кіраўнік «Зялёных» Зьміцер Кучук паспрабаваў вылучыцца на сёлетнія парлямэнцкія «выбары». Яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, яго самога неўзабаве пасадзілі. Іншыя, нават памяркоўныя незалежныя грамадзкія дзеячы і вылучацца не спрабавалі.
Але сёлета ў кожнай акрузе на парлямэнцккіх «выбарах» было, як пад лінейку – два і болей кандыдатаў. Так, усе – ад улады, усе кантраляваныя. Але каб толькі адзін – нідзе, ні ў воднай акрузе.
З гэтага аналізу вынікае, што вылучэньне некалькіх канкурэнтаў Лукашэнку – зусім ня сьведчаньне таго, што перад «выбарамі» налета ці пасьля іх можна чакаць нейкай, хай і вельмі куртатай адлігі. Яна можа і адбыцца, але не ў сувязі з ўдзелам у «выбарах» ня толькі аднаго Лукашэнкі.
Адзінае, што можна сказаць пэўна – дык тое, што капіяваць СССР ва ўсім, да кроплі, Лукашэнка не зьбіраецца.
Праўда, невядома, колькі ініцыятыўных групаў будуць зарэгістраваныя і колькі прэтэндэнтаў стануць кандыдатамі. Але малаімаверна, што ў выніку прозьвішча Лукашэнкі застанецца ў бюлетэні самотным. Ужо сама падача дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў ад прадстаўнікоў структураў рэжыму – партыяў і праўладных грамадзкіх арганізацыяў – сьведчаньне таго, што ўяўная канкурэнтнасьць «выбараў» наступнага году будзе, хутчэй за ўсё, забясьпечаная.
Читайте еще
Избранное