Я перапісвалася з некаторымі сваякамі палітзняволеных пасля гэтай хвалі вобшукаў і затрыманняў. Людзі пішуць, напрыклад, «цэлы дзень сядзела, слухала ці прыедзе ліфт на наш паверх, ці зойдуць да нас», «думалі, што браць з сабой, паклалі ўсё ў торбы».
«Людзі з Беларусі пішуць: «Цэлы дзень сядзела, слухала ці прыедзе ліфт на наш паверх»
Прадстаўніца АПК Аліна Коўшык — пра рэпрэсіі і пакаранне.
— Рэпрэсіі апошніх дзён — гэта агонія рэжыму. Гэта значыць, што яны не маюць сілаў нармальна ўтрымліваць уладу і мусяць прыкручваць гайкі, робячы машыну рэпрэсій абсалютна бязглуздай, — кажа прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык на Еўрарадыё. — Думаю, што на дадзены момант яны амаль што пераўзышлі той узровень страху, узровень рэпрэсій, што былі ў сталінскі час.
Людзі сядзяць проста ў чаканні, што за імі прыйдуць. Але тым не менш гэта іх жаданне — заставацца ў Беларусі і дапамагаць сваім блізкім.
Рэжым адчувае небяспеку ад кожнага чалавека. Вы ўявіце сабе, як гэта — быць наверсе гэтай машыны, якая ўтрымлівае ўладу выключна страхам. Доўга так пратрымацца немагчыма.
Дарэчы, гэтая новая хваля крымінальных справаў — працяг таго, што адбываецца апошнім часам.
Крымінальная справа ёсць амаль на кожным з нас, на мне таксама.
Яна азначае, што ты становішся ворагам для гэтага рэжыму. Але такімі ворагамі аказаліся мільёны беларусаў. І палітзняволеных у нас нашмат больш, чым афіцыйныя лічбы.
Прадстаўніца АПК лічыць, што ўзмацненне рэпрэсій з’яўляецца не проста падрыхтоўкай да так званых электаральных кампаній рэжыму, а планамернай палітыкай.
— Яны вырашылі «падкруціць» перад гэтым «адзіным днём без выбараў». Але мы разумеем, што ўжо ідзе падрыхтоўка да 2025 года.
Ім трэба зачысціць тое, што ўжо даўно зачышчана, пакінуць толькі лаяльных і маўклівых, і тых, хто скуголіць ад страху. Але я перакананая, што так не атрымаецца.
Тое, што адбываецца ў Беларусі — па пераследзе, фактычна, па знішчэнні нашай культуры, мовы і гісторыі — я называю этнацыдам і павольнай каланізацыяй Расіяй нашай краіны.
Відавочна, што гэта палітычная мэта тых людзей, якія гэта робяць. Трэба, каб не было ніякіх ілюзіяў: гэта планамерная, распрацаваная палітыка па вынішчэнні нашай нацыі.
Мы ведаем, што зараз адбываецца генацыд украінскага народу, і свабодныя беларусы цалкам падтрымліваюць і змагаюцца на баку нашых суседзяў-украінцаў.
Але трэба таксама разумець, што вайна, якая ідзе ва Украіне, і тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, гэта бакі аднаго медаля, бакі каланізацыйнага працэсу.
Проста ва Украіне Пуцін разумеў, што не мае іншага выйсця, як проста іх забіваць. А ў Беларусі яны працягваюць дзейнічаюць тымі метадамі, як у прынцыпе дзейнічалі пры царызме і камунізме.
Але беларусы ніколі не пагодзяцца на тое, каб стаць часткай Расійскай імперыі. Гэта пацвярджаюць усе сацыялагічныя даследаванні, якія былі ад 90-х гадоў да 2000-х, і нават зараз. Беларусы не хочуць станавіцца часткай Расійскай імперыі, беларусы цэняць сваю незалежнасць.
А рэжым Лукашэнкі, лічу, даўно перайшоў усе межы. Яны адчуваюць беспакаранасць.
Таму наша задача зараз, з якой змагаецца Пераходны Аб’яднаны кабінет, — каб гэтыя людзі панеслі пакаранне за тое, што яны робяць з беларускім народам, з беларускамі, з беларусамі, з беларускімі дзецьмі.
Тое, што гэта злачынствы супраць нашага народу, сабраныя доказы. І наша палітычная задача прывесці да таго, каб усе датычныя панеслі адказнасць, — адзначыла Коўшык.
Читайте еще
Избранное