Филин

Ірына Марозава

Котаў: «На «беларускага забойцу» MS Office рынкавага запыту няма. Таму яго і не распрацоўваюць»

Спецыяліст у галіне інфармацыйнай бяспекі — пра тое , як у Беларусі плануюць умацоўваць «лічбавы суверэнітэт». І што з гэтага, імаверна, атрымаецца.

У Беларусі хочуць стварыць уласную аперацыйную сістэму, веб-браузер, а таксама комплекс офісных праграм. Такія планы агучыў кіраўнік Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.  

Насамрэч падобная спроба ўжо была амаль 20 год таму, калі праектам мусіла займацца цэлая Акадэмія навук — але відавочна нешта пайшло не так, і з 2005 года прарываў у гэтай сферы нешта не чуваць.

Пра тое, ці ёсць сёння каму гэтым праектам займацца, ці хопіць на яго грошай і, галоўнае, які ў гэтым сэнс, Филин пагутарыў з палітолагам, былым віцэ-старшынёй недзяржаўнай Асацыяцыі развіцця рынку інфармацыйнай бяспекі Анатолем Котавым.

— На першы погляд, заявы пра ўласную аперацыйную сістэму для Беларусі выглядаюць ці то як дзіч, ці то як анонс маштабнага «распілу» грошай. Ці ёсць у гэтых ідэях рацыянальнае зерне?

— Гэтую ініцыятыву трэба падзяліць на дзве часткі, — зазначае Анатоль Котаў, — бо ёсць, так бы мовіць, агульнае выкарыстанне аперацыйных сістэмаў і нейкіх дадаткаў, а ёсць выкарыстанне ў спецыфічных мэтах — скажам, для вайскоўцаў, паліцыі, спецслужбаў і г.д.

Калі мы кажам пра агульнае ўжыванне — больш распаўсюджанае, больш папулярнае, больш ёмістае, — то мэтазгоднасць распрацоўкі ўласнай АС ці чагосьці такога ж кшталту дыктуецца рынкам.

У межах малой краіны, якой з’яўляецца Беларусь, дзе 5,5-6, ці нават 7 мільёнаў карыстальнікаў (і тое, напэўна, з усімі дзецьмі, якія маюць магчымасць працаваць ці са стацыянарным кампутарам, ці са смартфонам), гэта не мае аніякага сэнсу. Хіба, сапраўды, можна казаць пра «распіл» бюджэту, ці продаж таго, чаго няма ў рэчаіснасці.

(Заўважым, што паводле падлікаў Белстата, колькасці карыстальнікаў інтэрнету ў Беларусі за 2023 год амаль удвая большая — 11,9 млн фізічных асоб, але тут гаворка пра колькасць заключаных дамоваў, таму і атрымліваецца парадаксальная лічба, калі колькасць абанентаў інтэрнет-правайдараў большая за колькасць насельніцтва краіны — Ф).

Анатоль Котаў дадае, што ў пагоні за лічбавым імпартазамяшчэннем магчыма, як назіралася не раз, прыладжванне новага «фасаду» да ўжо існуючых напрацовак. Такіх кастомных напрацовак і вітрын на базе Linux розных мадыфікацый у інтэрнэце хапае, і гэта можна зрабіць адносна танна, але выдаць за дарагую, складаную і ўнікальную працу.

Праўда, пытанне, ці будзе такая кастомная зборка канкурэнтнай на рынку, бо многія каманды, якія працуюць у сферы шмат год, робяць тое ж самае абсалютна бясплатна.

— Падаецца, прыкладна па такім шляху пайшлі ў Расіі, — зазначае эксперт, прыводзячы  прыклад з «першай расійскай» мабільнай АС «Аўрора». Дзяржкарпарацыя набыла чужую распрацоўку, да праектаў з адкрытым зыходным кодам выканаўцы далучылі шэраг закрытых кампанентаў і прадставілі гэта як першую айчынную аперацыйную сістэму.

— Але гэты прадукт наўрад ці будзе карыстацца попытам, — мяркуе Анатоль Котаў, — таму што на рынку праграмнага абсталявання (ПА) з адкрытым кодам таксама ёсць канкурэнцыя. Тое самае з браўзерам: калі мы кажам пра грамадзянскае выкарыстанне, гэта не ўяўляецца мэтазгодным, прынамсі каб не «распіліць» грошы, а зарабіць іх.

Калі ж гаворка пра другую частку — для закрытага і абмежаванага ўжывання, — то амаль у кожнай краіне існуюць пэўныя распрацоўкі для сваіх вайскоўцаў і спецслужб, каб тыя не карысталіся праграмамі і дадаткамі, што патэнцыйна могуць з’яўляцца небяспечнымі.

Аднак, на думку эксперта, падобныя рэчы і без таго ўжо існуюць і не маюць патрэбы ў шырокай рэкламе. У адрозненне ад даволі адкрытай навуковай сеткі BASNet, якая была створана для беларускай Акадэміі навук і ахоплівае таксама бібліятэчную сістэму, такія рэчы замкнёныя ў межах канкрэтных сістэм — таго ж Мінабароны, МУС і іншых ведамстваў.

На распрацоўцы такога ПА, дарэчы, нядрэнна зарабляе дзяржаўнае прадпрыемства «Агат Sistems», якое якраз стварае (ці робіць выгляд, што стварае) сістэмы для, скажам так, не адкрытых карыстальнікаў.

Аднак у межах усёй краіны — з гэтага можна смяяцца і кпіць. Такія рэчы можа сабе дазволіць, прыкладам, Паўночная Карэя, бо яна адрэзаная ад знешняга свету. У нейкай ступені такім шляхам «суверэнізацыі інтэрнету» пайшоў Кітай — але там і рынак больш за 1 мільярд карыстальнікаў, гэта мае сэнс.

— Акурат аб тым падумалася, што трэба быць Кітаем, у сэнсе маштабу тэхналагічных і фінансавых магчымасцяў, каб дазволіць сабе падобнае.

— Самае галоўнае, што гэта мусіць быць мэтазгодным, каб не выкідваць грошы на немаведама што. Дый то, Кітай не адключаецца ад сусветнага павуціння на 100%.

Можна пайсці і расійскім шляхам, проста атрымаць грошы з бюджэту і «папіліць». Аднак пры бліжэйшым разглядзе высвятляецца, што ўсе гэтыя «ўнікальныя» распрацоўкі — проста падман, тое, што можна набыць на ўмоўным «Аліэкспрэсе» ці ў AppStore, гатовы дадатак, трошкі кастамізаваны і выдадзены за айчынныя распрацоўкі.

Шчыра кажучы, Расія, а ў сваю чаргу і Беларусь, ідуць шляхам традыцый Савецкага Саюза, які бязбожна і не вельмі добра капіяваў заходнія распрацоўкі і выдаваў іх на айчынным рынку за свае. Аднак гэта можна было рабіць у СССР, але ў межах адкрытай гаспадаркі ўжо немагчыма. І мы помнім, што было ў Беларусі з «айчыннымі» маніторамі Integral ці айчыннымі смартфонамі, на якіх з айчыннага была толькі налепка.

— Мо, і тут на выхадзе атрымаецца нешта кшталту ноўтбукаў «Гарызонт», якія стартавалі ў продаж з 12% айчынных камплектуючых?

— І тое я не ведаю, як гэтыя 12% налічылі — калі лічыла Цэнтральная выбарчая камісія, то можа быць.

І яшчэ варта ўлічваць, гаворачы пра айчыннае праграмнае забеспячэнне, што зараз у Беларусі з пэўных прычын ужо няма кампаній, параўнальных з Microsoft, ці суполкі распрацоўшчыкаў, параўнальных з тымі, хто працуе над новымі версіямі Linux.

Таму што няма і каму гэта рабіць. А калі зазірнуць далей, гэта ж трэба будзе ўкараняць, прызвычаіць карыстальнікаў да нейкіх прадуктаў, якімі можна карыстацца толькі ў межах адной краіны — і зноў паўстае пытанне мэтазгоднасці.

То бок, паставіць задачу нешта распрацаваць,  каб тым ці іншым чынам «асвоіць» грошы можна. Але практычнага прымянення гэта мець не будзе. Яшчэ раз паўтаруся: гэта вольны рынак. І калі кампаніі з беларускамі каранямі ствараюць сусветна вядомыя гульні, мэсанджары ці іншыя папулярныя дадаткі, то на гэта попыт ёсць.

На «беларускага забойцу» MS Office рынкавага запыту няма. Таму яго і не распрацоўваюць, — рэзюмуе Анатоль Котаў.