Филин

Юлія Кот

«Моладзь, акрамя грошай, прагне перспектыў і якога-ніякога жыцця. З перспектывамі ў Беларусі зараз усё цяжка агулам»

Актывістка Моладзевага блоку КР Ліза Пракопчык — пра тое, ці разумеюць беларускія ўлады патрэбы і інтарэсы моладзі.

Нядаўна падчас абласных «Дажынак» у Полацку Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў аб тым, як вярнуць моладзь у вёску. Правіцель абвясціў, што для маладых спецыялістаў павінен з’явіцца так званы стандартны сацпакет, у які ўваходзяць «арэнднае жытло, фінансавае, транспартнае забеспячэнне і г.д.».

І тут жа, не адыходзячы ад касы, даручыў распрацаваць такі пакет.

Моладзь, сказаў ён, трэба прыцягнуць «да вырашэння інавацыйных задач» на сяле і «даць магчымасць праявіць сябе». Як удалы прыклад прывёў маладых фермераў, якіх у краіне, паводле яго слоў, шмат, і якія вырошчваюць розную прадукцыю, ад фундука да кавуноў.

Гучыць няблага, як і многія папулісцкія прамовы. Тут, праўда, узнікае цэлы шэраг пытанняў.

— Што перашкаджала распрацаваць такі сацпакет у папярэднія 30 год, калі моладзь актыўна з’язджала з беларускіх вёсак і зусім не актыўна вярталася?

— Чаму замест стымулаў улады прыдумалі і выкарыстоўвалі прымусы: павялічыць тэрмін размеркавання, спаганяць напоўніцу аплату вучобы з тых, хто ад размеркавання адмовіўся, зрабіць больш жорсткімі ўмовы для «мэтавікоў»?

Насамрэч, выклікае вялікія сумневы, што сучасную моладзь прывабіць узгаданы Лукашэнкам «стандартны сацпакет» — проста таму, што ён павінен быць па змоўчанні ў любым месцы, дзе працуе малады спецыяліст, у горадзе ці на вёсцы, а не падавацца як вялікія шчадроты дзяржавы.

А што думаюць самі маладыя беларусы на гэты конт?

Филин папрасіў  прадстаўніцу моладзевага блоку Каардынацыйнай рады Лізу Пракопчык ацаніць, ці спрацуе такі падыход.

Фота з асабістага архіву Лізы Пракопчык

На ваш погляд, маладыя фермеры — заслуга беларускіх уладаў ці гэта адбываецца незалежна ад іх, а то і насуперак? І калі ацэньваць «стандартны сацпакет»: можна завабіць гэтым наборам сучасную моладзь, алоьбо рэжым цалкам не разумее яе патрэбы і запыты?

— Такія механізмы «заманухі» маладых спецыялістаў у не вельмі прывабныя для жыцця часткі краін выкарыстоўваюцца рознымі дзяржавамі. Часткова гэта, канешне ж, працуе, — мяркуе актывістка.

Зрэшты, дадае Ліза, той «сацыяльны пакет», які запрапанаваў Лукашэнка, з’яўляецца не вельмі шчодрым:

— У той жа Латвіі для прываблівання маладых спецыялістаў-медыкаў у рэгіёны, даюць аднаразовую выплату ў 10000 еўра, не кажучы ўжо пра надбаўкі да зарплаты.

Але канешне ж, сітуацыю толькі гэтым не выправіць. Моладзь, акрамя грошай, прагне перспектыў і якога-ніякога жыцця. З перспектывамі ў Беларусі зараз усё цяжка агулам, таму часта моладзь абірае — нават не вучыцца ў вышэйшых установах Беларусі і не праходзіць праз прывязкі да месца працаўладкавання на 2-5 год.

З жыццём у рэгіёнах, далёкіх ад Менска і абласных цэнтраў, усё можа быць яшчэ цяжэй. Умовы для баўлення часу могуць стварацца толькі, калі ў краіне пануе атмасфера свабоды. У першую чаргу — гэта важна для розных ініцыятываў, якія звычайна такімі рэчамі як развіццё рэгіёнаў, і займаюцца.

Моладзь прагне рэалізацыі, і, канешне ж, нехта гэтую рэалізацыю знаходзіць у аграрным бізнесе, а нехта будзе любіць вучыць дзяцей у вёсках.

І хутчэй за ўсё, калі б дзяржава адпусціла сітуацыю з размеркаваннем і поўнасцю перайшла на рэйкі эканамічнай стымуляцыі гэтых працэсаў (а яшчэ лепш было б, калі б дзяржава аддала гэтае пытанне ў рукі грамадзянскай супольнасці), то сітуацыя б магла значна выправіцца. Да таго ж развівалася б  культурнае жыццё ў рэгіёнах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(10)