Навумчык: «І калі Лукашэнка рыпнецца — ракета, выпушчаная падразьдзяленьнем так званай беларускай арміі, раптоўна ўпадзе на ягоную рэзыдэнцыю»

Публіцыст — пра тое, каму сёння падпарадкоўваецца Узброеныя сілы Беларусі.

— Распровед Зяленскага пра словы Лукашэнкі, што «Это всё Путин» (фактычнае прызнаньне, што ён не кантралюе сытуацыю ў т.зв. «беларускай арміі», а ўвогуле – і ў краіне) ставіць кропку ў маёй шматгадовай (задоўга да 2020-га) дыскусіі з некаторымі палітычнымі аналітыкамі, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Заўсёды казаў, што на 90% афіцэрскі корпус т.зв. беларускай арміі прарасейскі, што салдаты выканаюць загад афіцэраў страляць у народ (што і адбылося ў 2020 у т.зв. «сілах спэцыяльных апэрацый»; увогуле, у 2020 армія здрадзіла свайму народу, падтрымаўшы ўзурпатара), і што Лукашэнка кантралюе сілавыя структуры толькі ў сфэры арганізацыі рэпрэсій супраць беларускага народа – і больш ніяк.

Тыя адзінкі афіцэраў-беларускіх патрыётаў, якія яшчэ заставаліся ў т.зв. беларускай арміі, былі вычашчаныя пасьля 2020 году; сёньня Мінабароны РБ цалкам кантралюецца расейскім ФСБ і падпарадкоўваецца Пуціну.

Дарэчы, менавіта Лукашэнка вясной 1993 года запатрабаваў унесьці ў парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савету пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі (АДКБ), супраць чаго змагалася Апазыцыя БНФ, вызначыўшы гэта як адыход ад нейтралітэту і ўцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Крамля.

Натуральна такая ідэя нарадзілася не ў галаве дырэктара саўгасу «Гарадзец» – ён трансьляваў указаньні тых, хто бачыў у ім патэнцыйны рухавік рэалізацыі расейскіх інтарэсаў і зьнішчэньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Сёньня ён цалкам залежыць ад Масквы. І калі рыпнецца – якая-небудзь ракета, выпушчаная падразьдзяленьнем т.зв. беларускай арміі, раптоўна і памылкова  ўпадзе на ягоную рэзыдэнцыю (будзе шкада Умку — шпіц ні ў чым не вінаваты). 

Ну а прапанова Лукашэнкі Зяленскаму бамбіць Мазырскі НПЗ (гэта мела б вынікам гібель сотняў беларусаў) — сьведчаньне ягонага сапраўднага стаўленьня да беларусаў, якіх ён, «русский человек со знаком качества», заўсёды ненавідзеў. Любіць ён толькі ўладу, больш нічога.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(60)