Общество

Лябедзька: «Я б хацеў глянуць у вочы тым камітэтчыкам, якія тры гады назад казалі, што ўвечары Арцём будзе дома»

Эмацыйны пост палітыка да гадавіны затрымання сына, які знаходзіцца ў закладніках у зняволенні.

Арцём Лябедзька. Фота: са старонкі Анатоля Лябедзькі ў Фэйсбуку

— Сёння тры гады, як Арцём у вязніцы, у якасці закладніка! 1095 дзён! — напісаў Анатоль Лябедзька. — Вайна без правіл.

Палінка амаль палову свайго жыцця пражыла без таты! І гэтая страшная прапорцыя ўсё яшчэ павялічвацца.

Без таты, які за свае 40 гадоў не зрабіў нічога дрэннага нікому на ўсёй планеце Зямля, не тое, што нешта злачыннае ці супрацьпраўнае. Без таты, якім бы ганарылася любая нармальная, цывілізаваная краіна для людзей.

Арцём, ці яго прозвішча настолькі страшнае, што ён застаецца за кратамі, нават калі практычна ўсе вядомыя палітыкі  ўжо на волі. Больш таго, перад чарговым вызваленнем палітвязняў з калоній, яго мэтанакіравана кінулі ў ПКТ.

Сёння я б хацеў глянуць у вочы тым камітэтчыкам, якія тры гады назад казалі, што ўвечары Арцём будзе дома, бо гэта абяцанне і сёння ўзгадвае Палінка.

Міліцыянтам, якія свядома пісалі ліпавыя пратаколы, быццам Арцём брыдка лаяўся каля будынка РАУС і чапляўся да людзей у пагонах. 

Суддзям, якія па званку зверху, двойчы кідалі сына за краты на Акрэсціна, у самую страшную турму сучаснай Еўропы. Пры гэтым усведамляючы, што не Арцём, а яны здзяйсняюць злачынства! 

Следчым, якія па лекалах 37-га года шылі на Арцёма справу з жоўтай біркай.

Пракурору, які няздольны справіцца з кампутарам і ангельскімі словамі, але якому па сілах быць саўдзельнікам расправы над сынам «ворага народа».

Суддзі, якая несправядлівым прысудам далучыла сябе да «сукалізаванай судовай касты», якой гісторыя і час вынесуць свой прысуд.

А яшчэ бацькам, жонкам, мужам усіх саўдзельнікаў гэтай ганебнасці, гэтай антычалавечнасці, гэтай мярзотнасці і агіднасці! 

Магчыма, я не толькі б паглядзеў ім у вочы, але і спытаў: а як вам, жывецца?! Як вам спіцца?! Бо на вашым сумленні не толькі справа бацькі сямігадовай Палінкі.

Тысячы і тысячы паламаных лёсаў, сотні знявечаных, ўжо каля дзясятка магільных крыжоў закатаваных у турмах і калоніях… Ад аднаго пераліку нармальнага чалавека трасе і ванітуе.

Што вы кажаце сваім дзецям і ўнукам пра справядлівасць?  Як вы ім тлумачыце, што такое сумленне?! Ці раіце вы ім быць міласэрднымі ды салідарнымі з ахвярамі нясправядлівасці?!

І калі шчыра, то я хачу, каб ім усім прыляцеў бумеранг! Каб кожны і кожная   адчуў боль нясправядлівасці. Каб іх сем’і разрываліся на шматкі. Каб яны співаліся і чынілі сабе самасуд. Каб сістэма пачала біць і пажыраць яе стваральнікаў, згубіўшых чалавечнасць. Такое ужо было! 

Каб у вачах сваіх дзяцей яны убачылі жах і жалобу. Каб прыйшоў час, і іх дзеці і ўнукі спыталі: а навошта вы рабілі балюча іншым, чаму вы свядома давілі, кідалі за краты невінаватых людзей?!

І бумеранг прыляціць!

Мне ўсё роўна, хто вас пакарае — бог, сапраўдны суд ці проста абставіны!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)