Ціханоўская: «Мы атрымалі унікальны, хоць і балючы, гістарычны вопыт. І сёння імкнемся яго скарыстаць, каб зноў стаць вольнымі»
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі.
— Мы вымушаны ладзіць урачыстасці ў замежжы, а не на роднай зямлі. Мы не можам святкаваць з лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам «Дзень волі», але разумеем: сёння наша краіна апынулася у закладніках Расійскай імперыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, знішчае нашу незалежнасць і нашу ідэнтычнасць. Тым не менш я ўпэўнена: у нашых з вамі сілах змяніць сітуацыю.
Па словах палітыка, зараз беларусы, на жаль, апынуліся ў такой жа сітуацыі, як і 106 год таму:
— Пагроза краіне ідзе з таго ж боку, што і ў мінулым стагоддзі. Незалежнасць нашай краіны зноў стаіць пад пытаннем. Нават метады захопнікаў мала чым адрозніваюцца. Аднак сёння мы куды больш падрыхтаваныя да барацьбы.
За ўсе гэтыя гады мы пачалі цаніць нашу беларускую салідарнасць. Асэнсавалі, што шлях да свабоды не бывае хуткім і лёгкім. Мы атрымалі унікальны, хоць і балючы, гістарычны вопыт. І сёння імкнемся яго скарыстаць, каб зноў стаць вольнымі.
Я ўпэўнена: прыйдзе час, калі і мы з вамі здолеем пабудаваць краіну, пра якую марым.
Хтосьці скажа, што я вяду размову пра нейкую далёкую будучыню. І калі гэта спраўдзіцца – і ці спраўдзіцца ўвогуле – невядома. Але прыгадайце: у тых, хто стаяў ля вытокаў БНР, не было ўзораў, як ствараць дзяржаву. Не было прыкладаў, як ісці супраць сістэмы і перамагаць яе, аднак яны дамагліся поспеху.
У нас гэтыя прыклады ёсць. А таксама ёсць велізарная колькасць людзей, якія працягваюць барацьбу. І пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваёй перамогі.
З Днём волі, дарагія беларусы! Жыве Беларусь!
Читайте еще
Избранное