Скандалы

Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Пра дакладнае месцазнаходжанне і стан зніклай амаль год таму, у сакавіку 2025 года, спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай дагэтуль было нічога невядома. А надоечы ў сацсетках пачалі гуляць скрыншоты, дзе яна з новай фрызурай нібыта займаецца спортам у сталічнай сілоўні сеткі GYM24, піша Наша Ніва.

Нібыта скрыншоты са сторыз, на якія папала Анжаліка Мельнікава. Іх першапачаткова даслалі ўкраінскаму блогеру Аляксандру Рыкаву (BalaganOFF).

Узнікла шмат пытанняў да праўдзівасці здымкаў. Аднак менавіта таму «Наша Ніва» пад выглядам звычайнай зацікаўленай асобы вырашыла дазваніцца да мужа і бацькоў Анжалікі і спытаць у іх пра гэтыя фота наўпрост.

Па нумары, які зарэгістраваны на былога мужа Анжалікі Андрэя, нам нечакана адказаў жаночы голас, які абяцаў паклікаць Андрэя да слухаўкі, але пасля гэтага сувязь перарвалася. На нашы званкі адказваць перасталі.

Да маці Анжалікі Аксаны пакуль дазваніцца таксама не атрымалася, а вось з яе бацькам дыялог здарыўся. Наконт здымкаў з трэнажорнай залы Артур Мікалаевіч нічога не ведае, але, па яго словах, з дачкой усё добра і яна жыве ў Беларусі.

«Я ведаю, што яна ў Беларусі. З якога часу? Ну, даўнавата. Нічога яна не знікла. Наколькі я сам ведаю, жывая і здаровая. І дзеці, мабыць, з ёй. Хаця я ўнукаў і яе асабіста даўно бачыў жыўцом».

Артур Мікалаевіч распавёў, што апошні раз размаўляў з дачкой «зімой». Звычайна яна тэлефануе яму сама.

«Яна мне сказала: «Ты мне не звані, я сама буду». Ну і часам тэлефануе. Але там нумар заўсёды схаваны, не вызначаецца».

Нагадаем, спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь.

Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія тычацца працы арганізацыі.

У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч даляраў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лёта­ла на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)