Филин

Сяргей Васілеўскі

Back to USSR. Як міліцыя заваблівае беларускіх школьнікаў у свае шэрагі

Ці будзе з гэтага плён – тлумачыць гісторык Алесь Пашкевіч.

Савецкія традыцыі пачалі вяртацца да жыцця ў сучаснай беларускай школе не ўчора. Першымі вярнуліся піянеры, потым камсамол рэінкарнаваўся ў БРСМ. Але калі першапачаткова гаворка часцей за ўсё ішла пра адносна мірныя формы настальгіі, то сёння яна ўсё часцей набывае мілітарысцкі характар.

Адсюль і ўсе гэтыя псеўдапартыятычныя клубы і гурткі з удзелам сумнеўных выхавацеляў, і незабыўныя экскурсіі ў райадзелы міліцыі, пазіраванне на камеру са зброяй.

У школы пачалі масава вяртацца так званыя атрады юных сяброў міліцыі. Яны дзейнічалі і дзесяць год таму, але сёння іх з’яўляецца ўсё больш. У гэтым мы, дарэчы, не адстаём ад пуцінскай Расіі, у якой пры школах дзейнічаюць артады юных сяброў паліцыі.

Для разумення маштабаў з’явы прыгадаем Мазыр, дзе школьнікаў на днях азнаёмілі з умовамі ўтрымання ў камерах-«стаканах». Не так даўно мазырская інспекцыя па справах непаўналетніх паведамляла пра раённы злёт тых самых атрадаў ЮСМ. Дык вось толькі сярод пераможцаў апынуліся шэсць мясцовых школаў. 

На сайтах беларускіх школаў можна адшукаць рэгламенты дзейнасці атрадаў юных сяброў міліцыі за розныя гады. У вочы кідаецца тое, як змясціўся ідэалагічны акцэнт у гэтых палажэннях.

Параўнаем, якія мэты дэкларавала адна са школ ў Нясвіжскім раёне ў 2015-м, і якія задачы перад сабой ставіць сёння адрад Нясвіжскай сярэдняй школы №3:

У школе №3 Нясвіжа «членами отряда «Юные друзья милиции» могут стать по собственному желанию или на основе рекомендаций педагогического коллектива лица в возрасте 10-12 лет, желающие оказывать помощь органам милиции и администрации школы в пропаганде основ безопасной жизнедеятельности и правовых знаний».

Дэвіз юных сяброў міліцыі Аношкаўскай СШ Нясвіжскага раёна

Юным сябрам нясвіжскіх міліцыянтаў сярод іншага прапануецца:

  • Вывучэнне гісторыі беларускай міліцыі ды іншых праваахоўных органаў; матэрыялаў аб гераізме і мужнасці;
  • наведванне музеяў і памятных мясцін, звязаных з гісторыяй міліцыі;
  • арганізацыя гутарак і сустрэч з работнікамі міліцыі і ветэранамі праваахоўных органаў.

Юныя сябры міліцыі апрача іншага павінны быць патрыётамі сваёй Радзімы, нагадвае палажэнне аб дзейнасці атрада ЮСМ.

Пра прычыны масавага вяртання да практыкаў савецкага мінулага Филин пагутарыў з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

Аляксандр Пашкевіч

— Калі правесці паралель з савецкімі часамі, наколькі шчыльна тады міліцыя ўзаемадзейнічала са школамі? Ці можна сказаць, што сёння мы бачым пэўнае наследаванне тым практыкам?

— У Савецкім Саюзе таксама былі юныя памочнікі міліцыі. Тут улады нічога новага не прыдумляюць. Як звычайна ў нас ідуць паводле прынцыпа, што «ўсё новае — даўно забытае старое».

Думаю, у савецкі час было па-рознаму. Гэта залежала і ад нейкіх мясцовых асаблівасцяў, і ад розных гістарычных перыядаў. Але ў любым разе гэта не абыходзілася без прамых сустрэч з супрацоўнікамі міліцыі. Ці на іх тэрыторыі, ці яны самі прыходзілі ў школы.

