«Дайце грошай!» Што не так з дабрачыннымі зборамі ці… з намі?

Што такое дабрачыннасць і калі яна з’яўляецца? Пра пазітыўныя і негатыўныя моманты сённяшніх дабрачынных збораў піша на Budzma.org пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.

Дайце грошай: на лекаванне, кватэру, адваката, арганізацыю дабрачыннага канцэрту для аплаты пахавання... Гаворка пра дабрачынныя зборы на рэлакантаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў, якія маюць купу праблем. І ўсё часцей зборы суправаджаюцца рэплікамі: «а ёй навошта?», «дык ён здаровы», «а каму зараз лёгка?..»

Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіва

Добра, калі так. Бо бываюць і іншыя аргументы, маўляў, вось гэты чалавек, якому зараз збіраюць на лекаванне — «аб’юзер». А на нейкім там фэсце п’яны душыў чалавека... А пакуль яму нешта там кідаюць на лекаванне слыху, ён грае на канцэрце: як гэта магчыма?

Ці вось такое: чалавек збірае грошы праз тое, што яго выкінулі з краіны сталага эмігранцкага пражывання. У «нікуды» — то бок у Еўрасаюз. Грошы ідуць, а сам чалавек ходзіць у аквапаркі ды барбершопы. Пра што, канешне, не забывае справаздачыцца ў сацсетках.

Або вось: герой сам сабе стварыў праблему. Напрыклад, прыехаў у ненадзейную краіну, дзе яго «зачынілі». А зараз, усім светам, гэтага цудоўнага верабейку трэба выцягваць: перамовы, адвакаты, квіткі, далей па спісе...

Няўжо няма іншых патрэбаў?

Напрыклад, скінуцца на які байрактар. Ці дрон. Або на рыштунак для тых, хто кожны дзень выходзіць «на нуль» і рызыкуе сваім жыццём. Або — дапамагчы тым, хто адседзеў, выбраўся з краіны, страціўшы ўсё. І вось гэты чалавек будзе цалкам непублічны, без опцыі хуценька прыжыцца ў офісе НДА ці СМІ за мяжой. А калі пра чалавека не пішуць — «яго няма».

Раней пра ўсё гэта пісалі канапныя эксперты. Тыя, каму заўжды паталагічна шкада чужых грошай. Але — са сваёй кішэні ніводнай капейкі нікому не далі. Ну, бо ім самім трэба. А ёсць нейкія міфічныя «айцішнікі», якія заўжды павінны ўсім за нешта плаціць. Бо — багатыя. А мы ж эксперты, у нас «іншая работа»: шлях указваць...

Зараз усё больш крытыкі ад людзей адэкватных. Прычым тых, хто сам данаціў і працягвае данаціць. На вайсковыяя патрэбы, палітвязняў і іх сем’яў. Маўляў, мы ўсё разумеем. Але — якога чорта скідвацца на адваката чалавеку, які сам у эміграцыі шукае сабе прыгодаў?

Удыхнуць — выдыхнуць. Так было і будзе

Што такое дабрачыннасць і калі яна з’яўляецца? Калі ў людзей ёсць лішак грошай, а не кавалак хлеба на дваіх.

Дабрачыннасць — гэта калі ў дабрачынцы не стаіць пытанне асабістага выжывання. Тады — можна дзяліцца. І надалей адчуваць сябе ўпэўнена.

Ніякі Форд не аддаваў апошняга, каб некага там падтрымаць. Бо інакш у яго не будзе рэсурсу заўтра: для сябе і для іншых.

Дабрачыннасць на Захадзе — гэта складаны сусвет. І там сапраўды шмат грошай выдаткоўваецца «на вецер». У нашым разуменні «на вецер». Бо яно не прыносіць выніку тут і цяпер. Вынік цяжка пралічыць. А адрасаты могуць быць максімальна экзатычнымі.

Неяк у рукі трапіла гадавая справаздача Фонду Ракфелера за 192... нейкі там год. Гэта зборнік, дзе было ўсё: медыцынскія праекты, універсітэты, школы ў Кітаі ды нейкіх забытых Богам кутках свету, археалагічныя раскопкі ў глыбіннай Азіі... Вылучыць адну мэту ці ідэю, якая ўсё гэта аб’ядноўвае, амаль немагчыма.

