Навумчык: «Не чакайце беларусізацыі пры жыцьці Лукашэнкі»

Публіцыст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета ўзгадвае, якія пачуцці ў 90-я выклікала беларуская мова ў Лукашэнкі.

— Існуе фактар, у асэнсаваньні якога меркаваньні практычна ўсіх нашых аналітыкаў сыходзяцца. А менавіта: Лукашэнка зацікаўлены максымальна дыстанцыявацца ад Пуціна, ад Расеі, — піша Сяргей Навумчык. — Наконт таго, што ад Пуціна — можна пагадзіцца, наконт Расеі — паспрачаўся б.

Сяргей Навумчык

Але цяпер пра іншае. Некаторыя камэнтатары выказваюцца ў тым сэнсе, што зь цягам часу Лукашэнка пойдзе на лібэралізацыю, нават на «мяккую беларусізацыю» — і гэта будзе элемэнтам транзыту ўлады да пераменіка.

Не зьбіраюся аспрэчваць аналітычныя здольнасьці камэнтатараў і шчыра прызнаю іх над сабой перавагу ва ў чым заўгодна — акрамя аднаго. Адрозна ад абсалютнай іх большасьці, я ведаю Лукашэнку асабіста ўжо амаль 35 гадоў, прычым у першыя чатыры правёў зь ім нават ня сотні, а тысячы гадзінаў у Авальнай залі, сумаўляўся і ў кулуарах Вярхоўнага Савета.

Пры узаемнай антыпатыі зь першых дзён знамства, мы былі на «ты». Словам, меў магчымасьць (прызнаюся, без асаблівага жаданьня) добра вывучыць гэтага чалавека.

Пераканаўся: ягонае стаўленьне да ўсяго таго, што мы называем «беларускасьць» — гэта абсалютнае, татальнае непрыняцьце.

І прычына зусім ня ў тым, што нацыянальныя каштоўнасьці выспавядае значная частка ягоных палітычных апанэнтаў. Яна значна глыбей.

Мне самому не падабаецца параўнаньне, якое я цяпер прывяду, але лепшага не знайшоў. Адзінае — раю не чытаць наступныя радкі перад прыёмам ежы; вельмі грэблівым раю ўвогуле не чытаць.

Для тых, хто чытае: ці здолелі б вы зьесьці пацука (па-расейску «крысу»; пры Лукашэнку вырасла пакаленьне, якое ня ведае значэньня беларускіх словаў, часам даводзіцца перакладаць).

Перакананы, што — не. Ня зьелі б. І ўяўляю вашую грымасу, калі б вам падалі на талерцы пацука.

Ня буду казаць, што ня зьелі б ні пры якіх умовах — усё ж, калі б ад гэтага залежала жыцьцё, магчыма, і здолелі б. Але па ўласным жаданьні — ніколі. Бо зь дзяцінства ў нас закладзеная да пацукоў агіда. А вось у Лаосе ці Камбоджы пацук — улюбёная ежа. Ну, як для нас дранікі.

Выбачаюся, калі сапсаваў апетыт, паўтараю, што мне не падабаецца гэтае параўнаньне, але вось менавіта такое стаўленьне ў Лукашэнкі да беларускай мовы.

Ужо ў першыя дні знаёмства ў 90-м заўважыў, як мяняўся ягоны твар, калі зь ім пачыналі размаўляць па-беларуску. Усё роўна як бы ён убачыў нештіа агіднае.

Мяняўся на пару сэкундаў, далей эмацыйнае саступала рацыянальнаму (ён мог валодаць сабой, хаця і не заўсёды) — але вось менавіта тая першая, некантралюемая эмоцыя выдавала сапраўднае стаўленьне. Яно прарываецца і цяпер, калі Лукашэнка зьдзекліва ўжывае беларускія словы («сьвядомыя» і г.д.), каб абразіць палітычных праціўнікаў. 

Ня буду зараз аналізаваць прычыны такога стаўленьня (тут не абыйдзешся без псіхіятра). Але чакаць беларусізацыі пры Лукашэнку — наіўна.

Так званая «мяккая беларусізацыя» 2015-19-х  была зусім не ініцыятывай Лукашэнкі. Роўна як пэрыяд Адраджэньня пачатку 90-х ня быў вынікам высілкаў першага сакратара ЦК, а потым Кебіча. Проста грамадзтва, найперш БНФ і ТБМ, скарысталіся спачатку зусім невялікай магчымасьцю, пашырылі яе.

Датычна нядаўняга часу, пагаджуся з тымі, хто зьвязвае працэс з асобай міністра змежных спраў Уладзімера Макея. Калі мне прыслалі мой фотаздымак разам з Івонкай Сурвіллай і Васілём Быкавым з выставы у будынку МЗС, падумаў, што мяне дураць. Але потым было шмат яшчэ больш па-добраму нечаканага.

Цалкам дапускаю (і найхутчэй так), што Макей меў уласныя мэты і палітычныя амбіцыі. Ну што ж — грамадзтва, нацыянальныя сілы скарысталі іх на карысьць беларускай справы. Але ўсё гэта спынілася ў лічаныя дні ў 2020-м, і спынілася імгненна, як толькі ўзьнікла пагроза самаму дарагому, што ёсьць у Лукашэнкі — ягонай асабістай уладзе. 

Цяпер у атачэньні Лукашэнкі няма людзей з хаця б мінімальнымі сімпатыямі да беларушчыны, хай бы нават і выкліканымі выключна кар'ернымі інтарэсамі.

І заўсёдняя нянавіцсьць Лукашэнкі да ўсяго беларускага цалкам супадае са стратэгічнай мэтай Масквы — зрабіць Беларусь тэрыторыяй «русского мира». Не чакайце беларусізацыі пры жыцьці Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)