Таму што нешта іншае тут не зробіш, бо без прамых кантактаў тых самых юных памочнікаў з міліцыяй такое ўзаемадзеянне цяжка сабе ўявіць.

У гэтым жа і сутнасць падобных кампаній, каб іх удзельнікі былі блізкія да разумення працы сілавікоў і былі гатовыя ў гэтыя шчыльныя шэрагі ў будучыні ўліцца. Тут нічога новага не прыдумляецца.

— А ці ёсць у гэтым запазычванні хоць штосьці сваё? Напрыклад, фатаграфаванне са зброяй — часта з парушэннем службовых інструкцый? Я вось не магу прыгадаць, каб у маім дзяцінстве ўчастковы прыйшоў у нашу вясковую школу і зладзіў фотасесію з табельным пісталетам.

— Ні мой асабісты досвед, ні ваш не надта характэрны. Бо мы ўсё ж гадаваліся ў школах у сельскай мясцовасці, дзе гэты ўчастковы часта быў адзін.

Я, па-шчырасці, увогуле не прыгадваю, каб у нас праводзіліся падобныя мерапрыемствы. Бо для гэтага дзяцей трэба было везці ў раён, а ў нас гэтым не займаліся. Хаця, розныя мілітарызаваныя дзеянні былі.

Уступалі ў розныя таварыствы накшталт ДАСААФ, былі і тыя самыя юныя памочнікі міліцыі, нейкія ўнёскі плаціліся, праводзіліся заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, дзе стралялі з нейкай зброі пад наглядам ваенрука. Гэта ўсё было. Але каб нехта даў патрымаць пісталет у руках, то ў маёй асабістай практыцы такога не здаралася.

Хоць, я думаю, што такое магло быць і ў тыя часы. Калі цяпер не па законе дзейнічаюць, то і тады законы былі ўмоўным паняццем. Іх таксама парушалі. Прынамсі да таго часу, пакуль нешта не здаралася.

— Сёння ў атрады юных сяброў міліцыі запісваюць дзесяцігадовых дзяцей. Пра што гэта можа сведчыць на фоне сённяшніх падзей? І наколькі паспяховымі могуць быць такія спробы ангажавання школьнікаў у справы сілавікоў?

— У тым, што пачынаюць рабіць усё гэта з такога ўзросту, нічога дзіўнага няма. Гэта акурат той узрост, калі дзеці з ранняга дзяцінства пачынаюць пераходзіць у катэгорыю падлеткаў. Узрост, калі яны пачынаюць усім актыўна цікавіцца, калі адбываецца працэс сацыялізацыі, фармаванне асобы. Таму тут задумка такая, каб браць іх у самы спрыяльны перыяд і выціскаць пячатку на дзіцячай душы, якая як той мяккі воск.

Наколькі гэта ўсё ў выніку ўдасца, я раней ужо шмат разоў гаварыў. Такая вось лабавая прапаганда не заўсёды дзейнічае. Бо яна павінна ўлічваць інтарэсы саміх гэтых дзяцей, гэтых падлеткаў. Улічваць тое, да чаго ў іх ёсць цяга.

І я не ўпэўнены, што гэты мілітарны аспект сучасных дзяцей у Беларусі так захоплівае. Ёсць, канечне, розныя дзеці. Але калі казаць агулам, то далёка не факт.

Тут ідуць па інэрцыі, памятаючы, якая была ў савецкі час мілітарызацыя, што быў у прынцыпе высокі прэстыж у сілавых органаў. І да іх моладзь хацела далучацца.

Акрамя таго, тады было мала забаваў. Натуральна, не было кампутараў, сацыяльных сетак. Увогуле было мала варыянтаў бавіць час віртуальна. Адпаведна, такія захады маглі мець большы поспех.

Цяпер жа гэта будзе мець плён, калі дзецям такое сапраўды цікава. Калі ж гэта ўсё з-пад палкі, толькі дзеля таго, каб адсправаздачыцца, калі гэта не ўлічвае асаблівасці сучаснай дзіцячай псіхалогіі, інтарэсы сённяшніх дзяцей, то я думаю, гэта ўсё будзе збольшага фармальна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)