«Наш беларускі акіян яшчэ збярэцца па кропельцы»
Сем назіранняў. Пра горкія і натхняльныя ўрокі года, што сыходзіць.
Цуда не здарылася. Многія з нас, напэўна, чакалі павароту ў вайне ва Украіне, з’яўлення пробліску, уцямнай перспектывы. Мы звязвалі свае надзеі з наступам украінскіх войскаў, пра які вялося столькі гаворак яшчэ год таму.
Але жорсткая рэальнасць прызямляе. І прымушае змірыцца з думкай, што ў такіх глабальных забурэнняў няма хуткага вырашэння. З думкай, што ўсё, магчыма, толькі пачынаецца.
Героі паміраюць. 2023-ці стаў годам цяжкіх стратаў. У турмах загінулі мастак Алесь Пушкін і актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Нас пакідаюць журналісты і актывісты, геніяльныя фатографы і аператары.
Сяргей Мацкойць, Вадзім Александровіч, Сяргей Чырык і многія іншыя — людзі, якія сталі сімваламі і летапісцамі грамадска-палітычнага жыцця краіны.
І гэта напамін пра тое, якую цану ўсе мы плацім за свабоду.
«Лішнія людзі». У Беларусі не стае добрых медыкаў, ІТ-галіна — нядаўні гонар і надзея краіны — дэградуе, з краіны масава з’ехалі тыя, хто рабіў касу буйным гандлёвым цэнтрам і плаціў вялікія падаткі.
Але тых, хто ўтрымлівае ўладу ў краіне, гэта мала хвалюе. Беларусы, якія з’ехалі з краіны пасля падзей 2020-га, фактычна ператварыліся ў «лішніх людзей». І 2023 год яскрава пра гэта сведчыць. Чаго вартая адна толькі гісторыя з пашпартамі.
Тым, хто апынуўся ў выгнанні, трэба памятаць: вяртанне ў такіх умовах пагражае не проста непрыемнасцямі. У выніку цяжасці адаптацыі ў чужой краіне могуць падацца куды меншым злом.
Маскі знятыя. Лукашэнка і ягонае атачэнне перасталі саромецца. «Дыктарура — наш брэнд» — у сакавіку 2019-га гэта гучала яшчэ прэтэнцыёзна. Сёння ж мы назіраем сталінізацыю рэжыма ў рэальным часе. Зорны час стукачоў і прапагандыстаў-цемрашалаў.
Будзе толькі горш. Легендарны N.R.M., як бачым, праспяваў пра гэта яшчэ ў 1996-м. Гэты год паказаў, што людзі пры ўладзе не адмовяцца ад рэпрэсій і закручвання гаек. Ды і не могуць гэтага зрабіць.
Рэжым змагаецца не толькі з жывымі, але і з тымі, каго з намі даўно няма. Каліноўскі і Караткевіч, Дунін-Марцінкевіч і Геніюш. Чый помнік знясуць у 2024-м?
Трэба набірацца цярпення і быць гатовымі да любых паваротаў.
Змяя пачала кусаць сябе за хвост. Напрыканцы года ў крымінальнай хроніцы ўсё часцей фігуруюць прозвішчы прадстаўнікоў улады. Ад былога міністра сельскай гаспадаркі да гендырэктара БелАЗа.
На суткі разам з «палітычнымі» трапляюць прыхільнікі Лукашэнкі, прафсаюзныя функцыянеры.
Салідарнасць жыве. Вынікі агульнанацыянальнага марафона салідарнасці з палітвязнямі здзівілі. Прыемна — ягоных арганізатараў і шараговы ахвярадаўцаў. Непрыемна — тых, хто ці не штодзённа пераконвае ўсіх і сябе асабіста, што ад колішняй фенамельнай узаемападтрымкі беларусаў не засталося і следу.
А потым яшчэ быў збор на аперацыю актывісту Віталю Тысеву. І калядны цуд — збор данатаў рэдакцыі Reform.by. І шмат непублічных гісторый.
«Нас мало, но есть». Светлая песня Ганны Шаркуновай з такімі словамі з’явілася за лічаныя дні да таго, як мы даведаліся, што нас зусім не мала.
Па кропельцы, па кропельцы — наш беларускі акіян яшчэ збярэцца.
Читайте еще
Избранное