Котаў: Любая нявырашаная праблема дыскрэдытуе «Беларусь з тэлевізара», у якой «рожь колосится, свинья поросится»
Экс-дзяржчыноўнік — пра тое, як умацоўваецца вобраз «Беларусі з тэлевізара» і які крызіс для сістэмы небяспечны.
Саўмін РБ абнавіў пастанову аб пытаннях працы са зваротамі ў дзяржорганы. Цяпер мясцовых чыноўнікаў (на ўзроўні горада, раёна) абавязалі праводзіць тэлефонныя прамыя лініі кожны тыдзень, а рэспубліканскага ўзроўню — раз на месяц. Акрамя таго, кіраўнікам дазволілі перарваць размову і пакласці слухаўку, калі «маюцца падставы меркаваць», што мэта званка — «дыскрэдытацыя РБ, у тым ліку яе дзяржорганаў і службовых асоб».
Такім чынам, стасункі «з народам» будуць адбывацца радзей, а падстаў іх спыніць стане больш. Чым гэта абумоўлена: ці чыноўнікі закрываюцца, каб чуць менш крытыкі і прэтэнзій, ці ствараюць перашкоды блогерам і незалежным медыя, якія нярэдка задаюць вострыя пытанні пад выглядам простых грамадзян, ці мо спрабуюць зрабіць больш эфектыўнай працу мясцовых адміністрацый, каб не даводзілася на ўзроўні ўмоўнай Качанавай вырашаць пытанні вывазу смецця ды рамонту агароджы?
Прычыны змен у працы са зваротамі грамадзян у дзяржорганы і перспектывы ўвасаблення пастановы Саўміна ў жыццё Филин абмеркаваў з экс-чыноўнікам адміністрацыі Лукашэнкі, палітолагам Анатолем Котавым.
— Я сказаў бы, што тут ёсць некалькі супярэчных трэндаў, — зазначае палітолаг. — З аднаго боку, сістэма патрабуе зваротнай сувязі ад грамадзян, каб адчуваць тое, што адбываецца насамрэч у краіне, чым задаволеныя ці, наадварот, незадаволеныя людзі. А ў тым эканамічным і палітычным становішчы, у якім цяпер знаходзіцца краіна, беларусаў хвалююць збольшага праблемы побытавыя: тая самая агароджа, наяўнасць гарачай вады, стан дарог і гэтак далей.
Гэта ўсё пытанні да мясцовай улады — таму іх прымушаюць часцей размаўляць з грамадзянамі, каб больш аператыўна ўнікаць у іх запыты і не перакідваць на больш высокі ўзровень. То бок, сістэма спрабуе стварыць больш надзейны канал зваротнай сувязі ад грамадзян, каб хутчэй вырашаць дробныя праблемы, бо яны складаюць пераважную большасць зваротаў.
А з другога боку, прасоўваецца супярэчны трэнд, я б яго акрэсліў так: чыноўнікі жадаюць жыць у той краіне, якую паказваюць па тэлебачанні. Таму з’явілася агаворка аб тым, што можна пакласці слухаўку, калі ёсць падазрэнні, што зварот мае на мэце «дыскрэдытацыю краіны». Пад «дыскрэдытацыю» ж можна падвесці, пры жаданні, усё, што заўгодна.
Непрацуючы завод, дарога ў дзірах як нядбайнасць уладаў — любая невырашая праблема на любым узроўні дыскрэдытуе «Беларусь з тэлевізара», у якой усё ідэальна, «рожь колосится, свинья поросится».
Рознаскіраваныя трэнды, гаворыць Анатоль Котаў, дзіўным чынам сышліся ў адной пастанове, як плюс і мінус адначасова: трэба было б і дробныя праблемы вырашаць, пакуль яны не ператварыліся ў нешта большае і не сталі агульнымі, але пры гэтым «наверсе» хацелі б наогул гэтых праблем не чуць і не бачыць, а жыць у прыўкраснай Беларусі, якой яе малююць прапагандысты. А гэта так не працуе:
— Можна 100-адсоткава прагназаваць, што чым далей, тым больш размоў будуць адбывацца для птушачкі і абрывацца на паўслове, бо ўсё большая колькасць чыноўнікаў будзе абмяркоўваць хіба тыя праблемы, якія ў стане хутка вырашыць.
