Политика

Экспэрт: Інтэрвію зь Ціханоўскай не магло б быць без указаньня Пуціна

Што азначае ланцуг узаемных выпадаў паміж афіцыйным Менскам і Масквой? Ці дамовіўся Пуцін з Захадам наконт Беларусі? На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.

Марозаў:

Апошнія канфлікты паміж беларускай і расейскай уладамі кладуцца ў лёгіку адносінаў Пуціна з Байдэнам.

Увесь апошні год многія чакалі, што Крэмль прыме разумнае, зразумелае рашэньне наконт Беларусі.

Замест гэтага Крэмль рэзаў кату хвост па кавалках.

4 месяцы таму Пуцін і Байдэн вырашылі неяк урэгуляваць 4 праблемы: каб Крэмль не дэманстраваў альянс з Кітаем, каб прыцішыў хакерскія атакі, Украіна і Беларусь.

Урэгуляваньне ў Беларусі бачылася як нейкае скарачэньне гвалту, які там пануе.

Тое, што мы зараз бачым, — гэта пасланьне Лукашэнку ад Пуціна.

Ты там сядзіш — і сядзі колькі хочаш, канстытуцыйнай рэформы тваёй нам ня трэба, ты толькі скараці гвалт перад наступнай сустрэчай Пуціна і Байдэна.

Рашэньне беларускага пытаньня паводле армянскага сцэнару — прывязваньня Беларусі да Расеі іншым спосабам, чым праз Лукашэнку — гэта сапраўды стратэгічная мэта Крамля.

Пасьля 2014 году Пуціна заходнія палітыкі перасталі ўспрымаць як асобу, зь якой можна пра нешта дамаўляцца.

Кіеў узбройваецца, радыкальна раздражняючы Крэмль.

Паглыбленьне канфлікту Пуціна зь Зяленскім адаб’ецца на стасунках Расеі зь Беларусьсю.

Пуціна можа «пераклініць», і ён вырашыць, што трэба разьмяшчаць у Беларусі войскі, СПА і ракеты.

А Лукашэнку мы зламаем ногі, калі ён не пагодзіцца.

Расейскія вайсковыя выданьні пішуць, што турэцкія баявыя дроны не захопліваюцца частотамі расейскай СПА.

І гэтым Крэмль запалохваюць. Украіна гэтыя дроны і набыла.

Міграцыйны крызіс 2021 году стаў праблемай не з прычыны ягоных памераў, а таму што ён рукатворны, таму што гэта цынічны выклік з боку Лукашэнкі.

І ўсе разумеюць, што Пуцін падтрымаў гэтую гульню.

Пра гэта наўпрост кажуць лідэры ЭЗ — што Пуцін мог бы гэта спыніць, але ня робіць гэтага.

Пуціна задавальняе, што ЭЗ уласнаручна будуе новы мур з калючага дроту на мяжы.

Я не разумею стратэгічнага адказу ЭЗ. З калючага дроту на 5 тысячаў кілямэтраў мяжы выцякае канцэпцыя жалезнай заслоны.

У атачэньні Пуціна ва ўсіх упэўненасьць, што Лукашэнка яго груба падмануў.

Для Лукашэнкі міграцыйны крызіс — гэта форма ўсталяваньня кантакту з Захадам.

У Крамлі гэта так і чытаюць. Міграцыйны крызіс, створаны Лукашэнкам, — гэта ж яго запыт на дыялёг.

І гэта ў Крамлі не падабаецца.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі — гэта сродак падману ня толькі беларускага народу, але і Крамля.

Чаму мы зараз усе абмяркоўваем інтэрвію зь Ціханоўскай?

Таму што Венядзіктаў ня мог бы рабіць гэтага інтэрвію без прамой згоды крамлёўскіх чыноўнікаў, а значыць, і Пуціна.

Да рэфэрэндуму ніякага зацішша ў двухбаковых адносінах ня будзе.

За падтрымку з боку Пуціна і першыя паўгода пратэстаў Лукашэнка расплаціўся перанакіраваньнем транзыту ў расейскія парты.

А ці была ў наступныя паўгода падтрымка з боку Пуціна?

Лукашэнка навесіў на Пуціна адказнасьць за міграцыйны крызіс.

Ня трэба недаацэньваць Лукашэнку, ён у стане пазмагацца за сябе.

Я думаю, што ён усё ж падабаецца Пуціну.

Пуцін рэагуе на яскравае хамства Лукашэнкі ў свой адрас, як прафэсійны піяршчык.

Чым больш агідны, цынічны і вясёлы адказ Лукашэнкі, тым больш ён падабаецца Пуціну.

Гэта паважаюць. А калі ты не знаходлівы, калі зьвяртаесься да каштоўнасьцяў, прыводзіш разумныя аргумэнты — гэтага ў гэтых колах не паважаюць.