Але ўсё ж судзіць трэба тых людзей, якія могуць панесці за гэта пакаранне. Бо ёсць жа яшчэ і нормы судовых працэсаў, паводле якіх павінна быць абарона, прэзумпцыя невінаватасці, можа быць калегія прысяжных. Існуе шмат механізмаў, задача якіх зрабіць прысуд легітымным. Таму што вельмі важна, каб рашэнне суда было абгрунтаваным і ўспрымалася як справядлівае.
Ластоўскі: «Можна заўважыць, што не адбываецца судоў над этнічнымі расейцамі, сярод якіх падчас Другой сусветнай вайны таксама была вялікая колькасць калабарантаў»
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі ў каментары Филину — пра суды над памерлымі.
У Вярхоўным судзе Беларусі прайшоў чарговы працэс над памерлым — Антанаса Гецявічуса прызналі вінаватым у генацыдзе беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. Дарэчы, сам абвінавачаны памёр 24 гады таму.
Гэта ўжо сёмая такая справа ў Беларусі за апошнія гады. За генацыд былі асуджаныя даўно памерлыя Уладзімір Катрук (справа Хатыні), Канстанцін Смоўскі, Сямён Серафімовіч, Аляксандр Ярмольчык, Восіп Вінніцкі, Ганс Зіглінг.
Аб тым, што дэманструюць гэтыя працэсы і дзеля чаго ладзяцца, «Филин» паразмаўляў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеям Ластоўскім.
— Само з’яўленне такіх працэсаў выклікае здзіўленне, таму што гэта супярэчыць міжнароднай практыцы, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Так, у гісторыі чалавецтва здзяйснялася шмат злачынстваў і яшчэ з Нюрнбергскага трыбуналу ўпершыню была ўведзена адказнасць за міжнародныя злачынствы.
Усе ведаюць пра жудасны генацыд, які здзяйсняўся ў дачыненні да яўрэяў, і пра іншыя злачынствы супраць чалавецтва падчас вайны.
І тут па сутнасці выкарыстоўваюцца сапраўдныя злачынствы, мы не можам спрачацца, што многія з тых, хто зараз праходзіць праз гэтыя сімвалічныя «трыбуналы», вядомыя гісторыкам, як тыя, хто непасрэдна ўдзельнічаў у ажыццяўленні злачыннай нацысцкай акупацыйнай палітыкі, хто браў удзел у расстрэлах, карных акцыях і г.д.
Але гэта ўсё мёртвыя людзі. Як іх можна прыцягнуць да адказнасці? Такія суды мелі б сэнс, калі б гэтыя людзі былі жывымі.
Аднак, калі яны былі жывымі, на жаль, па розных абставінах, у сувязі з «халоднай вайной» існаваў недавер да сведчанняў, якія выходзілі з Савецкага Саюзу, і да аб’ектыўнасці савецкага суда.
Потым такое стаўленне перанеслася і на постсавецкую прастору. Гэта прывяло да таго, што многія краіны сапраўды не выдавалі злачынцаў, якія там аселі і дажылі да сваёй смерці.
Безумоўна, гэта несправядліва, пра што трэба пісаць, тлумачыць, каб падобнага не здзяйснялася ў будучыні. Але судзіць такіх людзей выглядае вельмі дзіўным.
Паўтару, гэта парушэнне міжнародных нормаў і судовых практык. Суд над мёртвымі папросту ператварае такія працэсы ў фарс.
— Ці не нагадваюць вам суды над памерлымі яшчэ адны, падобныя на фарс, — так званыя «завочныя» над палітычнымі апанентамі, якія не жывуць у краіне?
— Так, ёсць паралелі. Гэтыя суды таксама ператвораныя ў фарс, бо іх рашэнні не могуць успрымацца як легітымныя.
У выпадку з «генацыдам» выклікае скепсіс і тое, якім чынам ажыццяўляюцца гэтыя судовыя працэсы. Відавочна, што па ініцыятыве генеральнай пракуратуры.