У нармальнай краіне тыя самыя звароты грамадзян могуць быць агучаныя праз незалежныя медыя, але ў Беларусі іх цяпер няма, а канал для сувязі, які ствараюць самі чыноўнікі, робіцца такім чынам, каб найменей ім напружвацца.
Яшчэ адзін момант, на які звяртае ўвагу Анатоль Котаў, — магчымыя наступствы для тых беларусаў, хто будзе звяртацца на прамыя лініі з крытыкай. Калі гэта палічаць «дыскрэдытацыяй», чалавек трапляе ў непрыемную, мякка кажучы, сітуацыю, і тыя органы, якія павінны ахоўваць правы грамадзян, возьмуцца не за агучаную праблему, а за самога чалавека. То бок, замест механізму вырашэння праблем ствараецца дадатковы рэпрэсіўны механізм самаданосу.
— Калі гэта пачне працаваць так, натуральна, людзі будуць баяцца і менш звяртацца на «прамыя лініі», каб не мець праблем ад гэтых званкоў — хай лепш агароджа разваліцца канчаткова, чым па мяне прыйдуць. Але вонкава са змяншэння колькасці зваротаў будзе вынікаць, што праблем у краіне менш і ўсе жывуць лепей.
Зрэшты, мяркуе палітолаг, назапашванне праблем гаспадарчага кшталту не стане штуршком да хутчэйшага развалу дзяржсістэмы:
— Калі б падобнае адбывалася на мікраўзроўні, на асобных прадпрыемствах — гэта было б банкруцтва, ці змена кіраўніцтва, падзел на некалькі прадпрыемстваў і новы старт. Але дзяржава — такі інстытут, які з пункту гледжання гаспадаркі вельмі цяжка банкрутуецца.
Калі браць прыклады, блізкія да Беларусі — паглядзім на Венесуэлу, дзе была і знешняя гандлёвая блакада, і высокая інфляцыя, але ўсё гэта не прывяло да змены рэжыму: проста народ стаў бяднейшы, а дзяржава Венесуэла як існавала, так і існуе. Ці Аргентына, якая цягам апошніх 10 гадоў перажыла не адзін дэфолт, але як дзяржава захавалася.
Таму безгаспадарчасць, мяркуе Анатоль Котаў, будзе апошнім чыннікам, які прывядзе да развалу сістэмы: «пакуль грошай хапае на сілавікоў, рэжым працягне існаваць».
Але пературбацыі, дадае палітолаг, з высокай доляй верагоднасці пачнуцца ўжо ў наступным годзе:
— Калі дзяржава робіцца бяднейшай, калі алігархам і набліжаным застаецца менш магчымасцяў зарабляць, яны пачынаюць сварыцца паміж сабой. Да таго ж ёсць такія сур’ёзныя фактары, як Расія і Кітай, якія пазычаюць грошы, а потым не могуць іх вярнуць. Адзін са спосабаў вяртання — пачынаць забіраць маёмасць. І тут вельмі верагодныя канфлікты, як унутры эліты, так і са знешнімі чыннікамі.
Мы бачым, што адбываецца ў РФ, калі ў замежных інвестараў фактычна забіраюць, нацыяналізуюць прадпрыемствы. Хутчэй за ўсё, і Беларусь гэта не абміне, і можа падвысіць незадаволенасць так званых эканамічных эліт краіны, ці сапраўдных, ці намінальных уласнікаў бізнесу, дый сілавых структур, паміж якімі падзеленая па сферах уплыву фактычна ўся гаспадарка.
Такім чынам, унутраныя праблемы рэжыму, верагодна, будуць звязаныя з маёмасцю і кланамі, якім яна належыць ці якімі «крышуецца». І вось гэты крызіс для самой сістэмы больш небяспечны, чым збядненне грамадства.
Читайте еще
Избранное