Цярністы шлях Міколы Равенскага
Імёны нашых пісьменнікаў, кампазітараў, вучоных, артыстаў, якія жылі і працавалі ў розных краінах, маглі б скласці гонар любому народу. Сярод іх імя аўтара гімна «Магутны Божа» Міколы Равенскага, з дня народзінаў якога сёлета ў снежні спаўняецца 125 гадоў.
На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у кароткі светлы час беларускага Адраджэння, мы раптам даведаліся, што за межамі Беларусі існуе амаль невядомы нам пласт нацыянальнай культуры.
Штодня ў перадачы Беларускай службы Радыё Свабода гучыць мелодыя песні “Люблю наш край, старонку гэту”. Словы яе яшчэ ў 1913 годзе напісала Канстанцыя Буйло, а музыка доўгі час лічылася народнай.
Прыкладна ў 1980 г. у “Бібліятэчцы газеты “Голас Радзімы”” выйшла мая невялікая кніжка “Люблю” – пра жыццё і творчасць гэтай паэткі. Вельмі падрабязна пісала я пра песню “Люблю наш край”, якую ведаюць і спяваюць, бадай, у кожнай беларускай вёсцы, і якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца візітнай карткай Беларусі.
Паколькі выданні “Голасу Радзімы” ішлі ў асноўным за мяжу, то не дзіўна, што рэцэнзія на “Люблю” з’явілася ў Амерыцы. Праца ацэньвалася станоўча, але крытыкавалі за тое, што песня “Люблю наш край” называлася народнай, у той час як і ў музыкі ёсць аўтар – беларускі кампазітар Мікола Равенскі, які па апошняй вайне стаўся палітычным эмігрантам.
У 1922 годзе ў Мінску Беларускім кааперацыйна-выдавецкім таварыствам “Адраджэнне”, гаварылася ў рэцэнзіі, быў выдадзеы зборнік песняў Равенскага, дзе пад № 25 змешчана “Люблю наш край” на словы Буйло.
Адшукаць зборнік Равенскага ў тагачаснай Ленінскай бібліятэцы не ўдалося. У каталогу ён значыўся, а самой кніжкі не было.
Пабачыўшы перадачу пра Міколу Равенскага па тэлебачанні мне пазваніў Васіль Вітка, і праз некалькі дзён я трымала ў руках той самы “Зборнік песень з нотамі”. Як сказаў пісьменнік, зборнік з першых пасляваенных гадоў ляжаў у яго паміж кніг і архіўных папак.
Вітка ставіўся да Равенскага ставіўся з вялікай пашанай. Засмучаўся, што яго прозвішча дарэмна шукаць у нашай агульнай энцыклапедыі, у пяцітомным даведніку “Літаратура і мастацтва”, але спадзяваўся, што “Беларусь яшчэ спазнае вялікі талент кампазітара і будзе ганарыцца ім перад светам”.
Мікола Равенскі нарадзіўся ў 1886 годзе ў вёсцы Капланцы Ігуменскага павета. Пра дзяцінства і юнацтва звестак амаль няма. Можна толькі здагадвацца, што народную музыку шанаваў з маленства, любіў слухаць, збіраў, запісваў і апрацоўваў народныя песні.
Наколькі высока ставіў Равенскі народную песню, відаць з яго неапублікаванай і невядомай на Бацькаўшчыне працы “Характэрныя асаблівасці беларускай народнай песні”: “Надзвычайныя здольнасці беларускага народа наогул, а ў прыватнасці да спеваў і музыкі настолькі вялікія ды багатыя, што ўсё сваё жыццё ён праводзіць у абсалютнай неразлучнасці з песняй, якую можна смела ставіць на адно з першых месцаў у сусветнай народна-творчай літаратуры”.
Перад першай сусветнай вайной Равенскі вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу, а пасля заканчэння іх працаваў у Навагрудку. Быў настаўнікам спеваў і хормайстрам.
