Общество

«Лёс Грыцаўца – найлепшая метафара «свята» 17 верасня»

Аўтар тэлеграм-канала Беларусі Бабілон – пра жыццё двойчы героя СССР Сяргея Грыцаўца і далучэнне Заходняй Беларусі да БССР у 1939-м.

Жыў быў такі хлопец Сяргей Грыцавец.

Родам быў з невялікай вёскі пад Баранавічамі. Але пражыў там нядоўга, бо калі Сяргею споўнілася 5 год пачалася Першая Сусветная. Малая радзіма знікла: Баранавічы апынуліся на польскай тэрыторыі, а сям'я выехала на Урал, дзе Грыцавец адвучыўся і пайшоў працаваць на чыгунку. Перамогшы сваё беларускае маўленне, ён стаў паспяховым камсамольскім актывістам.

Але ў 1931 годзе дзяржаве спатрэбіліся лётчыкі і партыя дала загад «Комсомолец — на самолёт!». Сяргей быў сярод тысяч натхнёных маладых людзей, якія захацелі скараць неба.

І тут выявілася, што ў Грыцаўца талент. Ужо ў 1933 годзе ён стаў камандзірам звяна, у 1935 узначаліў рэкордны пералёт новых самалётаў І-16 да Ўладзівастока, а ў 1938 годзе адправіўся ў Гішпанію.

За паўгады баявых дзеянняў Сяргей Грыцавец збіў да 30 варожых самалётаў. Гэта быў бліскучы вынік. Неба сапраўды скарылася маладому хлопцу. За Гішпанію ён атрымаў званне Героя СССР.

А вясной 1939 года маёр Грыцавец апынуўся ўжо зусім на іншым краі кантынента. Пад час баёў на Халхін-Голе Сяргей збіў каля 12 японскіх самалётаў. Асабліва праславіўся ён, калі 26 чэрвеня, вяртаючыся з боя ўбачыў, што ягоны камандзір маёр Забалеў быў падбіты і зрабіў аварыйную пасадку ў варожым тылу. Нягледзячы рызыку, Грыцавец пасадзіў свой самалёт проста на полі недалёка ад японскіх пазіцый і выратаваў Забалуева. У войску пра гэта гаварылі ўсе.

У канцы жніўня, разам са сваім сябрам украінскім лётчыкам Краўчанкам, Грыцавец атрымаў званне двойчы Героя СССР. Беларус і ўкраінец сталі першымі ў гісторыі двойчы героямі СССР.

У пачатку верасня прыйшоў нечаканы загад усім лепшым лётчыка ляцець у Маскву. Ніхто ня ведаў у чым справа. Тым больш нечаканым стаў вялікі прыём, наладжаны ў Крамлі. Сталін абвясціў савецкім афіцэрам, што іх чакае «вызваленчы» паход на Беларусь і Украіну.

Тут якраз прыдаліся два двойчы героя СССР. Краўчанка паляцеў вызваляць украінцаў, а Грыцавец быў накіраваны на аэрадром Балбасава пад Воршай камандзірам 58-ай авіяцыйнай брыгады.

Верагодна, менавіта ён, беларус Сяргей Грыцавец, павінен быў стаць адным з твараў восеньскай ваеннай кампаніі ў Беларусі.

Сам жа Сяргей, напэўна, у гэтыя гадзіны думаў пра тое, што зможа ўбачыць сваю малую радзіму ўпершыню за шмат год. І не проста ўбачыць, а з'явіцца там вызваліцелем. Лёгкай сентыментальнасці мусіла спрыяць і тое, што жонка Сяргея якраз чакала другое дзіця.

16 верасня самалёты Сяргея Грыцаўца і яго сябра Пятра Хары вылецелі з Балбасава на мінскі аэрадром Мачулішчы для атрымання загадаў.

Вярталіся назад яны ўжо позна ўвечары. Самалёт Грыцаўца ішоў першы. У Балбасава ў той час стаяў вялікі перапалох. Як зрэшты і па ўсё савецкай арміі - загад аб наступленні зваліўся як снег на галаву. Каб прыстрэльваць кулямёты, з узлётна-пасадачнай паласы знялі пражэктары і перавезлі іх на палігон. На паласе паставілі керасінавыя ліхтары.

Грыцавец пасадзіў свой самалёт без праблем і вывеў яго на нейтральную паласу. А вось маёр Хара нешта пераблытаў ці не разабраў з-за адсутнасці пражэктараў. Ён зайшоў на пасадку менавіта з боку нейтральнай паласы. Грыцавец спрабаваў пазбегнуць аварыі, але было ўжо позна.

Два самалёты сутыкнуліся на хуткасці. Сяргею Грыцаўцу вінтом адрэзала галаву.

***

Мне падаецца, што лёс Сяргея Іванавіча Грыцаўца – гэта найлепшая метафара «свята» 17 верасня. Вось ёсць прыстойны савецкі беларус, герой і прафесіянал, які хутчэй за ўсё шчыра хоча выратаваць сваіх супляменнікаў ад калектыўнага ворага. Але ўсё ідзе не так як трэба і сканчаецца трагедыяй у той момант, калі ворагі яшчэ нават ня ведаюць, што яны ворагі.

А чаму? Бо савецкія беларусы не мелі ніякага дачынення да самой ініцыятывы аб'яднання. Некаторыя марылі пра яго, хтосьці нават агітаваў, але ўсё здарылася ў выніку геапалітычнай гульні вялікіх сілаў.

А які сэнс святкаваць падзею, у якой нашыя продкі ўдзельнічалі толькі як працоўная сіла? Бо калі б беларусы мелі хоць нейкае дачыненне да ініцыяцыі гэтай аперацыі, ці яе планавання, то пражэктары стаялі б на месцы.