А такія дзеянні рэжыму, спадзяюся, стануць падставай, каб адбыліся яшчэ больш сур’ёзныя крокі насустрач беларусам.
Котаў: «Такія дзеянні рэжыму, спадзяюся, стануць падставай, каб адбыліся яшчэ больш сур’ёзныя крокі насустрач беларусам»
Палітолаг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта і пасольства Беларусі ў Варшаве — аб праблеме з пашпартамі.
— Праблемы могуць з’явіцца ў многіх. Але я маю надзею, што праблемы будуць у моманце, таму што гэта можа стаць і дадатковым аргументам, каб палепшыць працэдуру выдачы дакументаў у Літве, Польшчы, — выказаў меркаванне Анатоль Котаў на Радыё Свабода. — Польшча, дарэчы, ужо зрабіла шмат крокаў у кірунку менавіта становішча беларусаў, якія масава выязджаюць у гэту краіну.
Яна першая ўвяла гуманітарныя візы, пазней гуманітарны від на жыхарства. Зараз вельмі спрасціла парадак атрымання дакументу, які замяняе пашпарт, як раз у такіх выпадках, калі яго немагчымага замяніць.
Розныя краіны па-рознаму ставяцца да знешняй эміграцыі. І пасля 24 лютага 2022 стаўленне да беларусаў змянілася. Але ёсць тыя, хто разумее, што да іх з’язджаюць перад усім адукаваныя людзі, якія жадаюць працаваць і ўладкоўвацца на новым месцы.
Палітолаг пагаджаецца з думкай аб тым, што адбылася чарговая спроба рэжыму ўскладніць жыццё беларусам, якія з’ехалі з краіны хаваючыся ад рэпрэсій. Ён лічыць, што да такіх дзеянняў беларускую ўладу падштурхнуў правал ідэі з вяртаннем праз спецыяльную камісію.
— Прыкладна паўмільёна беларусаў з’ехалі з краіны толькі ў апошнюю хвалю эміграцыі. На працягу трох гадоў 15-20% з іх ужо сутыкнуліся неўзабаве з тым, што іх пашпарт несапраўдны.
Вырашэннем гэтай праблемы з’яўляецца як раз спрашчэнне атрымання дакументаў краіны, якая прымае нашых грамадзян. Усё гэта вядзе да таго, што галоўным дакументам, які пацвярджае асобу, будзе пасведчанне аб нараджэнні.
Рэжым убачыў, што не працуе механізм камісіі па вяртанні, таму трэба проста зрабіць чарговую непрыемнасць беларусам, якія з’ехалі.
Гэта можа быць даволі балючым, але з іншага боку, гэта як раз павінна падштурхнуць дэмакратычныя сілы да працы з краінамі прыбывання беларусаў, па-першае, каб ім хутка выдавалі іншыя дакументы, якія пацвярджаюць асобу на падставе таго, што ў іх ёсць, тое ж пасведчанне аб нараджэнні.
Па-другое, канешне, гэта ставіць пад сур’езны знак пытання законную сілу ўсіх такіх крокаў беларускага рэжыму.
Не думаю, што шмат людзей вырашаць згуляць у гэтую гульню. Зараз можна пазбавіцца магчымасці прадаць кватэру, а калі ты пачынаеш гуляць па гэтых правілах і едзеш у Беларусь, ты яшчэ можаш пазбавіцца і свабоды. Гэта трэба разумець.
Параіць магу, калі нехта яшчэ не займаўся пытаннямі легалізацыі ў краіне сваёй эміграцыі, трэба тэрмінова гэта рабіць.
Да таго ж былы супрацоўнік амбасады заўважыў, што з такімі новаўвядзеннямі адпадае неабходнасць у наяўнасці саміх беларускіх пасольстваў.
— Няма насамрэч ніякіх падставаў ужо некалькі год, каб знаходзіліся пасольствы Беларусі ў многіх краінах. Кантакты ў іх вельмі абмежаваныя, эканамічнае супрацоўніцтва таксама. Бізнесмены, якія сабе паважаюць, не пойдуць у беларускую амбасаду з нейкай інвестыцыйнай прапановай.
Беларусаў, якія тры гады былі вымушаны наведваць амбасады для вырашэння праблем з дакументамі, зараз не будзе.
Читайте еще
Избранное