У 1919 годзе пераехаў у Мінск, дзе кіраваў хорамі пры Беларускім рабочым клубе і ў Мінскім гарадскім тэатры.
Хутка здольнага “сялянскага сына” пасылаюць ад рэспублікі ў Маскву. Равенскі закончыў спачатку музычны тэхнікум імя Стасава, а потым Маскоўскую кансерваторыю. Сем гадоў (1923-1930) у Маскве лічыў найбольш спакойнымі ў жыцці, успамінаў іх як ледзь не залатую пару для сваёй творчасці. У гэты час ён адыходзіць ад хормайстарскай дзейнасці і захапляецца кампазіцыяй.
Мікола Равенскі лічыў для сябе вялікім шчасцем знаёмства і сяброўства з паэтам Уладзімірам Дубоўкам, чалавекам надзвычай таленавітым і эрудзіраваным. Ідэйны, інтэлектуальны, творчы ўплыў Дубоўкі на Равенскага вызначальны не толькі для маскоўскіх гадоў. Па словах кампазітара, Дубоўка сфарміраваў яго як творчую асобу. Яго ўплыў кіраваўся на тое, каб зрабіць з Равенскага “музыку-кампазітара, піянера таго беларускага “ўзвышша”, якое пабачаць вякі і народы ў музыцы, ініцыятарам і карыфеем якога ў літаратуры быў Дубоўка”.
На словы паэта Равенскім напісаны рамансы і песні, у прыватнасці, на хрэстаматыйны верш “О, Беларусь, мая шыпшына”. Апагея іх супрацоўніцтва дасягае ў пару, калі кампазітар бярэцца за стварэнне оперы “Браніслава” на лібрэта Дубоўкі паводле яго аднаймённай паэмы.
Гэта была светлая опера, якая паўставала ў гуках, калі і не радасных, дык сапраўды крыштальных, празрыстых – як ніколі раней у гэтага кампазітара. Галоўныя арыі Браніславы ствараліся на мелодыях народных песень Магілёўшчыны.
Першая беларуская нацыянальная опера была амаль скончана, калі здарылася непапраўнае. Летам 1930 года Дубоўку арыштавалі як нацдэма і адправілі ў ссылку больш як на чвэрць стагоддзя.
А “Браніславу” таксама арыштавалі. Равенскі вымушаны быў здаць яе ў Народны камісарыят асветы Беларусі, дзе опера, відаць, і загінула. На сённяшні дзень на руках у Вольгі Аляксеенка (Равенскай), дачкі кампазітара, якая жыве ў Мінску, ёсць толькі адна арыя Браніславы. Яе прыслала Вользе ўжо пасля смерці бацькі цётка з Англіі. Ці знойдзецца калі-небудзь у архівах “Браніслава”, наша першая нацыянальная опера?
Многае расказана пра той час – гады сталінскіх рэпрэсій, -- але страшна падумаць колькі выдатных твораў мастацтва, літаратуры, музыкі не дайшло да народа і проста не магло быць створана, бо іх творцы навечна згінулі за калючым дротам ГУЛАГаў.
Чорныя дні перажыў і Мікола Равенскі. Пасля арышту Дубоўкі і брата Антона, які загінуў у Курапатах, ён чакаў сваёй чаргі. Равенскага выключылі з Саюза кампазітараў, многія знаёмыя перасталі з ім вітацца. Яго меліся высяліць з кватэры.
Калі пачалася вайна, Мікола Равенскі з’ехаў у Чэрвень. Там ён працаваў псаломшчыкам у мясцовай царкве, стаў рэгентам царкоўнага хору. Ён ведаў і любіў царкоўную музыку, ім самім напісана многа твораў, якія гучалі і гучаць у храмах. Равенскі быў чалавекам веруючым, вера дапамагала яму выстойваць у найцяжэйшых жыццёвых варунках.
