Общество

Былы палітзняволены Рыгор Кастусёў перанёс тры аперацыі за год

Сябры распавялі, як цяпер жыве былы старшыня БНФ, які мінулым летам выйшаў на свабоду. Рыгор Кастусёў змагаецца з анкалогіяй.

Як стала вядома Нашай Ніве, у лістападзе 2024 года Рыгору Кастусёву, зрабілі аперацыю ў РНПЦ у Бараўлянах. Але гэтым справа не скончылася. Калі ў пачатку снежня палітык прыехаў па накіраванне ў санаторый, дактары яго не адпусцілі і зрабілі яшчэ адну аперацыю.

Цяпер Кастусёву даводзіцца прымаць шмат лекаў, але ён адчувае сябе лепш, чым у верасні-кастрычніку мінулага года— тады было вельмі цяжка. У санаторый ён так і не трапіў — плануе туды паехаць у лютым.

Нягледзячы на праблемы са здароўем, напрыканцы мінулага лета Кастусёў шмат працаваў на агародзе ў вёсцы. Цяпер ён працягвае рамонт у сваёй шклоўскай кватэры, які распачаў яшчэ да арышту. З пенсіі шмат грошай не выдаткуеш, таму ён усё робіць сам. Пытанні здароўя па-ранейшаму забіраюць у былога палітвязня шмат часу і сілаў.

Старшыню БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года. Яму прысудзілі 10 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 КК). Палітыка вызвалілі 3 ліпеня 2024 года па памілаванні.

Падчас зняволення ў Рыгора Кастусёва знайшлі анкалагічную хваробу. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, а пазней перавялі на крытую турму. У красавіку 2024 года, калі Кастусёў яшчэ быў за кратамі, яму зрабілі аперацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)