Кныровіч: «Ва ўладаў, відаць, уяўленне, што майнінг — такая штука, калі ўключаеш святло, а яна пачынае выпрацоўваць золата»
Бізнесмен на Филине — пра тое, ці перспектыўная ідэя «кляпаць крыптавалюту» пад Свіслаччу.
Кітайскія інвестары шукаюць месца пад майнінг-ферму — на Гродзеншчыне, але не ў Астраўцы ці недзе бліжэй да БелАЭС, а ў гарадскім пасёлку Свіслач. Як паведаміла мясцовае выданне «Свіслацкая газета», ужо адбылася сустрэча бізнесменаў са старшынём райвыканкама Аляксандрам Вярсоцкім і нават агляд магчымых пляцовак для будаўніцтва.
У гэты ж дзень міністр энергетыкі РБ Віктар Каранкевіч распавёў на прэс-канферэнцыі, што майнінг — адзін з кірункаў павелічэння спажывання электраэнергіі ў краіне. Асобныя аб’екты, паводле яго слоў, ужо працуюць, а інтарэс да новых праектаў праяўляюць прадстаўнікі Кітая і Расіі. На сёння ж, калі верыць прадстаўнікам канцэрну Белэнерга, у нашай краіне майнінгавых фермаў ажно дзве: на базе Бярозаўскай ГРЭС і Мінскім заводзе шасцерань.
Дарэчы, Лукашэнка ідэю майнінгу ўхваліў яшчэ раней — у 2021 годзе падчас наведвання інавацыйнага цэнтру «Гарызонт» правіцель заявіў, што «можна будаваць фермы і кляпаць гэтую валюту».
Падобна на тое, што ўлады нарэшце вызначыліся, куды падзець электрычнасць з БелАЭС. Але наколькі гэта перспектыўная ідэя — будаўніцтва майнінг-фермаў, і што з яе атрымае Беларусь? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з бізнесменам Аляксандрам Кныровічам.
— Я цалкам не веру ў гэту ідэю, — зазначае ён. — Бо адразу ўзнікае некалькі пытанняў да падобнага праекту.
Па-першае, энергія ад БелАЭС каштуе ў 1,5 разы даражэй, чым электраэнергія ад Ленінградскай АЭС. У Расіі такая самая перавытворчасць электрычнасці, як у Беларусі, і размяшчэнне такой фермы дзе-небудзь у Ленінградскай вобласці было б значна больш эфектыўным — у тыя ж 1,5 разы. Таму пытанне, чаму гэтая ферма мусіць быць недзе пад Свіслаччу, а не ў Расіі.
А зменшыць кошт энергіі ад Беларуская АЭС — значыць, працаваць у мінус. Бо БелАЭС нагружаная крэдытам, які пры сённяшніх цэнах будзе аддавацца гадоў 20, а калі знізіць цану на трэць — па сутнасці, ніколі праект не стане акупляльным.
Другое пытанне, якое ў мяне ёсць да аўтараў праекту. Біткоін, як і іншыя крыптавалюты — гэта ж не нафта, якую ты пампуеш з зямлі і потым прадаеш. У яго ёсць свая цана, хістанні гэтай цаны, эканамічныя ўмовы, пры якіх гэты майнінг становіцца стратным.
Вытворчасць крыптавалюты моцна завязана на яе цану. Ва ўладаў, відаць, уяўленне, што майнінг — такая штука, калі ўключаеш святло, а яна пачынае выпрацоўваць золата.
Але калі паглядзець на графік хістанняў, то атрымліваецца, што ў пэўны момант трэба ўключаць ферму, а ў іншы — выключаць. І гэта абсалютна не вырашае тыя праблемы, што стаяць перад беларускай энеграсістэмай.
Больш за тое, дадае Аляксандр Кныровіч, вялікае пытанне — ці будуць беларусы задаволеныя тым, што ў краіне з’явіцца яшчэ адна вялікая штука, якая будзе рэгулярна то ўключацца, то выключацца?
— І трэці момант, хоць мушу адзначыць, што тут я не цалкам кампетэнтны — калі я зазірнуў у леташнія лічбы агульнага сусветнага спажывання электраэнергіі на майнінг, гэтыя паказчыкі меншыя, чым магутнасць беларускай АЭС.
То бок, можна, вядома ж, размясціць гэту ферму ў Беларусі, можна атрымаць з яе пэўную выгаду — альбо не атрымаць. Як і ў любым бізнесе, тут магчыма і зарабіць, і страціць. Але ўсё адно гэта не вырашыць праблему перавытворчасці электрычнасці (бо АЭС у беларускай энергасістэме — лішняе звяно, і нам зусім не трэба было столькі энергіі і не было патрэбы будаваць АЭС).
Выгаду ж ад рэалізацыі гэтага праекту атрымае, быць можа, інвестар, у залежнасці ад таго, наколькі ўдала ці няўдала пойдзе справа. Але майнінгавая ферма фактычна не патрабуе абслугоўвання, адпаведна, нельга сказаць, што ад гэтага вырасце заробак у Свіслацкім раёне ці дзе-небудзь яшчэ.
Такім чынам, падсумоўвае бізнесмен, адназначна перспектыўнай ідэя не выглядае. Зарабіць на ёй, пэўна, магчыма, калі інвестар разбіраецца ў тэме, але для дзяржавы гэтая ферма асаблівай выгады не нясе і пытанняў у сферы энергетыцы не вырашае.
— Але ж у Лукашэнкі заўжды хапае фантазіі на вар’яцкія праекты, — зазначае Аляксандр Кныровіч. — I на космас, і на БНБК. Было здавалася, што гэта будзе паспяховы праект, першы з беларускіх дзяржаўных — але не, выявілася, што Надзея Каткавец і былы збеглы прэм’ер Кыргызстана акурат такія ж, як і ўсе беларускія чыноўнікі — забраўшы і змарнаваўшы на біятэхналагічную карпарцыю ўжо 620 мільёнаў, яны на гэтым тыдні прыйшлі зноўку прасіць грошы.
Так што — дай бог шчасця тым інвестарам, якія пабудуюць у Беларусі такую ферму, але Лукашэнку грошы ў рукі даваць нельга. І гэта, натуральна, ні ў якім выпадку не павінна быць беларуская дзяржаўная майнінгавая ферма.
Читайте еще
Избранное