Общество

Чыноўнікі прыдумалі незвычайны спосаб утрымаць школьнікаў ад паступлення за мяжу

Не можаш заахвоціць паступаць у беларускія ВНУ — ствары бюракратычныя перашкоды перад выездам з краіны. Як стала вядома Нашай Ніве, ўлады вынайшлі яшчэ адзін спосаб стрымаць абітурыентаў.

Апошні званок. Фота: Sergei Grits, AP Photo

Ідэалагізацыя адукацыі, рэпрэсіі супраць педагогаў і ўчарашняя метадалогія выкладання кожны год штурхаюць беларускіх школьнікаў і іх бацькоў у бок атрымання адукацыі на Захадзе.

Першым крокам да таго, каб паступіць за мяжу, беларускаму выпускніку трэба апастыляваць свой атэстат у Міністэрстве адукацыі, адстаяўшы доўгую чаргу разам з іншымі ахвотнымі і заплаціўшы 5 базавых (200 рублёў) за дакумент.

Разумеючы праблему адтоку дзяцей, лукашэнкаўцы ўспомнілі старыя правераныя бюракратычныя метады.

На гэты момант чарга на апастыляванне складае роўна месяц — калі сёння запісацца на падачу, то можна трапіць у Міністэства адукацыі на атрыманне апастыля толькі 5 жніўня.

Але часам чыноўніцкія мазгі нараджаюць па-сапраўднаму крэатыўныя бар'еры.

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад настаўнікаў, а таксама некалькіх суразмоўцаў, чые знаёмыя з гэтым сутыкнуліся, улады вынайшлі яшчэ адзін спосаб стрымаць абітурыентаў.

«У атэстат наўмысна ставіцца памылка ў прозвішчы дырэктара ці завуча. Умоўна, была Лукашэнка, стала Лукташэнка. Або змазваецца подпіс. Школьнік прыходзіць у Мінадукацыі, яму кажуць, што такі дакумент апастыляваць не могуць — бо ў дырэктара іншае прозвішча або іншы подпіс. Таму, маўляў, атрымлівайце па-новаму і вяртайцеся. Выпускнік кідаецца ў школу — а патрэбны чалавек у адпачынку. Або проста пераробліванне і чарга ў Міністэрства адукацыі займае столькі часу, што на падачу ва ўніверсітэт за мяжу школьнік ужо не паспявае. У гэтым і сэнс. Што рабіць? Паступаць у Беларусі. У беларускіх ВНУ на сапраўднасць подпісу і памылкі ў прозвішчах увагі не звяртаюць», — тлумачыць наш суразмоўца з сістэмы адукацыі.

Прынцып, па якім абіраюцца школьнікі з нібыта выпадковымі «памылкамі» ў атэстаце, невядомы.

Мы ведаем пра такія выпадкі пераважна ў школах з традыцыйна высокім працэнтам паступленняў за мяжу.

Але некаторыя людзі, якія з гэтым сутыкнуліся, робяць выснову, што лепш было б іх дзецям маўчаць аб намеры паступаць за мяжу і не казаць гэтага нікому са школьных настаўнікаў. Яны падазраюць, што ім у атэстаце памылку зрабілі наўмысна, таму што ў школе ведалі, што дзіця збіраецца з'язджаць.

Настаўнікі пацвярджаюць «Нашай Ніве», што начальства запытвае інфармацыю ў класных кіраўнікоў аб тым, ці вядома ім аб планах вучняў паступаць за мяжу.

Настаўнікам настоліва прапануюць стрымліваць дзяцей і агітаваць іх застацца ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(16)