А тое, што пры гэтым гаворыцца, што «яны на нас нападуць», гэта проста афармленне не ім прынятага рашэння. Лукашэнка проста рыхтуе грамадства да такой гадзіны «Ч».
Дракахруст: Лукашэнка насамрэч можа рыхтаваць беларусаў да вайны
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст патлумачыў Филину, што можа азначаць міралюбівая ваяўнічасць правіцеля, які зрабіў чаровую супярэчлівую заяву.
— Лукашэнка ў чарговы раз наведаў Гарадзеншчыну, дзе ізноў гаварыў пра вайну. Маўляў, мы да яе рыхтуемся. На вашу думку, чаму ён так зачасціў на заходнюю мяжу? І што можа стаяць за ягонай апошняй заявай? Гэта адказ на вучэнні НАТА, агульную сітуацыю?
— Першае тлумачэнне, якое тут напрошваецца, гэта тое, што ён проста ведае. Што яму сказана, што праз месяц, два ці тры спатрэбіцца ўдзел Беларусі ў вайне. Па тых ці іншых прычынах, могуць быць розныя расклады.
Ён гаворыць уласна пра тое, што ёсць. «Мы рыхтуемся да вайны» проста азначае тое, што мы праз некалькі месяцаў будзем у ёй удзельнічаць. Гэта вырашана да нас, за нас і без нас. І я вас пра гэта папярэджваю.
І калі гэтая хваля будзе нарастаць і нарастаць, то для народа гэта не будзе нейкай дзікай нечаканасцю. Ён жа некалькі разоў пра гэта папярэджваў. І гэта, канечне, самы такі цяжкі і жахлівы сцэнар.
З іншага боку, ягоныя словы пра тое, што мы рыхтуемся, могуць азначаць, што вайна можа быць, а можа і не быць. Маўляў, мы рыхтуемся на той выпадак, калі нам усё ж давядзецца ваяваць. Такія заявы ў яго былі і раней.
Я не думаю, што на Лукашэнку нейкае моцнае ўражанне робяць вучэнні НАТА. Вучэнні пачаліся, вучэнні скончацца. Наўрадці пасля іх ён скажа «адбой трывогі».
Я думаю, што гэта можа быць новы наратыў. Ну вось высокімі заробкамі і эканамічнымі перспектывамі народ уразіць неяк не атрымліваецца. То можна ўразіць пагрозай і бяспекай.
Вакол нас ворагі, але я вас абараню, мы адаб’емся, дамо ім у косці. А, паколькі, я забяспечваю вам мір, то не трэба лішне бурчэць пра нізкія заробкі, пра тое, што цэны нейкія не такія.
І ў гэтай сваёй прамове ён пачаў, што называецца, за ўпакой, а скончыў за здравіе. Маўляў, мы рыхтуемся да вайны, а напрыканцы — мы міралюбівыя, нашыя ваенныя выдаткі ніжэй, чым у іх. Што, дарэчы, праўда.
І таму гэтае пасланне хутчэй пра тое, што «я вас абараню», чым пра «давядзецца ваяваць, нікуды не падзенемся».
— То бок, гэтым можна патлумачыць супярэчлівасць гэтай заявы, вось гэтую міралюбівую ваяўнічасць? Рыхтуемся да вайны, завозім тэхніку, але грошы трацім на мірнае жыццё.
— Так, менавіта міралюбівая ваяўнічасць. Дарэчы, тут цікавае параўнанне ёсць. І пра гэта ніхто Лукашэнку не скажа, ні з атачэння, ні праўладныя журналісты. Як жа яны нагняталі перад выбарамі: а гэтая ж апазіцыя тут усё падарве, учыніць дыверсіі. У выніку не было нічога.
Гэта як у старым анекдоце пра чалавека, які ішоў па вуліцы і гучна пляскаў у ладкі, кажучы, што так адганяе кракадзілаў. А на словы, што кракадзілаў тут няма, казаў: таму і няма, што я іх адганяю.
