Казакевіч: «Беларусь будзе разглядацца як элемент еўрапейскай сістэмы бяспекі, а таксама як пагроза для гэтай бяспекі»
Палітолаг — пра тое, як гучыць беларускае пытанне на саміце НАТА.
У афіцыйных мерапрыемствах саміту НАТА, які праходзіць гэтымі днямі ў Вільні, прымаюць удзел Святлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Сярод іншага, на палях форуму запланаваная дыскусія аб ролі Беларусі ў забеспячэнні трансатлантычнай бяспекі з удзелам еўрапейскіх палітыкаў, адбылася сустрэча з сенатарамі ЗША, будзе ўздымацца беларускае пытанне і на Грамадскім форуме.
Але што менавіта ў фокусе ўвагі міжнароднай супольнасці, і ці не атрымліваецца, што беларусы і прадстаўнікі краін-удзельніц Альянсу настроены абмяркоўваць розныя рэчы: з беларускага боку — пра вызваленне палітвязняў, абарону незалежнасці і неабходнасць падтрымкі дэмакратычных пераменаў, а з боку Захаду — пра магчымыя пагрозы ў рэгіёне, «вагнераўцаў», ядзерную зброю і далейшы саўдзел рэжыму ў расейскай агрэсіі?
Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітолагам, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.
— Трэба разумець, што НАТА мае свой фармат працы, — нагадвае эксперт. — Гэтая арганізацыя стваралася для вырашэння праблем бяспекі краін-удзельніц, таму натуральна, што Беларусь, перш за ўсё, будзе разглядацца менавіта ў гэтым ключы.
Як элемент еўрапейскай сістэмы бяспекі, а таксама як пагроза для гэтай бяспекі, з улікам таго, што было некалькі захадаў па эскалацыі сітуацыі з беларускага боку (у прыватнасці, міграцыйны крызіс, пасадка самалёта Ryanair), а таксама што Беларусь з’яўляецца часткай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Гэты кантэкст, канешне, будзе найбольш важны. І менавіта ў ім будуць весціся асноўныя дыскусіі і абмеркаванні.
На думку палітолага, асобныя моманты, звязаныя з беларускай праблематыкай, у тым ліку і пытанне дэмакратызацыі краіны, могуць быць узнятыя на ўзроўні дыскусій і зафіксаваныя ў асобных дэкларацыях.
— Але на ўзроўні практычных рашэнняў — не зразумела, якім чынам гэта можа быць прынята, бо фармат дзейнасці НАТА прадугледжвае вырашэнне пытанняў бяспекі: якія пагрозы існуюць, як на іх рэагаваць, якія выдаткі мусяць быць на бяспеку, якім чынам ажыццяўляць супрацоўніцтва з іншымі краінамі, у тым ліку іх інтэграцыя ў якасці сябраў.
Менавіта гэта аснова дзейнасці ўсёй арганізацыі.
— Тым не менш, відавочна, НАТА зацікаўленае ў бяспецы і стабільнасці сваіх усходніх межаў — а гэта акурат датычна Беларусі. Таксама згадаем, што прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы напярэдадні саміту накіравалі да генсека і лідараў краін-удзельніц Альянса ліст, дзе згадана: «народу Беларусі патрэбны выразны сігнал НАТА аб тым, што бачанне дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, не залежнай ад волі Расеі, важна для Альянса».
Якім, на вашу думку, можа быць гэты сігнал?
— Ён можа быць у выглядзе спецыяльнай заявы, дзе будзе пазначаная палітычная пазіцыя краін НАТА па гэтым пытанні. З аднаго боку, я нічога большага проста зараз не чакаў бы — але з другога, гэта таксама будзе важнай падзеяй. Бо гэта можа быць камунікавана ў медыях і паказваць пазіцыю Альянса па беларускім пытанні.
Нейкія іншыя захады, якія мог бы зрабіць Паўночнаатлантычны Альянс, на мой погляд, цяжка знайсці. Бо, яшчэ раз нагадаю, ён усё-ткі займаецца не столькі палітычнымі пытаннямі ў шырокім сэнсе слова, колькі пытаннямі бяспекі і ваеннага супрацоўніцтва.
Читайте еще
Избранное