Карбалевiч: «Дадатковая соль на душэўныя раны»
Палiтолаг – пра рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту аб Беларусі.
– Гэтым разам дакумэнт атрымаўся грунтоўным: ён ахапіў, бадай, усе сфэры, у якіх беларускі рэжым парушае правы чалавека і міжнароднае права, – пiша Валер Карбалевiч. – Падобнага кшталту дакумэнты прымаюцца рэгулярна. Папярэдняя рэзалюцыя ЭП адносна Беларусі прымалася ў сакавіку.
Варта зазначыць, што рэзалюцыі ЭП ня маюць абавязковай сілы — толькі рэкамэндацыйны характар. Тым ня менш яны адлюстроўваюць хаду думак, настроі эўрапейскай палітычнай эліты.
Гэтым разам дакумэнт атрымаўся грунтоўным. Здаецца, ён ахапіў усе сфэры, у якіх беларускі рэжым парушае правы чалавека і міжнароднае права. Прыняцьцю рэзалюцыі папярэднічаў выступ у ЭП Сьвятланы Ціханоўскай.
ЭП чарговы раз заклікае вызваліць усіх палітзьняволеных, вітае эўрапейскі выбар дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, лічыць важным яе ўсяляк падтрымліваць Таксама эўрадэпутаты зьвяртаюцца да краін ЭЗ з прапановай спрасьціць беларускім палітычным эмігрантам працэдуру выдачу візаў і дазволаў на жыхарства, а таксама аказаць падтрымку тым беларусам, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускіх дакумэнтаў.
Апошняе цяпер асабліва актуальна.
ЭП заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-члены вывучыць магчымасьць дазволіць прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Сьвятланай Ціханоўскай прадстаўляць Беларусь «на двухбаковых і шматбаковых форумах, у прыватнасьці ў рамках палітыкі «Ўсходняга партнэрства». Калі такая лінія будзе вытрымлівацца, то гэта можа падвысіць міжнародную вагу Аб’яднанага пераходнага кабінэта і, наадварот, зьнізіць вагу афіцыйнага Менску.
У рэзалюцыі адзначаецца, што Беларусь ператвараецца «ў дэ-факта дзяржаву-сатэліт» РФ, і папярэджваецца, што трэба быць гатовымі да фактычнай анэксіі ці акупацыі Расеяй Беларусі. З гэтай нагоды ЭП лічыць, што ЭЗ «павінен распрацаваць агульную стратэгію захаваньня незалежнасьці Беларусі і пераходу Беларусі да дэмакратыі з удзелам міжнародных інстытутаў, такіх як АБСЭ, Рада Эўропы і G7».
Гэта вельмі важны тэзіс. Шкада, што ЭЗ зь вялікім спазьненьнем пачынае разумець: беларускае грамадзтва ва ўмовах дыктатуры сёньня ня ў стане ўплываць на свой лёс; нявырашанасьць унутрыпалітычнага крызісу ператварае Беларусь у крыніцу міжнароднай канфліктагеннасьці, дэстабілізатара рэгіянальнай бясьпекі; без удзелу міжнародных інстытуцый вырашыць беларускі крызіс наўрад ці ўдасца.
Эўрадэпутаты лічаць патрэбным узмацненьне санкцый ЭЗ супраць Беларусі, заклікаюць Міжнародны алімпійскі камітэт і іншыя міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы або любых іншых міжнародных спартовых мерапрыемствах.
І як вішанька на торце: ЭП заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасьць выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі.
Ня першы раз ЭП згадвае гэта пытаньне. 9 студзеня 2023 г. дэпутаты ЭП большасьцю галасоў прынялі рэзалюцыю аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу для прыцягненьня да адказнасьці палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Расеі і Беларусі за агрэсію супраць Украіны. Падобны тэзіс гучаў і ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ад 15 сакавіка гэтага году.
У цяперашняй рэзалюцыі ЭП згадка аб прыцягненьні Лукашэнкі да міжнароднай крымінальнай адказнасьці зафіксавана ў трох пунктах. Па-першае, у пункце 15 рэзалюцыя заклікае да «крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асобаў, якія нясуць адказнасьць або саўдзельнічаюць у фальсыфікацыях выбараў, сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасьці». Хоць прозьвішча Лукашэнкі тут ня згадваецца, але маецца на ўвазе.
Па-другое, у пункце 17 рэзалюцыя заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасьць выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
Гаворыцца пра датычнасьць да такіх дзеяньняў менавіта «самога Лукашэнкі». Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Нарэшце, па-трэцяе, ЭП лічыць (пункт 19), што «спэцыяльны міжнародны трыбунал па расьсьледаваньні агрэсіі, учыненай Расеяй супраць Украіны, павінен валодаць юрысдыкцыяй для расьсьледаваньня ня толькі Пуціна і расейскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, але таксама і беларускага кіраўніцтва; таму заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-члены прыняць усе неабходныя меры для забесьпячэньня крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асобаў, якія зьяўляюцца саўдзельнікамі злачынстваў агрэсіі, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і злачынстваў генацыду, учыненых супраць Украіны».
Магчыма, нехта скажа, што гэтая рэзалюцыя ні на што не ўплывае і для Лукашэнкі яна як камарыны ўкус. Аднак, як бы тое ні было, але пагроза міжнароднага крымінальнага перасьледу, нават у выглядзе пужалкі, гэта дадатковая соль на душэўныя раны.
Акрамя таго, такія закіды маюць непасрэдныя палітычныя наступствы. Абвінавачаньне ў ваенных злачынствах, якое выносіць Эўрапарлямэнт, адзін з найважнейшых палітычных інстытутаў Эўразьвязу, гэта таўро, яно ўжо ня зьнікне і нікуды ня дзенецца.
Цень гэтага абвінавачаньня цяпер будзе навісаць над любымі магчымымі перамовамі Захаду з афіцыйным Менскам і, зразумела, абцяжарваць іх. У пэўным сэнсе яно спальвае для Лукашэнкі масты на Захад.
Читайте еще
Избранное