І мы бачым вынік такой дзіўнай аберацыі, калі фактычна пытаннямі складанай гісторыі, масавых злачынстваў падчас вайны займаюцца не гісторыкі, а супрацоўнікі генеральнай пракуратуры.
Менавіта яна ўзяла на сябе вядучую ролю ў тым, што яны называюць «справамі пра генацыд беларускага народа» і што ператварылі ў крымінальную справу.
Хаця, па сутнасці, як сказаў, гэта павінна быць пытаннем гісторыі. Яго павінны даследаваць гісторыкі, уносіць у публічную памяць праз публікацыі, праз абмеркаванне.
Патрэбны комплексны падыход з прыцягненнем замежных архіваў, з абмеркаваннем з замежнымі гісторыкамі, якія займаліся вывучэннем перыяду нацысцкай акупацыі. Замест гэтага мы бачым вось такую ізаляцыю і арганізацыю штучных працэсаў.
І паколькі тэма гістарычнай памяці стала настолькі важнай, генпракуратура выкарыстоўвае яе як нейкі сімвалічны рэсурс, каб паказаць сваю значнасць. Каб паказаць, што яны працуюць, выконваюць нейкую важную місію.
— То-бок яны гэта робяць, каб прадэманстраваць сваю занятасць?
— Сілавы апарат у РБ — гэта некалькі структур, якія досыць канкурэнтныя. І ўсе яны змагаюцца за рэсурсы, за тое, каб паказаць сваю нейкую значнасць ва ўладнай іерархіі.
І вось генеральная пракуратура проста «асядлала» гэту тэму генацыду і эксплуатуе. Пачалося ўсё, калі на чале быў яшчэ Швед, і працягваецца дагэтуль.
Думаю, што гэта і спроба таксама весці прапаганду — унутры краіны, і звонку. Бо ў тым ліку тэма генацыду была звязаная са спробамі дыскрэдытацыі прыхільнікаў пратэстаў.
Іх хацелі атаясамліваць з калабарацыяністамі Другой сусветнай вайны, нацысцкай акупацыі, быццам бы і ўдзельнікі пратэстаў тыя ж самыя «неанацысты», якія выкарыстоўваюць падобныя тэрарыстычныя метады і сімволіку.
Таксама заўважна, што гэта і адна з тэмаў у супрацьстаянні з еўрапейскімі дзяржавамі, асабліва — з суседзямі. Адметна, што тут выкарыстоўваюцца гістарычныя сюжэты з удзелам ўкраінцаў, палякаў ці літоўаў, як у выпадку апошняга суда над Антанасам Гецявічусам.
То-бок глядзіце, гэта нашы суседзі, і яны прымалі ўдзел у генацыдзе беларускага народу. А сённяшнія ўлады, па-першае, пакрываюць сваіх злачынцаў, не дапамагаюць беларускай пракуратуры ў расследаванні гэтай справы, а, па-другое, працягваюць палітыку ізаляцыі.
І нашы суседзі пераўтвараюцца ўжо ў такіх адвечных ворагаў, якія толькі і імкнуцца, што знішчаць беларускі народ.
Пры гэтым можна заўважыць, што не адбываецца судоў над этнічнымі расейцамі, сярод якіх падчас Другой сусветнай вайны таксама была вялікая колькасць калабарантаў.
Асабліва можна ўзгадаць Рускую вызваленчую народную армію, падраздзяленні якой бралі ўдзел у тым ліку і ў карных аперацыях супраць мясцовага беларускага насельніцтва.
— Суды над памерлымі — гэта беспрэцэдэнтныя выпадкі ці штосьці падобнае ёсць яшчэ дзесьці?
— Каб судзілі менавіта памерлых злачынцаў, я не магу сказаць, што такое ёсць яшчэ дзесьці, прынамсі калі казаць пра цывілізаваны свет і пра сучаснасць.
Читайте еще
Избранное