Маціеўская: «Адмовіць ва ўездзе заўжды прасцей і хутчэй, чым выдварыць чалавека з тэрыторыі краіны, нават калі ён, умоўна, забарыкадзірваўся і сядзіць у сваёй хаце»
Юрыстка — пра тое, як рэжым можа спрабаваць дацягнуцца да грамадзян Беларусі за мяжой і як даць гэтаму рады.
Беларускага журналіста і актывіста Андрэя Мялешку разам з няпоўнагадовай дачкой не ўпусцілі ў Грузію, дзе сям’я жыла апошнія некалькі год. У аэрапорце Кутаісі, куды беларусы прыляцелі пасля кароткай паездкі ў Польшчу, у іх забралі пашпарты і абвясцілі, што рыхтуюцца да дэпартацыі. Прычыны такога рашэння памежнікі не патлумачылі.
Нагадаем, крыху больш за месяц таму Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне намесніку старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі Раману Кісляку, нядаўна не далі абароны і спартсменцы Марыне Зялёнай і яе сыну, нягледзячы на тое, што беларусы адпавядалі патрабаванням Жэнеўскай канвенцыі аб статусе бежанцаў. У адказах міграцыйнай службы гаварылася, што іх знаходжанне ў краіне «можа супярэчыць нацыянальным інтарэсам» — але ніякіх доказаў не прыводзілася.
Вядома таксама і пра іншыя выпадкі, калі грузінскія ўлады адмаўлялі беларусам у міжнароднай абароне, альбо не ўпускалі ў краіну тых, хто не мае ВНЖ і вымушаны раз на год выязджаць на «візаран». Паралельна ў Грузіі ўкараняюцца расейскія практыкі — так, сёлета, нягледзячы на шматлікія грамадскія пратэсты і вета прэзідэнта, парламентам быў прыняты закон аб «замежных агентах».
Што можна зрабіць у цяперашняй канкрэтнай сітуацыі для абароны правоў беларусаў, альбо ўсё ж варта прызнаць, што Грузія канчаткова перастала быць бяспечнай краінай для тых, хто вымушаны бегчы з радзімы ад палітычнага пераследу? Якія перспектывы трэба разумець дзельнікам беларускай дыяспары, якіх у Сакартвела не менш за 10 тысяч чалавек? Пра гэта Филин распытаў юрыстку WKBLawyers, сузаснавальніцу дабрачыннай ініцыятывы «Партызанка» Ганну Маціеўскую.
— Важна разумець, — падкрэслівае юрыстка, — што міграцыйная палітыка мае ў сваім складніку слова «палітыка». І, на жаль, у такіх выпадках, як з Андрэем Мялешкам і іншымі беларускімі актывістамі, мы мусім казаць не толькі пра юрыдычны аспект, але і пра палітычны.
На жаль, гледзячы на тое, што адбываецца з беларусамі ў Грузіі, трэба згадаць, што гэта не першы кейс негатыўнага стаўлення. І сітуацыя ў гэтай краіне, на маю думку, складваецца такім чынам, што беларускія палітычныя актывісты не з’яўляюцца тымі асобамі, якіх Грузія хоча бачыць на сваёй тэрыторыі. Адмовіць ва ўездзе заўжды прасцей і хутчэй працэдурна, чым выдварыць чалавека з тэрыторыі краіны, нават калі ён, умоўна, забарыкадзірваўся і сядзіць у сваёй хаце.
А калі ацэньваць наогул сітуацыю за апошнія чатыры гады, можна сказаць, што колькасць краін, прыхільных да таго, каб прымаць беларусаў, памяншаецца. Гэты фактар заўважны — і мне здаецца, што гэта сігнал для палітыкаў і для дыяспар, што трэба працаваць па гэтым пытанні — але і таксама клапаціцца пра тыя краіны, дзе беларусаў усё яшчэ прымаюць і на іх чакаюць.
Мне вельмі шкада, што беларускія палітычныя актывісты не знаходзяць прытулку ў Грузіі. Усё ж такі гэтая краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб бежанцах і мае ў тым ліку свае абавязкі.
Але, як ні прыкра пра тое казаць, мы ведаем, што гэтыя абавязкі вельмі па-рознаму выконваюцца ў розных краінах. І акрамя пытання рэпутацыі краіны, вельмі цяжка з узроўню дыяспары неяк паўплываць на краіну, якая не выконвае сваіх абавязкаў.
