Выглядае, што сілавікі самі прызнаюцца: іхняя інфармацыя няпоўная і няправільная. Але спрабуюць запужаць: здавайцеся самі, інакш горш будзе.
Мажэйка: «Нікому не раю ісці і даносіць на сябе»
Палітолаг — пра тое, навошта сілавікі зноў пагражаюць беларусам адказнасцю.
У МУС РБ заявілі, што больш як 6,5 тысяч чалавек заявілі «ў органы» і амбасады пра замежнае ВНЖ і замежнае грамадзянства. А ўсім астатнім у выпадку няяўкі добраахвотна прыгразілі наступствамі, хоць паводле абноўленага закону аб грамадзянстве, адказнасці за гэта няма. Нагадаем, папраўкі ўступілі ў сілу з 11 ліпеня 2023 года, то бок, з трох месяцаў, адведзеных на абавязковае паведамленне, застаўся адзін.
– У ОУС маюць інфармацыю пра людзей, якія валодаюць замежныя грамадзянства альбо від на жыхарства, — заявіў кіраўнік Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун. — Таму ў выпадку наяўнасці вышэйзгаданых дакументаў рэкамендуецца паведаміць аб гэтым самастойна, каб пазбегчы надалей адказнасці, увядзенне якой у цяперашні час прапрацоўваецца.
У гэтым паведамленні, акрамя тыпова міліцэйскай лексікі, звяртаюць на сябе ўвагу лічбы беларусаў, якія меркавана «здалі» самі сябе, і ледзь прыхаваная пагроза, якую сілавікі нязграбна называюць рэкамендацыяй. Наколькі тое і другое блізка да рэальнасці?
— Самі лічбы ў нас няма магчымасці ані пацвердзіць, ані абвергнуць — таму давер да іх можа грунтавацца толькі на даверы беларускім сілавікам, але дакладна сказаць, ці ёсць за німі нешта — халера ведае, — зазначае палітолаг, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці».
— Фактычна, адзіная крыніца, з якой беларускія сілавікі сапраўды могуць мець інфармацыю — калі беларусы фізічна перасякаюць мяжу, едучы на Захад, то ў іх могуць, хоць гэта не тычыцца кампетэнцыі беларускіх памежнікаў, запатрабаваць паказаць візу, а калі яе няма — то ВНЖ: маўляў, з якім дакументам вы едзеце ў іншую краіну. Так насамрэч можна падлічыць, колькі беларусаў выехалі па ВНЖ, ці картах паляка альбо іншых дакументах.
Зрэшты, дадае палітолаг, гэтая база таксама будзе няпоўнай: ВНЖ — не пажыццёвы дакумент, які выдаецца раз і назаўжды, іхні тэрмін дзеяння сканчаецца, таму і колькасць беларусаў, якія маюць ВНЖ, перыядычна змяняецца.
— Цяперашнія заявы гучаць, як тыповы прыклад пагрозы: маўляў, лепш самі прыходзьце і скажыце, бо калі мы даведаемся, вам горай будзе. Як слушна зазначыў праваабаронца Андрэй Стрыжак, тут відавочна парушаная фармальная логіка, бо калі беларускія сілавікі ўжо самі ўсё пра ўсіх ведаюць, так навошта ім, каб людзі зноў тую ж самую інфармацыю прыносілі?
Відавочна, знойдуцца баязліўцы, якія, знаходзячыся ў Беларусі, пойдуць і самі на сябе, па сутнасці данясуць. Але зробяць тым толькі горш самі сабе. Так што ўсім ахвотным, як кажуць, сцяг у рукі. А калі сур’ёзна — канешне, нікому не раю ісці і даносіць на сябе за што заўгодна.
Агульны трэнд , зазначае палітолаг — непрыхаванае жаданне рэжыму «выкрасліць» усіх тых беларусаў, хто палітычна недаспадобы рэжыму:
— Мы гэта бачылі шмат у якіх дзеяннях за апошнія гады. Мабыць, пачынаючы з таго, калі Тадэвуша Кандрусевіча не пускалі ў Беларусь на падставе таго, што ў яго ёсць польскія дакументы (пры тым, што прававога сэнсу ўсё гэта не мела).
У гэтым жа шэрагу — спробы пазбавіць грамадзянства палітычна вядомых людзей; указ, якім у перспектыве 10 год ва ўсіх беларусаў, хто за мяжой і не плануе вяртацца, фактычна забіраюць пашпарты; пагрозы забраць маёмасць, якія, я ўпэўнены, калісьці здзейсняцца.
Калі толькі пачыналіся размовы пра такую базу, мы якраз абмяркоўвалі з «Салідарнасцю» інструкцыю, якую выпусцілі міністэрствы замежных і ўнутраных спраў, і я казаў: зразумела, што лукашэнкаўцы збіраюць яе не для таго, каб усім кветкі ўручыць на святы. Вядома, што ўсё гэта робіцца для рэпрэсій. Таму, паўтаруся, нікому не раю на гэтыя пагрозы і маніпуляцыі весціся.
Читайте еще
Избранное