Общество

Наталля Север

Лаўрухін – пра стан адукацыі: «Тут ужо не да якасці, а толькі б не пасыпалася ўсё наогул»

Колькі студэнтаў можа страціць сёлета Беларусь?

Лукашэнка зноў заклапаціўся праблемамі ЦТ, а заадно нагадаў чыноўнікам аб уступнай кампаніі ў цэлым. Заклікаўшы Мінадукацыі навучыцца прызнаваць свае памылкі, беларускі кіраўнік задаўся больш фундаментальным пытаннем — «як будзем жыць далей» — маючы на ўвазе ўсё тую ж уступную кампанію.

З экспертам у галіне адукацыі абмеркавалі апошнія заявы Лукашэнкі.

— У мяне склалася такое ўражанне, што малады міністр Андрэй Іванец так заўзята пачаў усё рэфармаваць, што крыху перастараўся, — звяртаецца да сітуацыі з ЦТ старшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — А можа ён ад жаху, бо жах быў напушчаны вялікі.

Што тычыцца мэсэджаў Лукашэнкі, то яны супярэчлівыя. З аднаго боку, ён кажа, што трэба прасцей. У яго сэнсе прасцей – значыць, вяртацца ўвогуле да той сістэмы экзаменаў, якая была яшчэ ў Савецкім саюзе, калі ўсё здавалі вусна.

З другога боку, цэнтралізаванае тэставанне і было ўведзена таму, што вусныя экзамены параджалі шмат карупцыі, каб гэта неяк спыніць.

Між тым немалаважны крытэрый, які хочуць вытрымаць — як мага спрасціць паступленне ў беларускія ВНУ, каб неяк стрымаць хвалю адтока студэнтаў за мяжу.

Напрыклад, у Расіі яшчэ ў 2019 годзе спецыяльна пад беларусаў было выдзелена 79 квотавых месцаў на бюджэт, а ўжо ў гэтым сакавіку анансавалі пра наяўнасць 1300 месцаў. Акрамя таго штогод каля 900 чалавек паступаюць у расійскія ВНУ на платнай аснове.

У заходнееўрапейскія ВНУ, па маіх падліках, могуць з’ехаць больш за 2 тысячы чалавек.

То-бок больш за 4 тысячы маладых людзей, будучых спецыялістаў, сістэма адукацыі Беларусі можа страціць толькі ў выніку ад’езду на навучанне за мяжу. І так ужо не першы год.

Таму і спрабуюць прывабіць спрошчанымі экзаменамі. Але да таго ж хацелася ўлічыць і нейкую якасць. І калі паспрабавалі зрабіць камбінацыю з усіх гэтых фактараў, у выніку атрымалася тое, што атрымалася з сістэмай падліку.

— Адным з дзейсных спосабаў утрымаць маладых спецыялістаў у краіне беларускія ўлады лічаць мэтавікоў, колькасць якіх павялічваюць кожны год. Лукашэнка назваў іх «достойными людьми, которые идут и работают».

— Па інфармацыі міністра, яны скарацілі колькасць платных месцаў на паўтары тысячы чалавек, перш за ўсё за кошт журналістыкі, ФМО ды іншых факультэтаў, якія з’яўляюцца рассаднікамі іншадумства.

Таксама знізілі набор больш чым на 500 месцаў у сталічныя ВНУ. Бо ў сталіцы ў большай ступені можна сфармаваць палітычна ненадзейнае асяроддзе.

Пры гэтым павялічылі колькасць месцаў у медыцынскія ВНУ на 10% і на 4-5% — на педагагічныя спецыяльнасці.

І большасць з новых месцаў адводзіцца сапраўды для мэтавікоў, якіх набіраюць у самыя «пацярпелыя» ад недахопу спецыялістаў сферы — медыцыну, сельскую гаспадарку, адукацыю.

Нягледзячы на тое, што тэрмін адпрацоўкі пасля такога навучання ад пяці гадоў, кожны год колькасць мэтавікоў павялічваецца.

Пад мэтавікоў выдзяляюць і выдзяляюць месцы, гэта нагадвае мабілізацыю, то-бок яны як рэкруты.

— Лукашэнка абвясціў нараду па адукацыі, такую ж як нядаўна адбылася ў медыцыне. Гэта трэнд такі?

— Я ўвесь час нагадваю добрую метафару, якую пачуў ад Сяргея Чалага: Лукашэнка пасля выбараў 2020 года пераўтварыўся ў такога АнтыМідаса. Калі пасля Мідаса ўсё ператваралася ў золата, то пасля Лукашэнкі — у дзярмо.

Лукашэнка страціў сваю эфектыўнасць. Што цалкам зразумела ў такіх хаатычных умовах, калі ўсё грамадства наэлектрызаванае, калі ідзе вайна, усе знаходзяцца ў жаху.

І ён таксама нагадвае чалавека, які знаходзіцца ў псіхалагічным крызісе. Ён нібыта спрабуе выкарыстаць сітуацыю, каб нарасціць сабе хоць нейкую палітычную легітымнасць, паказаць сябе добрым царом на фоне дрэнных баяраў, але ці спрацоўвае гэта зараз?

Бо мы не ведаем, колькі іх засталося, людзей, якія як раз успрымалі такія сцэны як «зараз Лукашэнка разбярэцца».

Пры гэтым трэба адзначыць, што якасць адукацыі ніякімі нарадамі павысіць, канешне, не атрымаецца. Але ж і пытанне стаіць ужо не аб якасці, а аб тым, як не зруйнаваць цалкам сістэму, якая буксуе на кожным кроку.

Ці вы думаеце, што хтосьці будзе глядзець на якасць тых мэтавікоў, якіх трэба набраць усё роўна? Тут ужо не да якасці, а толькі б не пасыпалася ўсе наогул.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)