Ганна Маціеўская заўважае, што не бачыла матэрыялаў справы, ці былі там раскрытыя «іншыя прычыны» рашэння аб дэпартацыі беларуса — але з улікам ранейшай негатыўнай тэндэнцыі «ёсць падставы да рэальных сумневаў ў тым, ці выконвае якасна Грузія свае абавязкі датычна Канвенцыі аб правах уцекачоў».
— Рашэнні такога калібру павінны прымацца міграцыйнымі ці памежнымі службамі, гледзячы хто менавіта за гэта адказвае ў дадзеным выпадку, вельмі абярэжна, carefully: усё ж такі, як я разумею, у Андрэя ў Грузіі жонка і другое дзіця, і патэнцыйна ёсць пытанне наконт парушэння Еўрапейскай Канвенцыі аб правах чалавека і Канвенцыі аб правах дзіцяці — Грузія з’яўляецца стараной гэтых міжнародных актаў і мусіць выконваць абавязкі, накладзеныя імі.
— Акурат пра гэта хачу запытацца: рашэнне аб дэпартацыі было прынятае ў дачыненні і да Андрэя, і да яго няпоўнагадовай дачкі. Па сутнасці, адбыўся прымусовы падзел сям’і — ці можна казаць аб парушэнні правоў дзяцей, і такім чынам паўплываць на сітуацыю?
— Напэўна, грузінскія ўлады мусяць улічваць такія крытэрыі пры вынясенні канчатковага рашэння. За ўсе абсалютна выпадкі, безумоўна, тут нельга казаць — бо калі справа тычыцца тэрарыста, які пагражае нацыянальнай бяспецы, нацыянальны інтарэс можа ацэньваецца вышэй за прыватны інтарэс асобы.
Але ў дадзеным кейсе мы, па-першае, не пачулі прычын і тлумачэнняў, і, па-другое, права да сямейнага жыцця — адно з асноўных, базавых правоў чалавека, і правы Андрэя як бацькі, і правы дзяцей мусяць прымацца пад увагу. Як куратарка няпоўнагадовых дзяцей уцекачоў, у тым ліку палітзняволеных, у Польшчы я заўжды кажу перад судом, што разлука з бацькамі, з іншымі дзецьмі, якія выхоўваюцца ў адной сям’і — гэта можа быць дадатковай вялікай траўмай у стрэсавай сітуацыі. І гэта ненармальна — так разрываць сям’ю.
— У публічнай прасторы няма інфармацыі аб тым, што хоць камусьці з беларусаў далі прытулак у Грузіі. А іншыя пазітыўныя рашэнні, скажам, па выдачы сталага дазволу на жыхарства, ці ёсць?
— Я не маю статыстыкі па такіх рашэннях, на жаль. Але лічу важным адзначыць, што беларусы ў Грузіі — ці не найвялікшая дыяспара нашых рэлакантаў пасля 2020 году па-за межамі Еўразвязу. І гэта вельмі важна, у тым ліку ў палітычным сэнсе, каб беларусы маглі сябе адчуваць там бяспечна.
— Пакуль усё ідзе ў іншы бок, а ў кастрычніку ў Сакартвела мусяць адбыцца парламенцкія выбары, і ці чакаць пасля іх перамен да лепшага — пытанне адкрытае.
— Так, ёсць сумневы наконт таго, і беларусам Грузіі будзе бяспечна — бо тэндэнцыя, хутчэй, у бок пагаршэння.
Трэба таксама памятаць пра магчымасць запытаў на вышук беларускімі ўладамі — і па двухбаковых дамовах, і праз Інтэрпол. Мы разам з Марыяй Колесавай-Гудзілінай працуем па кейсе Андрэя Гнёта, і таму пра гэты аспект таксама нагадваем: не толькі легалізацыю, але і рызыку патэнцыйных запытаў на экстрадыцыю трэба браць пад увагу. Гэта ўсе ж такі дзве розныя справы (крымінальнай і міграцыйнай натуры).
