Лягеры імя Карпянкова: «Параўнаньне дарэчнае збольшага з нацысцкімі, а не савецкімі»
Аглядальнік Юры Дракахруст – пра новыя сенсацыйныя падрабязнасці будаўніцтва лягера пад Слуцкам.
– Пра пляны стварыць лягеры для інтэрнаваных пратэстоўцаў, паведаміла асоба з голасам, падобным на голас цяперашняга намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова ў аўдыёстужцы, абнародаванай BYPOL, – піша Дракахруст. – Цяпер стала вядома, што гэта ня толькі пляны, што прынамсі адзін такі лягер быў створаны літаральна пасьля леташніх выбараў і некаторыя затрыманыя пратэстоўцы туды нават трапілі.
Пазьней лягер быў дэмантажаваны, хаця заявы асобы з голасам, падобным на карпянкоўскі, сьведчаць пра тое, што гэтыя пляны не былі забытыя прынамсі і ў кастрычніку 2020 году.
Ацэньваючы гэтую «навацыю» у гістарычнай рэтраспэктыве многія прыгадвалі як нацысцкія, гэтак і сталінскія лягеры.
Але ўяўляецца, што параўнаньне тут дарэчнае збольшага менавіта з нацысцкімі, а не савецкімі лягерамі.
Асаблівасьць клясычных канцлягераў – ня ў тым, што там гранічна зьверскія ўмовы ўтрыманьня, у звычайнай турме яны могуць быць яшчэ больш жорсткія, чым у канцлягеры.
Асаблівасьць клясычнага канцлягеру – у тым, што ізаляцыя, пазбаўленьне волі, адбываецца шляхам пазасудовай працэдуры, і ў тым, што тэрмін утрыманьня нявызначаны.
Статус вязьня канцлягеру падобны на статус ваеннапалоннага. Узятых у палон на вайне ня судзяць, іх проста ізалююць, і тэрмін утрыманьня для іх нявызначаны – да канца вайны.
Вязьню сталінскага ГУЛАГУ было мала радасьці ад таго, што ён трапляў туды паводле прысуду суду і тэрмін быў вызначаны. Але вязень нацысцкіх канцлягераў у Беларусі ў Трасьцянцы ці ў Азарычах нават такога юрыдычнага статусу ня меў.
Адпраўлялі туды рашэньнем акупацыйнай адміністрацыі ці нямецкім вайсковым начальнікам, а тэрмін – да лепшых часоў.
Лягер, які збудавалі пад Слуцкам, лягеры, пра якія казала асоба з голасам Карпянкова – гэта менавіта нацысцкага кшталту лягеры.
У найноўшай гісторыі нешта падобнае было ў Польшчы падчас вайсковага становішча, дзе каля 4 тысячаў лідэраў і актывістаў «Салідарнасьці» гадамі ўтрымлівалі за кратамі без ніякага суду. А тэрмін – да асобага распараджэньня, пакуль усё не супакоіцца.
Можа, гэтыя юрыдычныя тонкасьці і ня маюць такога ўжо вялікага значэньня, але пэўнае маюць – пазбаўленьне чалавека волі наагул па-за межамі закону («часам не да закону», як было сказана) робіць яго больш безабаронным, чым пазбаўленьне волі паводле колькі заўгодна несправядлівага закону.
Ну і мае значэньне гістарычная памяць беларусаў. У розных краінах і ў розныя часы канцэнтрацыйныя лягеры неабавязкова прадугледжвалі тэрор адносна іх вязьняў. Але ў беларускай масавай сьвядомасьці канцэнтрацыйны лягер з прычыны памяці пра Другую сусьветную – гэта лягер сьмерці, як той жа Трасьцянец і Азарычы.
Магчыма, менавіта гэтыя гістарычныя асацыяцыі і паспрыялі таму, што лягер пад Слуцкам быў усё ж дэмантажаваны, усё ж і людзям улады напэўна ня надта да спадобы вось так ужо наўпрост нацягваць на сябе мундуры гестапаўцаў, чальцоў СД і айнзацкамандаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное