История

Андрэй Кныш

Чарнобыльская катастрофа: 7 вядомых і паўзабытых фактаў

І некалькі гістарычных паралеляў у 38-годдзе аварыі на ЧАЭС.

Вёска Кузьмінічы Ельскага раёна, яе больш няма на мапе Беларусі. Фота з кнігі «Чарнобыль» Дзяніса Раманюка

26 красавіка спаўняецца 38 год аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая мела для нашай краіны катастрафічныя наступствы. Сёння «Салідарнасць» прыгадвае колькі вядомых, а таксама паўзабытых фактаў і лічбаў пра гэтую трагічную падзею.

1. У выніку аварыі ў Прыпяці ў рознай ступені было забруджана каля 66% тэрыторыі Беларусі. У краіне не было ніводнай чыстай ад забруджавання вобласці, найбольш пацярпела суседняя з Украінай Гомельшчына. 35% цэзія-137, які выпаў на еўрапейскім кантыненце, апынулася на беларускіх землях. Забруджванне тэрыторыі Беларусі радыёцэзіем шчыльнасцю звыш 37 кБк/м2 (1 Ки/км2) склала 23 % ад усёй плошчы краіны.

2. На забруджаных тэрыторыях да эвакуацыі жылі 2,2 мільёна чалавек — жыхары 3678 паселішчаў. З іх 479 населеных пункаў перасталі існаваць.

Па стане на пачатак 2024-га ў зоне радыяцыйнага забруджвання пражывае каля 930 тысяч беларусаў. З іх 185 тысяч — дзеці.

3. 137,7 тысяч чалавек былі эвакуяваныя і адселеныя з забруджаных тэрыторый, пераважна з Гомельшчыны. Яшчэ 200 тысяч з’ехалі самастойна.

Эвакуацыя дзяцей з Хойніцкага раёна. Фота: Юрый Іваноў

4. Лічыцца, што найбольшую шкоду здароўю людзей нанёс ёд-131, перыяд паўраспаду якога цягнецца ўсяго восем дзён. Ён і стаў адной з галоўных крыніц апраменьвання жыхароў краіны.

Найперш ёд-131 аказвае ўздзеянне на шчытападобную залозу. У групе рызыкі дзеці, у першую чаргу да 7 гадоў.

Фота: Анатоль Кляшчук

Красамоўная і жахлівая лічба: колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы пасля аварыі на ЧАЭС, калі параўноўвасць з дааварыйным перыядам, узрасла сярод дзяцей у 33,6 разы, сярод дарослых — у 2,5-7 разоў, у залежнасці ад узроставых груп.

5. Каб знізіць узровень апраменьвання, жыхарам пацярпелых раёнаў трэба было пазбягаць знаходжання на вуліцы ў першыя дні пасля аварыі. Таксама ім неабходна было прыняць прэпарат ёду, што, дарэчы, у Польшчы пачалі рабіць ужо 29 красавіка.

Першамайская дэманстрацыя ў Ельску. Фота з кнігі «Чарнобыль» Дзяніса Раманюка

У СССР першыя ўцямныя і падрабязныя паведамленні ў прэсе з’явіліся толькі 6 мая. Больш за тое, у савецкіх гарадах, у тым ліку ў Кіеве, Гомелі і Мінску прайшлі першамайскія дэманстрацыі.

Жыхарам пацярпелых раёнаў не давалі ніякіх рэкамендацый, як сябе паводзіць у крытычнай сітуацыі.

6. Улады Беларусі ганарацца супрацоўніцтвам з Расіяй у ядзернай сферы — атамная станцыя пад Астраўцом збудаваная расійскай кампаніяй. Лукашэнка не саромеецца хваліцца расійскай ядзернай зброяй, якую нібыта завезлі ў Беларусь.

Між тым, на прыкладзе Чарнобыля гісторыя паказвае, як паводзіць сябе Масква ў крытычных сітуацыях.

У першыя дні пасля аварыі з’явілася пагроза выпадзення радыёактыўных ападкаў у вялікіх расійскіх гарадах, у тым ліку і ў Маскве.

Афіцыйна гэты факт адмаўляецца, але расійскія пілоты ў перадачы брытанскага канала ВВС2 расказалі, як рассейвалі над Прыпяццю, а таксама над Беларуссю ёдыд срэбра, які выклікае радыёактыўныя ападкі.

Па словах маёра Аляксея Грушына, ягоная каманда працавала над аблокамі ў тым ліку і на адлегласці 50, 70 і нават 100 кіламетраў ад ЧАЭС. Нагадаем, што да мяжы з Беларуссю ад Прыпяці 16 км. 

7. Лукашэнку, які ці не з першых гадоў свайго кіравання краінай выступаў за вяртанне ў сельскагаспадарчы зварот забруджаных земляў, было ў каго павучыцца.

У 1991-м парламенцкая апазіцыя БНФ ініцыявала стварэнне адмысловай камісіі, якая мусіла заняцца расследаваннем фактаў замоўчвання праўды пра наступствы чарнобыльскай аварыі.

У свой час экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык публікаваў вынікі працы камісіі. Так, у 1990-м у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, які амаль цалкам падлягаў адсяленню, быў сабраны ўраджай з плошчы 7 000 га. Такая ж карціна назіралася ў Буда-Кашалёўскім, Нараўлянскім, Краснапольскім ды іншых забруджаных раёнах Беларусі.

Акрамя таго, практыкавалася змешванне чыстых і радыёактыўных тушаў жывёлаў, якіх адпраўлялі на продаж як па Беларусі, так і па іншых савецкіх рэспубліках.

Ці не адсюль гісторыі пра змяшанае такім жа чынам і з той жа мэтай малако, якое п’юць сённяшнія беларусы?