Я шчыра лічу, што рэжым можа выкарыстоўваць сітуацыю беларусаў у тых краінах, дзе яны жывуць, каб паказаваць статыстыку: вось мы адсюль «сцягнулі» чалавека, і адсюль, і гэтым жыцця не даем, няхай сядзяць бясконца ў Сербіі… Мяне як прадстаўніцу дабрачыннай ініцыятывы гэта падштурхоўвае да думкі: магчыма, беларусам Грузіі варта задумацца аб тым, каб бліжэйшым часам рэлакавацца ў іншыя, больш бяспечныя для іх краіны?
Змагацца з сістэмай складана, не толькі ў Беларусі, але таксама і там, дзе чалавек з’яўляецца іншаземцам.
— Так, патэнцыйна небяспека можа закрануць тысячы людзей, якіх не ўпусцяць у Грузію пасля таго ж «візарану». Што яшчэ можна параіць нашым суайчыннікам у гэтай краіне?
— Калі беларусы абяруць для рэлакацыі Польшчу — можна звярнуцца да Partyzanka, пры неабходнасці ананімна, і ў любы момант, інфалінія працуе ў тым ліку ў выходныя. Мы дапамагаем кожнаму беларусу, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі з палітычных прычын. У тым ліку я напісала і Андрэю Мялешку: у ягоным выпадку мы гатовыя комплексна заняцца справай, дапамагчы, адказаць на ўсе пытанні.
А перад тым, як з’ехаць кудысьці альбо ацэньваць бяспечнае знаходжанне ў дадзенай краіне, можна звярнуцца ці да Partyzanka, ці да Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека. Беларускія юрысты могуць ацаніць, наколькі вялікая рызыка вашага затрымання ў сувязі з падзеямі 2020 года, даць рэкамендацыі.
Другая важная рэч — паглядзіце, калі ласка, калі ў вас сканчаецца тэрмін дзеяння пашпартоў.
У Грузіі, наколькі мне вядома, не выдаюць такі трэвел-дакумент, «пашпарт замежніка», як у Польшчы ці Літве — і таму можа быць так, што вы сутыкняцеся з візавым пытаннем, а дакументы могуць разглядаць некалькі месяцаў.
Гэта не значыць, што з’ехаць будзе немагчыма — калі ў вас сітуацыя emergency, таксама звяртайцеся да Partyzanka, мы падкажам моманты, як можна ўсё ж выехаць у краіну ЕЗ. Але паколькі гэта звязана з шэрагам іншых рэчаў, як права на працу і г.д., лепш усё зрабіць загадзя, у ідэале за год да канца дзеяння пашпарту.
Трэцяя рэч, якую я раіла б зрабіць — чэк, у якой краіне вам больш верагодна атрымаць міжнародную абарону. Бо існуе Дублінскае пагадненне, і калі падавацца на прытулак з польскай візай, а вы аплікуецеся ў Літве, і наадварот, — ёсць верагоднасць, што справу перададуць у краіну выдачы візы. У нас ёсць паспяховы досвед і тут, аднак лепш атрымайце візу той краіны, дзе хацелі б жыць.
Да таго ж, важна памятаць, што есць краіны (нават у ЕЗ), дзе па статыстыках вельмі малы адсотак беларусаў атрымлівае абарону (напрыклад Швецыя, пра якую мы апошнім часам часта публічна размаўляем у кантэксце міграцыйнай практыкі). Варта ацаніць статыстыку, практыку выдачы, доказы і аргументы, якія ў дадзенай краіне прызнаюцца фактарамі рызыкі ў практыцы.
У выпадку emergency галоўнае, безумоўна,— выбрацца ў бліжэйшую бяспечную еўрапейскую краіну і там вырашаць далейшыя пытанні, бо бяспека перадусім.
Канешне, можна сказаць, што лепш у такой сітуацыі, чым у беларускай турме — але новая экстранная рэлакацыя для людзей, якія ўжо аднойчы яе перажылі, гэта пытанне здароўя, стрэсу, грошай, планаў на будучыню, вучобы і кар’еры...
Важна, каб чалавек ведаў, што рабіць у такіх абставінах, і не пачуваўся самотным, ведаў, што ёсць куды звярнуцца па дапамогу.
«Филин» на понятном языке поясняет сложные вещи. Подписывайтесь на наш телеграм-канал оперативной аналитики и публицистики.