Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «У Беларусі, каб узняць градус рэпрэсій, не трэба нейкіх прэцэдэнтаў у Расіі»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину падзяліўся думкамі пра рэакцыю афіцыйнага Мінска на тэракт у Расіі, а таксама агучыў магчымыя варыянты наступнага развіцця падзей.

Юрый Дракахруст

— Што можна сказаць пра рэакцыю беларускіх уладаў, лукашэнкаўскай прапаганды на падзеі ў Падмаскоўі? Пра што сведчыць заява беларускага пасла ў Расіі Дзмітрыя Крутога?

— Гэта чаканая рэакцыя. Чаканая і ў тым сэнсе, што гэта саюзніцкія адносіны. Але там былі, зразумела, і пэўныя дэманстратыўныя ідэалагічныя акцэнты.

Хаця, тут варта сказаць, што тэма «ўкраінскага следа» ў заявах беларускіх прапагандыстаў і чыноўнікаў не вельмі акцэнтавалася.

У дадзеным выпадку трэба звярнуць увагу на тое, што са словамі асуджэння тэракту і са спачуваннямі ахвярам выступілі і Вашынгтон, і Лондан, і Берлін, і Брусель, і Ціханоўская, дарэчы.

Так што, у пэўным сэнсе, рэакцыя была сусветна салідарнай.

Але, зразумела, у рэакцыі беларускай прапаганды былі пэўныя асаблівыя акцэнты, у тым ліку і акцэнт на «ўкраінскі след».

— Але гэтая рэакцыя была не такой вострай, як у маскоўскіх прапагандыстаў?

— Так, не настолькі вострай. У меншай ступені, мне здаецца. У розных тэлеграм-каналах, у таго ж Азаронка рэакцыя была больш вострай. У афіцыйных крыніцах значна менш.

І тут яшчэ ёсць пэўны пытальнік наконт заявы пасла Крутога. Яна можа быць, мякка кажучы, трошкі лукавай. Магчыма, беларускія спецслужбы ў дадзеным выпадку ўвогуле там ні пры чым былі.

Але калі пры чым, то гэта можа сведчыць пра тое, што ўцёкі былі, магчыма, не ва Украіну, а ў Беларусь. Іншая справа, на мой погляд, ні варыянт уцёкаў ва Украіну, ні варыянт уцёкаў у Беларусь не азначае, што меркаваных тэрарыстаў чакалі беларускія ці ўкраінскія ўлады. Гэта зусім неабавязкова.

Справа ў тым, калі гаворка і праўда пра ісламісцкія групоўкі, то яны раскіданыя па ўсім свеце. І таму з аднаго не вынікае іншае. І ўсё ж я яшчэ раз звярну ўвагу на заяву Крутога, якая мяне трошку здзівіла.

— Па гарачых слядах з’явіліся паралелі з бунтам Прыгожына, калі Пуцін доўга маўчаў, а потым высветлілася, што ён меў кантакты з Лукашэнкам у самы востры момант крызісу. Ці слушна параўноўваць гэтыя гісторыі?

— Слушна ў тым сэнсе, што Лукашэнка сябе не забывае ніколі. Ён выкарыстоўвае любы крызіс, любую сітуацыю, якая дае яму магчымасць падняць сваю ролю, асабліва ў расійскай грамадскай думцы, у вачах расійскіх элітаў.

Ён ніколі не забывае такія магчымасці і ніколі іх не ўпускае. Ён заўсёды іх выкарыстоўвае. І ў дадзеным выпадку ён скарыстаўся момантам.

Не факт, канечне, што гэта Пуцін яму патэлефанаваў. Але, калі Лукашэнка яму тэлефануе, то хіба Пуцін кіне слухаўку, маўляў, не да цябе мне зараз?

Мы не ведаем, як доўга гэтая гутарка насамрэч цягнулася, можа гэта быў літаральна абмен некалькімі словамі, але зразумела, што Лукашэнка ў дадзеным выпадку скарыстаўся сітуацыяй.

А з іншага боку тут варта сказаць, што гэта натуральна, бо гэта бліжэйшы саюзнік. І калі такая сітуацыя здараецца, то выглядае цалкам натуральна, што ён звяртаецца адным з першых.

