Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Маюць значэнне і эканамічныя плюсы, і палітычны складнік, магчымасць «паказытаць нервы» уладам суседніх краін»

Доктар палітычных навук — пра тое, чаму ў Беларусі падоўжылі на 2024 год бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы.

Фота: Delfi.lt

У наступным годзе грамадзяне суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы змогуць прыязджаць у Беларусь у бязвізавым парадку. Прапанову МЗС падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам, бязвіз, які дзейнічае з вясны 2022 года (для Польшчы — з 1 ліпеня 2022-га) падоўжаны ў трэці раз.

Як заявіла прэс-служба правіцеля, за час дзеянні бязвізавы рэжым выявіў «устойлівую цікавасць жыхароў сумежных краін», нягледзячы на супрацьдзеянне іх урадаў. Таксама там упэўненыя, што для літоўскіх і латвійскіх пенсіянераў і маламаёмасных, якія жывуць у памежжы, свабодны ўезд у Беларусь — стабільная крыніца атрымання неабходных медыкаментаў і тавараў.

Натуральна, не абышлося без наратываў пра дэманстрацыю адкрытасці для аднаўлення нармальнага ўзаемадзеяння і «пераадоленне інфармацыйнай блакады» праз міжасабовую камунікацыю.

Але ў сённяшніх варунках ці працуе гульня ў добрасуседства? Навошта гэта беларускім уладам: ці насамрэч колькасць бязвізавых турыстаў істотна паляпшае эканоміку, цібеларускія ўлады дасылаюць нейкі сігнал міжнароднай супольнасці, альбо гаворка выключна пра прапагандысцкую кампанію?

— Па-першае, гэта ўсё ж такі эканамічна выгадна, — зазначае ў каментары Филину дырэктар інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Што значыць, дазволіць бязвіз — ты нічога не губляеш, а людзі ездзяць значна больш пры такіх спрошчаных умовах.

Да таго ж трэба разумець, што беларускія амбасады, асабліва калі браць Літву і Латвію, фактычна дзейнічаюць у вельмі абмежаваным фармаце, зрабіць візы ўсім жадаючым праблематычна — а такім чынам праблема здымаецца.

Стварэнне падобнага каналу выглядае цалкам лагічным і рацыянальным момантам: людзі прыязджаюць, трацяць грошы, укладваюцца ў турызм і так ці інакш павялічваюць паступленне валюты ў краіну.

Гэта можа быць не вельмі заўважна на ўзроўні краіны, але для асобных рэгіёнаў, асобных прадпрыемстваў дае плюс.

Акрамя таго, мяркуе даследчык палітыкі, такі крок дазваляе калі не паляпшаць, то захоўваць стасункі паміж беларускімі ўладамі і пэўнай часткай грамадства краін-суседак. Перадусім гэта актуальна для Літвы і Латвіі, адкуль прыбывае асноўны паток (паводле статыстыкі Дзяржпамежкамітэту, з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў РБ пабывалі больш як 490 тысяч грамадзян Літвы і звыш 181 тысячыграмадзян і 55 тысяч неграмадзян Латвіі — Ф), у дачыненні да Польшчы механізм працуе ў значна меншай ступені.

Наколькі дзейсная сёння тактыка «мы з суседзямі не сварыліся»? Прыхільнікаў беларускіх уладаў, нягледзячы на падзеі апошніх гадоў, у Літве і Латвіі дагэтуль хапае, гаворыць Андрэй Казакевіч:

— Хаця цяжка сказаць, што беларускія ўлады з гэтага могуць наўпрост атрымаць: усё ж гаворка ідзе пра нязначную частку грамадства. Але і шкоды гэта дакладна не наносіць (хіба што, магчыма, некаторыя асобы выкарыстоўваюць безвіз для таго, каб збіраць нейкую інфармацыю, — прынамсі мы не можам выключаць, што такіх людзей няма), а станоўчае стаўленне да Беларусі ў гэтым сегменце грамадства праз такія паездкі замацоўваецца.

Ці можа быць падаўжэнне безвізу крокам, разлічаным на выбары і змену ўрадаў у суседніх краінах — усё ж у Польшчы выбары прайшлі толькі нядаўна, у Літве яны адбудуцца налета, і, магчыма, разлік на тое, каб хоць крыху палепшыць стасункі з новымі ўладамі? Да такога варыянту Андрэй Казакевіч ставіцца досыць скептычна.

Канешне, могуць быць нейкія спадзевы на тое, што можна пачаць, так бы мовіць, дыялог з суседзямі і нават нешта выгандляваць, дабіцца змены стаўлення — але пакуль што ніякіх прыкметаў апошняга няма.

Кансалідацыя па беларускім пытанні паміж рознымі палітычнымі сіламі і структуцрамі, што ў Польшчы, што ў краінах Балтыі вельмі высокая, і ніякія сілы, якія прытрымліваліся стратэгіі зняцця санкцый, у мэйнстрыме не прысутнічаюць.

— Таксама незразумела, якім чынам гульня з прабеларускім і прарасейскім электаратам магла б паўплываць на вынікі выбараў у суседніх краінах — таму, на маю думку, з выбарамі гэтыя дзеянні не звязаныя.

Хутчэй, мяркую, досыць доўгая практыка бязвізавага рэжыму паказала сваю выгоднасць для беларускіх уладаў: пры мінімальных праблемах і рызыках ёсць пэўны плён.

Дарэчы, да яго можна залічыць і той факт, што вялікі паток літоўскіх турыстаў, якія працягваюць ездзіць у Беларусь — значны раздражняльнік для літоўскіх уладаў, якія не раз афіцыйна рэкамендавалі сваім грамадзянам гэтага не рабіць, бо ў РБ іх можа спрабаваць вербаваць КДБ, іх могуць затрымліваць і г.д. Але мы бачым, што гэтыя заявы не дзейнічаюць, а тое, што гэта непрыемна літоўскім уладам, дае беларускім пэўны рычаг уздзеяння, у адсутнасць іншых механізмаў уплыву.

На мой погляд, тут маюць значэнне і эканамічныя плюсы, і палітычны складнік, магчымасць «паказытаць нервы» уладам суседніх краін.