І цяпер, каб вырашыць гэтае пытанне, патрэбна не проста палітычнае рашэнне беларускага боку, трэба нейкае ўзгадненне з Расіяй. А куды іх дзяваць гэтых вагнераўцаў? Не думаю, што Лукашэнка сам у захапленні ад іх прысутнасці.
Карбалевіч: «Афіцыйны Мінск будзе імкнуцца па максімуму ціха, асцярожна, без канфліктаў выціснуць вагнераўцаў за межы Беларусі»
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч у экспрэс-каментарыi «Салiдарнасцi» — пра супрацьлеглыя сігналы Лукашэнкі суседзям па ЕС і ці выканае правіцель патрабаванні кіраўнікоў МУС Польшчы і краін Балтыі.
— Беларусь запрасіла прадстаўнікоў Польшчы ў якасці назіральнікаў на вучэнні АДКБ «Баявое братэрства-2023», якія пачнуцца заўтра на Берасцейшчыне. Пра гэта заявіў Лукашэнка на нарадзе Савета бяспекі. Ці прымуць палякі запрашэнне?
— Мне цяжка адказаць на вашае пытанне. Не ведаю, ці пойдзе Польшча на гэтую прапанову. Хачу толькі адзначыць, што нічога незвычайнага не адбываецца.
Нарады Лукашэнкі з сілавікамі пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны адбываюцца дзесьці раз на два тыдні. І сённяшняя нарада планавая, звычайная, нічога нешта такога, што выходзіць за межы нормы, я не бачу.
У сённяшнім выступе Лукашэнкі былі паралельна і агрэсіўныя напады на суседзяў, і пагрозы ў іх бок, і адначасова нейкія прапановы да супрацы, да змяншэння напружанасці. І гэта не нешта новае — супрацьлеглыя сігналы гучаць увесь час. Але для суседзяў важныя не словы, а дзеянні. Але словы не падмацаваныя дзеяннямі.
На парадку дня — вучэнні, і таму Лукашэнка запрашае палякаў. На папярэднія вучэнні таксама запрашалі замежных назіральнікаў. Нічога новага няма. Я не стаў бы рабіць з гэтага сенсацыю.
— Днямі міністр унутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік, каментуючы вынікі кансультацый польскага МУС з краінамі Балтыі ў панядзелак, сказаў, што Польшча гатовая адчыніць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, калі Лукашэнка пойдзе на саступкі. І, у прыватнасці, агучыў умову, якую прынялі на варшаўскай сустрэчы: прыбраць «Вагнера» з Беларусі. Ці пойдзе на гэта Лукашэнка?
— Праблема ў тым, што пытанне пра «Вагнера» — гэта пытанне не толькі чыста ўнутрыбеларускае, гэта пытанне беларуска-расійскіх адносін. З’яўленне тут «Вагнера» было часткай пагаднення пры спыненні мяцяжу напрыканцы чэрвеня.
Некалькі тысяч чалавек — трэба іх неяк падрыхтаваць: ці то выезд у Расію, ці ў нейкія іншыя рэгіёны свету, напрыклад, у Афрыку. Гледзячы па ўсім, зараз кіраўніцтва Расіі імкнецца выцесніць вагнераўцаў з усіх праектаў, якія былі рэалізаваныя. Таму перад гэтымі людзьмі паўстае пытанне, як бы яны самі хацелі вырашыць свой лёс? Гэта патрабуе пэўнага часу.
Мяркую, Лукашэнка хацеў бы, каб вагнераўцы выехалі, але трэба, каб нейкім чынам сама гэтая праблема рассмакталася. Ну а тое, што Лукашэнка заяўляе, што «Вагнер жыў, Вагнер будзе жыць», што гэта несправядлівыя патрабаванні з боку суседзяў, — гэта проста палітычная гульня, бо яму цяпер самому няёмка, ён сам не ў вельмі добрым стане ад таго, што вагнераўцы тут знаходзяцца, але што рабіць. Калі ўпісаўся, трэба неяк гуляць і гуляць да канца.
— А ці зможа Лукашэнка ўтрымліваць фінансава вагнераўцаў, выплочваць ім заробкі, пенсіі?
— Цяжка сказаць. Думаю, пытанне вісіць у паветры, да канца не вырашана, таму што ў Прыгожына былі фінансы, і пэўны час кіраўніцтва «Вагнера» магло трымаць гэтых людзей за свой кошт. Што цяпер будзе — незразумела.
Па-першае, беларускаму войску не трэба столькі інструктараў. Па-другое, вагнераўцы атрымліваюць зусім іншыя заробкі, чым беларускія афіцэры. І калі зараз іх пасадзіць на заробкі беларускіх афіцэраў, наўрад ці яны пагодзяцца. А калі ім плаціць больш, чым беларускім афіцэрам, гэта будзе ропат у беларускіх вайскоўцаў.
Шмат пытанняў узнікае, і ўвогуле, наколькі я разумею, паводле заканадаўства, у беларускім войску не могуць служыць замежнікі. Тут шмат юрыдычных і практычных узнікае праблем.
На маю думку, афіцыйны Мінск будзе імкнуцца па максімуму ціха, асцярожна, без канфліктаў выціснуць вагнераўцаў за межы Беларусі. Я так разумею, гэты працэс ужо адбываецца. Лагер пад Асіповічамі ўжо на траціну скарочаны. Мяркую, гэта толькі пачатак працэсу, і ён будзе працягвацца. Але не як аднаразовая нейкая акцыя, а паціху, паступова.
Читайте еще
Избранное