Так і тут. Нічога не ўчынілі пад выбары? Дык у нас усё было распрацавана, падрыхтавана. Можна ўспомніць лятучыя атрады міліцыі на кожным участку. Навошта гэта было? А мы ж прадухілілі, бачыце, мы вам забяспечылі бяспеку, скажыце дзякуй. А тое, што ніхто і не збіраўся нешта рабіць, то гэта ўжо такое…
Так можа быць і з НАТА, і з гэтым «мы рыхтуемся да вайны». Можна ж рыхтавацца і да чагосьці непазбежнага, а можна і да нечага імавернага, але неабавязкова немінучага. І сам працэс гэтай падрыхтоўкі дазваляе адкінуць на задні план розныя нязручныя пытанні пра цэны і заробкі. «Не время, товарищ, — война».
Хоць вайны і няма, гэта не так і важна. Наратыў менавіта такі: мы рыхтуемся да вайны, таму няма чаго рот раскрываць, калі такое адбываецца.
Але першы варыянт я б таксама не выключаў. Бо пасля 24 лютага 2022-га пра любы апакаліптычны сцэнар нельга сказаць: «Не, гэга немагчыма». Усё магчыма.
— Прапаганда прадэманстравала кадры затрымання жыхароў Драгічынскага раёна, якія нібыта мелі сувязі з украінскай выведкай. У тым сюжэце проста выпячваецца жорсткасць, з якой затрымлівалі людзей. Напрыканцы гучыць абяцанне «ліквідаваць усіх датычных да тэрарызму».
Гэта выглядае на выразны сігнал, пасыл. Каму ён можа быць адрасаваны і ці ўпісваецца гэтае пасланне ў агульны сённяшні кантэкст?
— Я думаю, што гэта ўпісваецца ў сённяшні наратыў жорсткасці, непахіснасці. А таксама пільнасці: мы ўсё бачым, мы ўсё вылічым, усіх знойдзем.
Яшчэ ў гэтым «фільме» я звярнуў увагу на цікавы момант, якога там няма. Ні ў адным з ягоных сюжэтаў, а іх было тры — пра Драгічыншчыну, Маларыту і Лельчыцы — не гаварылася пра тое, што гэтую выбухоўку меркавалася ўжыць у Беларусі.
Любым чынам — райвыканкам падарваць, Дразды, ці вайсковую частку з расійскімі ваеннымі на беларускай тэрыторыі. Вось гэтага не было там.
Там быў асобны сюжэт пра Сяргея Ерамеева, які падарваў цыстэрну на чыгунцы. Але ён зрабіў гэта ў Расіі, на Далёкім Усходзе пад Омскам.
Па версіі аўтараў «фільма» гэтую выбухоўку яму спачатку перадалі з Украіны, потым ён адвёз яе ў Наваполацк, а ўжо адтуль у Расію, дзе і выкарыстаў. Там, а не ў Беларусі.
Дарэчы, гэтая гісторыя можа тлумачыць сэнс адной заявы Лукашэнкі пасля тэракту ў «Крокусе»: «я раскажу Пуціну, як яно было». Вось гэта і ёсць беларуская версія таго, «як яно было». Маўляў, сюды цягнуцца шчупальцы Украіны, але цягнуцца да Расіі.
То бок, тэмы пра тое, як украінцы збіраюцца ўсё гэта ўжыць адносна Беларусі, няма. Думаю, пры жаданні гэта, канечне, маглі зрабіць. Зразумела, што пры патрэбе людзі ў кадры раскажуць, што гэта Папа Рымскі ім асабіста даў такое заданне.
Але выглядае, што іх не сталі да гэтага прымушаць. І гэта хутчэй падкрэслівае пэўную дваістасць, як і ў ягонай сённяшняй сентэнцыі: мы рыхтуемся да вайны, але ўкладваемся ў мірнае жыццё.
Што тычыцца гэтага сюжэта пра затрыманых, то мы разумеем ягоны ідэалагічны пасыл. Хочацца вінававіць украінцаў, асабліва ў кантэксце тэракту ў Маскве. Хочацца акуратненька падтрымаць крамлёўскую версію, але не цалкам, не да апошняй кропкі.
І таму гэта ўсё можа быць пастаноўкай. Ці, прынамсі, часткова. І я тут яшчэ раз звярну на важны, на мой погляд, момант: ніхто з персанажаў гэтага «кіно» не прызнаўся ў падрыхтоўцы тэрактаў і дыверсій на тэрыторыі Беларусі.
Читайте еще
Избранное