Политика

Карбалевіч: «Энтузіязм прыхільнікаў сілавога сцэнару трохі зьдзіўляе»

Прывід узброенага паўстаньня. У чым небясьпека стаўкі на сілавы сцэнар.

— Адным з адметных вынікаў канфэрэнцыі ў Вільні стала перамога радыкальнай плыні ў палітызаванай частцы апазыцыйнага электарату, — піша Валер Карбалевіч. — Падчас дыскусій гучалі ваяўнічыя заклікі, гаварылі нават пра пагрозу грамадзянскай вайны.

Валер Карбалевіч

Вялікай папулярнасьцю карысталася ідэя сілавога зрынаньня кіроўнага рэжыму ў Беларусі.

Адказам на гэты запыт палітызаванай грамадзкасьці стала зьяўленьне ў Аб’яднаным пераходным кабінэце, створаным Сьвятланай Ціханоўскай, двух сілавікоў (з чатырох чальцоў). Асабліва вялікі рэзананс выклікала прызначэньне адказным за абарону былога вайскоўца, падпалкоўніка Валера Сахашчыка, які набраў у апошні час папулярнасьць.

Відавочна, што стаўка на сілу стала сёньня дамінантным трэндам у апазыцыйным асяродзьдзі. І прычына гэтай зьявы зразумелая.

Мірныя спосабы ўплыву на зьмены ў краіне не працуюць і іх проста немагчыма прымяніць. Усе легальныя мэханізмы палітычнай барацьбы зьліквідавалі. Улады проста не пакідаюць грамадзтву іншых варыянтаў.

Таксама гэта рэакцыя на масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца, а набываюць новыя рысы. Адчай, несправядлівасьць, бясьсільле перад беззаконьнем зусім натуральна спараджаюць прагу помсты. І гэтая жорсткасьць нарастае з абодвух палітычных флянгаў. Такое прадчуваньне грамадзянскай вайны.

Прычым культ сілавога сцэнару арыентаваны ня толькі ў будучыню, але і ў мінуўшчыну, у 2020 год. У сацыяльных сетках стала папулярнай выснова, што, маўляў, тактыка мірнага пратэсту была памылкай.

Яшчэ адна прычына такіх настрояў палягае ў тым, што ў 2020 годзе ў палітычнае жыцьцё ўступіла значная частка людзей, якія раней палітыкай не цікавіліся. Яны дрэнна разумеюць прыроду палітычных працэсаў і лёгка паддаюцца на сцэнары простых рашэньняў складаных праблем. Такім простым рашэньнем ім здаецца сілавое зрынаньне рэжыму Лукашэнкі.

Нарэшце, вайна ва Украіне падвысіла попыт на сілавыя спосабы барацьбы. А зьяўленьне ва ўкраінскіх ўзброеных сілах падразьдзяленьняў беларускіх добраахвотнікаў увогуле выклікала эўфарыю ў палітызаванай часткі апазыцыйнага электарату.

Энтузіязм прыхільнікаў сілавога сцэнару трохі зьдзіўляе. Маўляў, вось, нарэшце знайшлі чароўную палачку, панацэю — і рэжым будзе зрынуты.

Паколькі будучыня нікому не вядомая, то нельга выключаць ніводнага варыянту. Усё магчыма. Аднак у гэтым відавочным акцэнце на сілавыя спосабы барацьбы ёсьць і нэгатыўны бок.

Па-першае, гэта ўтапічнасьць самой ідэі сілавога зрынаньня ўлады Лукашэнкі ў сучасных беларускіх умовах. У палітыцы няма нічога небясьпечнейшага, чым ілюзіі. Размовы аб стварэньні нейкага беларускага войска за межамі краіны — гэта несур’ёзна.

Па-другое, мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазыцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны, гэта натуральны інстынкт самазахаваньня. І, выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, большасьць беларусаў, пэўна, выбера лукашэнкаўскую дыктатуру.

Па-трэцяе, такія размовы дапамагаюць уладзе разьвянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны канструкт дзяржаўнай прапаганды цягам двух гадоў палягае ў тым, што ў 2020 годзе была спроба гвалтоўнага мяцяжу. Па БТ увесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкненьня дэманстрантаў з АМАПам, падрабязна асьвятляюць судовыя працэсы, у якіх людзей абвінавачваюць у гвалце («тэрарыстычная група Аўтуховіча», «змова» Зянковіча, Фядуты і інш.).

А тут і выдумляць нічога ня трэба: бяры і паказвай фрагмэнты Віленскай канфэрэнцыі з развагамі пра грамадзянскую вайну, гвалтоўнае зрынаньне рэжыму. Гэта ўзмоцніць жорсткасьць рэпрэсій, суды пачнуць выносіць сьмяротныя прысуды.

Па-чацьвёртае, стаўка на сілу ставіць у няёмкае становішча заходніх партнэраў. Адна справа — дапамагаць імкненьню беларускага народу да свабоды ў рамках дэмакратычных мэханізмаў, і зусім іншая — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазыцыі да ўлады. Гэта дрэнна спалучаецца з эўрапейскімі каштоўнасьцямі і ўяўленьнямі аб дэмакратыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(18)