Цыганкоў: «Ва ўсіх канфліктах галоўнае ня тое, на чыім баку дабро і зло, праўда і справядлівасьць»
Журналіст — пра падзеі ў Ізраілі.
— На фоне падзеяў у Ізраілі людзі ня ў першы раз кажуць, што гэта (сярод іншых аспэктаў) процістаяньне цывілізацыі і варварства, — піша Віталь Цыганкоў. Гэта мы так кажам, але ў заходняй мэйнстрымнай ідэалягічнай сыстэме так казаць нельга, бо нельга, непрыгожа, непаліткарэктна заяўляць, што адна цывілізацыя вышэйшая за іншую.
Гэткія інтэлектуальныя гульні ў дэканструкцыю ўсяго і ўся, калі мы ня маем права сьцьвярджаць, што выкананьне Баха сымфанічным аркестрам чым-небудзь вышэйшае за рытуальны танец племені. Бо «усе культуры роўныя», ніводную нельга назваць вышэйшай. Няма нічога ўстойлівага, няма дабра і зла, усё адносна, усё вызначае кантэкст, колькі будзе два плюс два мы адказваем у залежнасьці ад яго вялікасьці Кантэксту.
І гэта не абстрактныя развагі, гэта пераўтвараецца ў канкрэтную жыцьцёвую філязофію, а значыць, і дзеяньне. Паколькі Захад нічым не лепшы, то нафіга яго «даганяць», навошта імкнуцца ў гэтую заганную «цывілізацыю»?
Нафіга будаваць у сябе той самы свабодны рынак, дэмакратыю, панаваньне закона і свабоду прэсы? Нічым гэта не лепш за наш Шарыят і Дамастрой! У нас свая культура і традыцыя! І такая лёгіка падтрымліваецца многімі на самім Захадзе!
Заўважце, тыя, хто ненавідзіць Ізраіль, звычайна ненавідзяць і ЗША — што ў Іране, што ў Палестыне, што на лявацкіх мітынгах у Эўропе. І што самае праблемнае — і ў саміх ЗША.
І ў гэтым няма антысэмітызму, у чым часам абвінавачваюць «левых». Яны гатовыя сто разоў (і шчыра) спачуваць ахвярам Халакоста, але амаль у любой сытуацыі будуць асуджаць сёньняшні Ізраіль. Проста яны не любяць сілу. Любую — справядлівую, правільную, законную. Моц для іх найбольшая крамола.
І другі найважнейшы аспэкт сучаснай ідэалёгіі. Ва ўсіх рэальных і патэнцыйных канфліктах галоўнае ня тое, на чыім баку дабро і зло, праўда і справядлівасьць (бо гэтыя паняцьці ўвогуле дэканструяраваныя, адмененыя).
Галоўнае — які з бакоў канфлікту зьяўляецца «прыгнечаным», гістарычна «уразьлівым», гістарычнай «ахвярай». А «ахвяра», слабейшы заўсёды апрыёры мае рацыю — што б ні рабіў.
І гэтыя дні ўсё прагрэсіўнае чалавецтва падтрымлівае Ізраіль толькі таму, што ён ахвяра. Як толькі ён пачне жорстка адказваць, разбураць інфраструктуру ХАМАС, усё прагрэсіўнае чалавецтва пачне патрабаваць ад яго спыніцца, праявіць стрыманасьць і схавацца назад у свае бомбасховішчы. Бо няважна, хто правы, а хто не, важна — хто «слабейшы».
Читайте еще
Избранное