Чаму так доўга Пуцін не выступаў? Гэта складанае пытанне. Магчыма ён чакаў адказаў на нейкія важныя пытанні, якія былі спачатку невідавочнымі. Зразумела, што пытальнікаў адносна гэтай гісторыі процьма.

Я тут не прэтэндую на экспертнасць, не ведаю дакладна, што там адбылося. І мне цяжка сказаць, якая версія тут будзе канчатковай.

Відавочна, што нападнікі ісламскага веравызнання, што яны не ўкраінцы, наўпроставага дачынення да Украіны не маюць. І таму любыя размовы пра «ўкраінскі след» вельмі ўскосныя. І калі яны нават і  будуць, то будуць вельмі ўскоснымі, паводле прынцыпу «верыш – не верыш».

Аднаго з арыштаваных даставілі ў суд. Фота AFP

У тых абставінах, у якіх цяпер знаходзяцца затрыманыя, яны прызнаюцца, што ім хто заўгодна даў такое заданне. А што тычыцца доказаў, то вельмі магчыма, што пра іх ніхто і не будзе асабліва клапаціцца.

— Гучаць змрочныя прагнозы пра рэзкае закручванне гаек і ў Расіі, і ў Беларусі, пра яшчэ большае капсуляванне рэжымаў. Які вам бачыцца найбольш імаверны варыянт развіцця падзей?

— Я тут бачу тры варыянты. Першы — калі расійскае следства, улады ўсё ж заявяць, што гэта ісламісты. Маўляў, так бывае. А чаму так атрымалася? А проста так атрымалася. І тады, я думаю, у Расіі нейкія меры і будуць прынятыя, а ў Беларусі — наўрадці. 

Бо Беларусь тут не мэта, не мішэнь для ісламістаў.

Другі варыянт — калі будзе абвешчана, калі будзе афіцыйны вердыкт, што гэта было зроблена з падачы ўкраінцаў. У такім выпадку ўсяму свету будзе відавочна, што гэта проста словы.

Што гэтая версія прыцягнутая за вушы, выбітая катаваннямі, чым заўгодна. Што ніякага фактычнага пацверджання «ўкраінскага следу», ці «французскага», ці нейкага іншага проста няма.

У такім разе, зразумела, вырастае імавернасць сцэнару больш жорсткіх рэпрэсій і тэрору ў Расіі. І, адпаведна, у Беларусі. Пры гэтым, я думаю, інтэнсіўнасць прэсінгу ў Беларусі будзе меншай.

Тым больш, калі ўсё будзе вось так відавочна прыцягнута за вушы. Таму што ў Беларусі, каб узняць градус рэпрэсій, не трэба нейкіх прэцэдэнтаў у Расіі.

Вельмі малаімаверна, што нейкія рэальныя ўкраінскія сляды будуць знойдзены. Але я б не ставіў на гэта нуль. І калі так, то тады, напэўна, у Расіі ўсё будзе жорстка.

У Беларусі ўсё ж такі менш, таму што акрамя самалёта ў Мачулішчах, што было ваеннай мэтай і дыверсіяй, а не тэрактам, іншых інцыдэнтаў не было. Украіна выразна падзяляе: Расія — ваенны праціўнік, а Беларусь — не. І таму на Беларусь няма ўвогуле ніякіх нападаў — ні ваенных, ні тэрарыстычных.

Адпаведна, няма прычыны гнаць хвалю заціскання ўсяго пад плінтус, маючы перад сабой расійскі прэцэдэнт. Ці можа сам рэжым развівацца ў гэтым накірунку? Можа. Але ён да апошняга часу гэта і так рабіў. 

Ці будзе гэта, што называецца, па нарастаючай? Цяжка сказаць. Вось гэтыя расійскія асаблівасці, гэтыя кадры катаванняў — яны не ў беларускім стылі. Я думаю, што для тых жа лукашэнкаўцаў у пагонах гэта спараджае культурны клэш.

Тым больш, што ў Расіі гэта хтосьці можа патлумачыць унутраным кантэкстам вайны. Але ў Беларусі вайны няма і таму, я думаю, для беларусаў, нават для шчырых лукашыстаў, людзей у пагонах, рэзаць вушы — гэта не наша.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(7)