Трагічна абарвалася ў час вайны жыццё старэйшай дачкі Равенскага ад першага шлюбу – Лёлі. Яна была сувязной і блізкім сябрам Ісая Казінца, які стварыў у час акупацыі Мінска падпольную групу. Казінец і Лёля на явачнай кватэры трапілі ў кіпцюры гестапа. Казінца павесілі ў скверы каля тэатра імя Янкі Купалы, Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы.
У 1944 годзе Мікола Равенскі выехаў за мяжу. Жонка ехаць з ім адмовілася, маленькіх дачок ён таксама вымушаны быў пакінуць у Мінску і ніколі больш з імі не сустрэўся...
Апынуўшыся ў Германіі, Равенскі перамяніў некалькі лагераў для перамешчаных асобаў, працаваў рабочым на лесапільным заводзе, але не зрокся музыкі. Менавіта ў гэты час быў напісаны кампазітарам найбольш сёння вядомы яго твор – “Магутны Божа”. Як і калі гэта падзея адбывалася, на старонках эмігранцкай газеты “Беларус” успамінала Зора Кіпель. У нямецкім гарадку Остэргофэн знаходзіўся адзін з лагероў. Бацькі Кіпель жылі ў адной кватэры з Равенскім і часта чулі, як ён сачыняе і “пілікае на сваёй неразлучнай скрыпачцы”.
Аднойчы маці Зоры сказала: “Нешта ж надта прыгожае піша сп. Равенскі”. Гэта “нешта прыгожае” вылілася ў нешта магутнае – гімн-малітву “Магутны Божа”.
Равенскі працаваў над музыкай на працягу вясны-лета 1947 года. Словы паэтэса Наталля Арсеннева напісала яшчэ ў 1942 годзе. Калі кампазітар пісаў да верша музыку, у душы яго, думаю я, гучалі мелодыі пакінутай Бацькаўшчыны, якой ён шчыра жадаў спору ў працы, веры ў праўду, урадлівасці яе жытневым нівам, свабоды і шчасця ёй самой і яе народу.
Увосень 1947 года гімн “Магутны Божа” быў выдадзены ў Парыжы. Упершыню прагучаў у Остэргофэне на беларускай каталіцкай службе ў нямецкім касцёле, калі прысутныя беларусы, як католікі, так і праваслаўныя, у дружным хоры ўзнеслі свае малітвы.
У Рэгенсбургу Равенскі стварыў хор, што праз два месяцы заваёўваў першыя месцы на міжнародных конкурсах. З групы беларускіх дзяўчат за кароткі час пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка вырас беларускі жаночы ансамбль, які “сваёй народнасцю захапляў слухачоў незалежна ад іх стану ці нацыянальнасці.
Апошнія тры гады – з 1950 да 1953 – Мікола Равенскі жыў у Бельгіі, у горадзе Лювене, куды быў запрошаны грамадой беларускіх студэнтаў, якія здабывалі вышэйшую адукацыю ў Лювенскім універсітэце. Тут ён кіраваў студэнцкім харавым ансамблем, і калектыў гэты выступаў не толькі ў гарадах Бельгіі, але і за мяжой. Нават у Парыжы канцэрты беларускай песні праходзілі з трыўмфам.
Беларускі студэнцкі хор з Лювена пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага стаў пачынальнікам беларускага грамафоннага запісу на Захадзе. Напачатку 50-х гадоў хор запісаў некалькі кружэлак з беларускімі народнымі і рэлігійнымі песнямі, якія былі прыхільна сустрэтыя слухачамі ў Еўропе і Злучаных Штатах.
Што тычыцца асабістага жыцця кампазітара, то і пра апошнія гады даводзіцца пісаць, што былі яны нялёгкімі. Мікола Якаўлевіч захварэў на рак, любімай музыкай мог займацца толькі ў часы, калі хвароба ненадоўга адпускала. Сям’і не меў, блізкімі людзьмі былі студэнты, з якімі склаліся самыя цёплыя, самыя прыязныя дачыненні.
Памёр Мікола Равенскі у 1953 годзе. Пахаваны ў Лювене.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное