Напомним, журналистку осудили на 8 лет за «измену государству». Ее супруг Игорь Ильяш прокомментировал в Facebook версию, что Катерину Андрееву могли осудить по делу Сергея Васильева. В прошлом этот житель Гомеля уехал в Польшу и признался в том, что работал на КГБ, дав эксклюзивное интервью журналистке в 2017 году. После Васильев вернулся в Беларусь, где в 2021-м был осужден на 11 лет.
Ильяш в связи с этой информацией написал:
– Мне падаецца гэта версія дастаткова пераканаўчай. З прысуду мінула ўжо амаль 14 месяцаў, а мы па-ранейшаму пазбаўлены магчымасці даведацца, у чым канкрэтна Кацю абвінавацілі, на падставе якіх падзеяў узнікла крымінальная справа і калі тыя падзеі адбыліся. Аднак сам факт таго, што Васільеў, як высветлілі калегі, вярнуўся ў Беларусь і быў у 2021 годзе асуджаны за «здраду дзяржаве» (той жа 356-ы артыкул КК, што і ў Каці) дазваляе зрабіць пэўныя высновы.
Яшчэ ў самым пачатку, калі толькі стала вядома пра абвінавачванне Каці ў «здрадзе дзяржаве», я шмат разоў казаў, што ўпэўнены: схема стварэння новай справы, хутчэй за ўсё, цалкам паўтарае схему першай справы. То бок ёсць нейкі журналісцкі матэрыял, зроблены ў адпаведнасці з усімі прафесійнымі стандартамі, які проста пастанавілі лічыць злачынствам – белае назвалі чорным, нават не спрабуючы нічога даказваць.
У першым выпадку так было са стрымам з плошчы Пераменаў. Што было ў другім выпадку – над гэтым мы ламалі галаву ўвесь гэты час.
У мяне было 4-5 версіяў, за якую рэзанансную журналісцкую публікацыю Кацю маглі пакараць. Аднак гэта былі «голыя» версіі без аніякіх зачэпак, таму пазл не складаўся. Справа ў тым, што калі спецслужбы пастанаўляюць лічыць журналісцкі матэрыял злачынствам, то гэта павінна пакідаць сляды.
Я маю на ўвазе, што людзі, датычныя да гэтага матэрыялу (героі, крыніцы або суаўтары), мусяць таксама стаць абвінавачванымі, падазраванымі ці прынамсі сведкамі. А ні па адной з маіх версіяў я такіх слядоў не знаходзіў. Пакуль калегі не даведаліся пра прысуд Сяргею Васільеву.
Здаецца, гэта як раз той кавалак галаваломкі, якога не хапала. Ён, на мой погляд, тлумачыць усе дзіўныя акалічнасці справы, пра якія я раней казаў:
1) Справу супраць Каці распачалі органы не ў Менску, а УКДБ па Гомельскай вобласці. Хаця Каця ніколі не жыла на Гомельшчыне і яе журналісцкія тэксты, звязаныя з гэтым рэгіёнам, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Акрамя інтэрв’ю з Васільевым, усё астатнія абсалютна шараговыя і бяскрыўдныя, кшталту атмасфернага рэпартажу з Гомля падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны… Затое ў Гомлі жыў і працаваў на мясцовы УКДБ агент Васільеў.
2) Вярхоўны суд (апеляцыйная інстанцыя) скарэктаваў фармулёўку прысуду Каці з «выдачы дзяржаўных сакрэтаў» (як у Васільева) на «шпіянаж». Ну, усё зразумела. Каця не валодала сакрэтамі, а проста задавала пытанні – гэта лагічней нацягваць на «шпіянаж». А ў Васільева застаецца «выдача».
3) Поўная адсутнасць публічнай інфармацыі – нават у фармаце прапагандысцкай прапрацоўкі і зліваў. Ну правільна, занадта далікатная тэма, каб яе ўвогуле закранаць у інфармацыйнай прасторы.
Пры гэтым я наўмысна выношу за дужкі кейс Цыганкова – не гатовы ацэньваць гэтую лінію з расследавання калегаў. Не ведаю, ці мела месца «зачыстка сведкаў», помста або проста спрацавала логіка, «чаму б не пасадзіць журналістку на 8 гадоў, калі цяпер усё дазволена?» Але ў мяне амаль не застаецца сумневаў у тым, што вырак Каці звязаны са справай Васільева.
Таксама хачу паправіць калегаў, якія называюць матэрыял Каці пра Васільева «расследаваннем». Журналісцкае расследаванне – гэта калі ты сам распрацоўваеш ідэю, шукаеш крыніцы, пераконваеш чалавека пагутарыць і выцягваеш новыя факты. Такіх артыкулаў у Каці было шмат.
Але ў дадзеным выпадку гэта было проста інтэрв’ю плюс фактчэкінг. Васільеў сам звярнуўся ў рэдакцыю і сказаў, што хоча распавесці пра сваю працу ў КДБ. Рэдактар даў Каці кантакт гэтага чалавека ў Шчэціне (тады Васільеў жыў у Польшчы) і даручыў пагутарыць з ім. Усё. Па сутнасці, гэта было руціннае рэдакцыйнае заданне: напісаў і забыў. На працягу амаль пяці гадоў нікому і ў галаву не магло прыйсці, што гэту працу можна абвесціць злачынствам.