І гэта мы не кажам пра індывідуальныя ахвяраванні і зборы на ўсё, што заўгодна. Тут збіраюць на культурны цэнтр імя невядома каго, а там — на падарожжа вакол свету для нейкага хіпі. А вось студэнты збіраюць сабе «на піва». І гэта ламае наш усходнееўрапейскі мозг, бо збіраць — гэта заўжды «на жыццё». На кавалак хлеба. Дах над галавой. Збор — гэта пытанне жыцця і смерці, а не вось гэта вось усё.

Лічыць чужыя грошы — дрэнная звычка

Дастаткова выйсці ў пятніцу ўвечары на галоўную плошчу любога польскага ваяводскага горада. Азірнуцца на рэстараны — пабы — клубы — караоке. Прыкінуць колькасць людзей і колькасць сталоў. Ды — паспрабаваць падлічыць: колькі грошай тут «працячэ» за гэты вечар. Ну як, на колькі тут байрактараў?...

Так можна ўзненавідзець увесь свет. Просты шлях да стыхійнага камунізму: адняць — падзяліць. Бо ты ж заўжды ведаеш каму, колькі і на што найперш трэба. А заходні свет, прынамсі пакуль што, трымаецца на прынцыпе свабоды. Сам выбіраеш: каму, калі, колькі і на што даеш. Або не даеш. І гэта таксама твая свабода.

Захад з усімі сваімі праблемамі даўно навучаны «ў грошы». Беларусы — пакуль не. Занадта мала прайшло часу з гадоў, калі нашы блізкія пралі цэлафанавыя пакеты, каб выкарыстаць другі — трэці — чацвёрты раз.

А баначкі ад смятаны старанна мылі, бо — туды можна пасадзіць рассаду. Ці проста скласці ў дэпазіт на дачы — на чорны дзень...

На Захадзе нават грашовае марнатраўства закалькулявана ў працэс. Роўна як у краме, якая гандлюе свежым печывам, закалькулявана: пэўная колькасць круасанаў так і не будзе прададзеная. Яны «скамянеюць» — і гэта не трагедыя. Роўна, як і нейкая колькасць бамжоў, якія прыйдуць па халяўны дабрачынны гарачы суп — маюць кватэры, пенсіі і так далей. Гэта норма. Так бывае.

Беларусы дабрачыннасці толькі вучацца

Зразумела, тут будуць злоўжыванні, няшчырасць, схемы, чалавечая хітрасць... І нават калі б дэмакратычная свабодная Беларусь паўстала тут і цяпер — было б тое самае. Ці яшчэ горш. Бо мастакі, панкі, актывісты і «культавыя асобы» з неўладкаваным жыццём нікуды б не падзеліся. Былі б новыя зборы: на жыллё, лекі, рэабілітацыю, кватэру, годны помнік на магіле...

Іншая справа, што сёння беларусы ў эміграцыі так і не сталі супольнасцю аднаго лёсу. Не маюць адной мэты. На якую, уласна, і трэба збіраць, ахвяраваць і старацца, каб пасля сказаць: «этот день мы приближали как могли...» Вось гэта — вялікая праблема. А зусім не збор грошай культаваму музыканту на «рамонт» вушэй.

Нават украінцы як нацыя, якая плаціць агромністы кошт за сваю перамогу, так і не стала напоўніцу мабілізаванай супольнасцю, якая аддае максімум рэсурсаў на перамогу. Дастаткова прайсціся па Варшаве і палічыць украінскія нумары на «тачках» за 30-40 тысячаў умоўных. Што казаць пра беларусаў?..

Пазітыўна тое, што нашы суайчыннікі ў прынцыпе дараслі, каб некаму на нешта ахвяраваць. Сумна, што ў супольнасцях, нават эмігранцкіх, няма агульнага разумення: у якую скарбонку закінуць свае 5 еўра, каб Беларусь хутчэй стала вольнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(17)