Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Прадстаўнікі рэжыму дэманструюць адчуванне сваёй уразлівасці і крохкасці

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст патлумачыў Филину, што стаіць за заявай «хопіць гуляць у дэмакратыю».

Юрый Дракахруст

Масавыя ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады — гэта нейкая новая якасць рэпрэсій ці проста помста канкрэтным людзям у рамках агульнай рэпрэсіўнай хвалі?

— Я думаю, што гэта адначасова і працяг агульнага трэнду, які не змяняўся з 2020 года, і мерапрыемствы па падрыхтоўцы да выбараў. Бо ўвесь час ідзе накачка: ворагі могуць скарыстацца выбарамі. Якім чынам, мне не надта зразумела.

Але пасыл менавіта такі. За гэтым стаіць цень 2020-га, і гэта трэба прадухіліць. Як могуць, так і прадухіляюць. Мне не зразумела, навошта патрэбныя ператрусы на кватэрах людзей, якія даўно з’ехалі.  

Атрымліваецца, як у старым анекдоце: шукае не там, дзе згубіў, а там, дзе светла. Знайсці нейкіх новых таемных лідараў пратэсту не атрымліваецца, а гэтых жа мы ведаем. Праўда, іх ужо няма ў краіне, але гэта неістотна. Затое кватэры іхнія ёсць, то мы хоць нешта зробім.

А ці ёсць у гэтым логіка, для тых, хто ладзіць ператрусы, пытанне дзясятае. Яны шукаюць там, «дзе светла». Таму мы і бачым гэтыя мерапрыемствы. Пры гэтым зусім неабавязкова, што гэта ідзе ад Лукашэнкі: пайдзіце і зрабіце ператрус у Чалага.

Даецца загад быць пільнымі. А ўжо людзі, як ім розуму хапае быць пільнымі, так яны і робяць.

— Дзяржаўны тэлеканал АНТ падвёў вынікі трох год пасля падзей 2020-га. І агучыў новую палітычную лінію: «Хопіць гуляць у дэмакратыю».

Паводле аўтараў гэтай заявы, у парламент павінны патрапіць толькі свае людзі — выключна прыхільнікі дзяржаўнага курсу.

Як вы лічыце, ці можа гэта быць пэўным маніфестам рэжыму, ці ўсё ж гэта ініцыятыва тэлеканала? Што гэта можа азначаць?

— У гэтым ёсць пэўны дзіўны момант. І гэтая дзіўнасць палягае ў тоне гэтай заявы. Калі ў гісторыі падобныя рэжымы насамрэч перамагалі, ламалі грамадскую думку, што існавала падчас паўстання, то яны звычайна супакойваліся.

Яны звычайна нават рабілі пэўныя крокі насустрач прынамсі некаторым пажаданням паўстанцаў. Класічная сітуацыя — руская рэвалюцыя 1905 года, калі з’явіўся царскі маніфест.

А ў дадзеным выпадку гэта выглядае дзіўна. Прайшло тры гады, абвешчаныя выбары. Можна падумаць, што на нейкіх іншых выбарах, напрыклад, у часе папярэдніх — у 2019-м, кагосьці прапусцілі.

Так, у 2016-м прапусцілі грозных Анісім і Канапацкую, якія, можна падумаць, узарвалі ўсю дзяржаўную сістэму і парламентарызм. А ў 2019-м і таго не было. Яны гэта ўсё ведаюць самі — тыя людзі, якія гэтае пісалі.

У гэтай сітуацыі дэклараваць, што мы цяпер закрыем усе шчыліны? Для таго, каб што? Каб прадухіліць які сцэнар? Сцэнар-2016, калі прапусцілі Канапацкую і Анісім? Гэта неадэкватна. Але гэта неадэкватна, калі вы сапраўды перамаглі.

Калі настроі народа змяніліся. Калі народ палічыў: мы пагарачыліся, так, але ўлада ж у нас харошая. Вось тады можна дэклараваць — мы перамаглі.

А тут дэкларуецца істэрыка: мы павінны ўсё закрыць, бо не дай бог нехта пралезе — усё ўзарвецца. Гэта адчуванне сваёй уразлівасці, адчуванне сваёй крохкасці. Адчуванне таго, што ўсё гэта трымаецца, груба кажучы, на саплях.

Прычым, гэта пішуць не апазіцыйныя журналісты з эміграцыі. Гэта пішуць самі прадстаўнікі гэтага рэжыму. І гэта цікавы момант, бо людзі дэманструюць сваё адчуванне сітуацыі: мы сядзім на вулкане. І калі мы не зробім нешта, нейкіх важных крокаў, то ўсё выбухне.

Калі шчыра, то мне не зразумела, чаму яны так бачаць свет. Гледзячы па ўсім, яны менавіта так яго бачаць. Гэта вельмі цікава і вельмі дзіўна. Бо часам, як той казаў, жыццё робіцца прароцтвам, што збываецца само па сабе. І тут фактар зменаў — такое іх бачанне карціны свету. 

Бо, паўтаруся, калі ты рэальна перамог, калі ты гэта выдатна разумееш, то людзі ў такіх сітуацыях паводзяцца куды больш спакойна. А не мітусяцца і пагражаюць нікога не прапусціць. Пры тым, што і раней не прапускалі без аніякіх такіх дэкларацый.

Ну, і ў падмацаванне гэтаму — заява старшыні ЦВК Ігара Карпенкі пра тое, што Беларусь не будзе запрашаць назіральнікаў ад АБСЕ. Гэта з той жа оперы: перакрыць і тут, каб і на гэты раз не заявілі пра несправядлівыя выбары. Дык яны з сярэдзіны 1990-х кажуць пра несвабодныя выбары. Сказалі б яшчэ раз, але не, не запросяць. Бо раптам заява АБСЕ выкліча тут лавіну.

— Мікола Статкевіч больш за 290 дзён ізаляваны ад родных. Ягоныя паплечнікі патрабуюць арганізаваць для палітвязня спатканне з жонкай, каб аспрэчыць самыя змрочныя чуткі. Наколькі гэта рэалістычна ў сённяшніх умовах, улічваючы і вось гэты нервовы стан атачэння Лукашэнкі?

— На жаль, я б тут паставіў на трэнд. Тым больш што гэта адбываецца і з іншымі палітвязнямі, з тым жа Бабарыкам, якіх змясцілі ў такі рэжым поўнага маўчання ды ізаляцыі. Я падазраю, што не са Статкевіча пачалі б з гэтага рэжыму выходзіць, калі б прынялі такое рашэнне.

Але напярэдадні выбараў мне чамусьці здаецца, што яны не будуць рабіць такіх крокаў. Рэзкіх крокаў, якія мяняюць ранейшую палітыку.

Зараз усё ж ідзе нагнятанне: трэба быць больш пільнымі, трэба пагаршаць умовы для тых, хто схаваўся пад плінтус — няхай ім пад тым плінтусам будзе яшчэ горш. Прынамсі да выбараў у лютым яны будуць працягваць гэтую лінію.

Акрамя таго, жыццё падказвае, што ранейшыя адлігі, калі выпускалі Казуліна, таго ж Статкевіча, іншых палітвязняў, усё гэта было часткай угоды з Захадам. Захад быў у тыя часы важным фактарам, а можа, нават і вырашальным.

Зараз жа, наколькі я ведаю, ніякага ценю здзелкі, нават прывіднага, не праглядаецца. Пры чым і з беларускага боку няма фігур кшталту Макея, якія, магчыма, выступалі б за гэта.

А з іншага боку, нядаўна было інтэрв’ю Якаба Вёленштайна, кіраўніка беларускага офісу Фонду Конрада Адэнаўэра, у якім ён казаў пра даследванне меркаванняў нямецкіх эліт. Тыя абмеркавалі магчымасць размовы з Лукашэнкам.

Кансэнсус такі, што гэта не трэба, гэта немагчыма, няма пра што размаўляць. А калі няма, пра што размаўляць, то для чаго Лукашэнку вызваляць, умоўна кажучы, Статкевіча? Для таго, каб што?

Каб з таго боку быў хоць нейкі пасыл, што мае сэнс гандлявацца, што мы робім тое і тое, для таго каб… А паколькі гэта ўсё выключана, то рабіць нешта, каб камусьці дагадзіць?

Калі б на вуліцах былі тысячы людзей, страйкі… Але нічога гэтага няма. І таму ў межах іх логікі і аргументацыі проста няма нагоды. Магчыма, мы не ўсё ведаем. Магчыма, ёсць нейкія патаемныя каналы, размовы, перамовы. Але з аналізу публічных звестак, таго, што ёсць, гэта, на жаль, ніяк не вынікае.

Можа, нейкі жэст і можа быць зроблены. Але я не бачу для іх прычын, каб нешта рабіць. Яны зараз ужо не баяцца таго, што хтосьці можа скончыць свае дні ў турме.