Гурневіч: «Дзень адзінства» не прыжыв(а)ецца па вельмі простай прычыне
Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра святкаванне «Дня народнага адзінства».
– «Дзень адзінства» не прыжыв(а)ецца па вельмі простай прычыне. Людзі бачаць фальш, асабліва дзеці, – піша Гурневіч. – Па здымку з Дзяржынска, дзе ўлады пачалі «святкаванні», цудоўна бачна, што прыдумаць нічога новага яны не ў стане. І яны гэтага нават не хаваюць.
Я гэта праходзіў амаль 25 год таму ў школе. Званок у настаўніцкую ці ў Дом культуры з «раёна»: «- Вам нада зьделаць празьнік, прыедзет нежданная камісія і всё пракантралірует».
Пачынаецца бегатня, стомленыя бясконцымі званкамі настаўнікі муштруюць дзяцей. Дзеці бачаць, што гэта ўсё паказуха, што там няма шчырасці, абы збыць з рук, для птушачкі.
«Дзеці, белы верх, чорны ніз і хопіць. Будзем спяваць «Крылатые качели», а калі аўтобус з камісіяй будзе выяжджаць са школьнага двара, то «Бывайце здаровы»».
Усё рабілася для кагосьці, для камісіі, з абавязку, ад страху, але ані разу для сябе. Усе чакалі, каб гэта хутчэй скончылася, бо трэба было бегчы заганяць карову з поля, глядзець любімы серыял. Ты ўсім нутром адчуваеш, што гэта нікому не трэба і матаеш сабе на вус, што сапраўднае, а што падробка.
Іншая справа Каляды. Мы самі за месяц стэлефаноўваліся, вучылі песні, рыхтавалі касцюмы. Ужо сама падрыхтоўка была святам. Нехта прапануе каня з санямі, нехта бачыў на гарышчы хаты стары бубен і пабег прынесці.
А ўжо на самі Каляды ў людзей, куды мы заходзілі, былі шчаслівыя вочы, разам спявалі, жартавалі. Мы самі праводзілі Дзень налібацкай моладзі, уручалі ўзнагароды за ўклад у жыццё мясцовай супольнасці.
Самі хадзілі да начальства фермы і прасілі, каб яны пабылі спонсарамі, і нам дапамагалі, давалі пару сотняў даляраў. (Раз прыехала камісія з раёна, якую ніхто не запрашаў з прэтэнзіяй, чаму іх не запрасілі, бо гэта ж можна дадаць у абласны план).
У жніўні ў Налібаках святкуюць фэст святога Баўтрамея каля касцёла, людзі самі туды хацелі, прыяжджалі цэлымі сем’ямі з гарадоў. Урачыстасць адчувалася ва ўсім. Людзі апраналі саму святочную вопраку, не шкадуючы неслі найлепшыя кветкі з агароду, гатавалі пачастункі, а перад святам жанчыны прыбіралі касцёл, а мужчыны касілі ўсё навокал. І цяпер самі людзі робяць святы вуліц. Самі.
Гэта дае ім пачуццё радасці, усё гэта жывое, бо яны робяць гэта для сябе, а не для камісіі з раёна. У нацыянальным маштабе Дзень Волі станавіўся такім святам, у якім многія беларусы адчувалі энэргію, эмоцыі.
Дзень адзінства Беларусі, бясспрэчна, павінен быць. Тое, што наш народ быў падзелены — вялікая несправядлівасць. Але 17-га верасня — найгоршая дата, яна ніколі не аб’яднае. Гэта сімвал пачатку вайны, рэпрэсій, дэпартацый, уцёкаў са сваёй зямлі. Усё чужымі рукамі, з чужой ідэяй, пад чужым сцягам. Ніякай суб’ектнасці Беларусі, выкарыстанне беларусаў у якасці інструмента.
А гэтыя гармонікі каля «Еўраопта», шынэлі, пустыя вочы. Гэта проста крынж. І дзеці гэта адчуваюць лепш, чым дарослыя. Іх не абдурыш. Гэта тыя самыя дзеці, якія праз 10 год стануць дарослымі і будуць пісаць (або думаць) тое ж, што і я тут. Бо я таксама вырас, назіраючы за гэтым фальшам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное