Карбалевіч: Ці можа пашырэнне санкцый на беларускі рэжым паўплываць на вызваленне палітвязняў?
Каардынацыйная рада прыняла рэзалюцыю па палітвязнях. Ці з’яўляюцца санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі эфектыўнай стратэгіяй па вызваленні вязняў сумлення і ці пойдуць беларускія ўлады на перамовы з апазіцыяй — пра гэта Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерам Карбалевічам.
Падчас абмеркавання стратэгіі вызвалення палітвязняў дэлегаты КР на слуханнях, якія прайшлі ў Варшаве 2-3 снежня, вылучылі ў тым ліку стратэгію павышэння эфектыўнасці санкцый і ўзмацнення ціску на рэжым. Стратэгія прадугледжвае індывідуалізацыю і пашырэнне персанальных санкцый для прадстаўнікоў рэжыму, увядзенне асобнага пакету санкцый за наяўнасць палітвязняў у Беларусі і ўзмацненне кантролю за выкананне санкцый, іх пашырэнне ў выпадку ўзмацнення рэпрэсій.
— Ці лічыце вы санкцыі эфектыўнай стратэгіяй, якая аказвае ціск на рэжым для вызвалення палітвязняў?
— Тут пытанне, ці ёсць іншыя механізмы. Існуе вялікая колькасць аспектаў. Першы тэзіс: асноўныя санкцыі супраць рэжыму былі ўведзены не за палітвязняў, а за іншыя чыннікі: пасадку самалёта з Пратасевічам, міграцыйны крызіс, падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны. Таму і санкцыйны ціск залежыць менавіта ад гэтых іншых чыннікаў, ад замежна-палітычнай арыентацыі рэжыму і найперш ад ступені падтрымкі Расіі ў гэтай вайне.
Другі тэзіс — санкцыі прадпрымаюць краіны Захаду. Іх прымае не Каардынацыйная рада, не беларускія дэмакратычныя сілы, не Аб’яднаны пераходны кабінет, а менавіта заходнія краіны. Яны сыходзяць з тых мэт і задач, якія яны лічаць для іх прыярытэтнымі.
А прыярытэтная для іх вайна ва Украіне і ступень удзелу ў ёй Беларусі, а не палітвязні. Гэта галоўная праблема. Таму не думаю, што тое, якую стратэгію возьме на ўзбраенне Каардынацыйная рада, з’яўляецца важным чыннікам у праблеме ці пашырэння санкцый, ці іх аслаблення, ці захавання статус-кво.
— Каардынацыйная рада таксама агучыла стратэгію гуманітарнага накірунку і перамоўнага працэсу. Пазначана, што вызваленне палітвязняў мусіць быць вылучана ў асобны гуманітарны накірунак і перамоўны працэс.
Ці мае нейкі ўплыў КР на тое, каб распачаць перамоўны працэс з беларускімі ўладамі?
— Калі ўлада не пайшла на перамовы з апазіцыяй у самыя гарачыя дні жніўня-верасня 2020-га года, калі на вуліцы стаялі дзясяткі і сотні тысяч людзей, то сёння, зразумела, ні на якія перамовы не пойдзе. Гэта першае.
Другое — гуманітарны чыннік для беларускіх уладаў мае невялікае значэнне. Любыя перамовы і ўвогуле любая здзелка, торг па пытаннях палітвязняў можа быць часткай нейкага сур’ёзнага павароту ва ўнутранай палітыцы ў бок лібералізацыі, як гэта было ў 2014-2020 гадах, і павароту ў вонкавай палітыцы на шлях нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам. Вызваленне палітвязняў можа быць часткай гэтай змены ў палітыцы.
Пакуль змены ва ўнутранай і вонкавай палітыцы няма, разлічваць на тое, што раптам з нейкіх прычын улады заклапоцяцца правамі чалавека і пачнуць вызваляць палітвязняў, уступяць у перамовы — я пакуль такіх перспектыў не бачу. Назіраю трэнд зусім супрацьлеглы.
— Калі падсумаваць, ці маюць сэнс стратэгіі, якія прапаноўвае Каардынацыйная рада?
— Ведаеце, стратэгіі нікому не перашкаджаюць, няхай яны будуць, іх можна распрацоўваць, вылучаць, агучваць, можна вакол іх дыскутаваць, але пакуль гэта не дае эфекту.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное