Усе тыя Валадаркі і зоны не настолькі страшныя, як 10 дзён, што я правёў у тым карцары. А калі была праверка, нас выводзілі як смяротнікаў ці пажыццёва зняволеных – тварам у падлогу і з рукамі ўверх.
Аляксей Кірэеў: «У калоніі знайшоў у бутэльцы ад «спрайту» позвы на вайну»
Актывіст «Народнай грамады» год хаваўся ад вышуку, але ўсё роўна трапіў за краты па палітыцы. Там палітзняволены перажыў збіццё і страшны акрэсцінскі карцар, а потым і інсульт, пасля якога аслепнуў на адно вока. «Салідарнасць» распавядае гісторыю мужчыны.
Калі вы можаце дапамагчы Аляксею ва ўладкаванні за мяжой, напішыце яму ў Facebook.
«Бывала, што вылазіў з вакна па вяроўцы»
Мінчанін Аляксей Кірэеў трапіў у палітыку яшчэ ў 1994-м. Тады, перад прэзідэнцкімі выбарамі, ён збіраў на мінскім гадзіннікавым заводзе подпісы за кандыдата Зянона Пазняка. Агітацыю, успамінае Аляксей, правялі добра, і амаль увесь завод, некалькі тысяч чалавек, прагаласаваў за Пазняка.
Некалькі дзесяцігоддзяў мужчына працаваў на заводах наладчыкам станкоў. У 90-х гэта быў той самы гадзіннікавы завод, дзе Аляксей збіраў подпісы за Пазняка, у канцы нулявых ён трапіў на МАЗ. Паўдзельнічаў у Плошчы-2010, пастаянна хадзіў на мітынгі дэмакратычных сілаў – на Дзяды, Чарнобыльскія шляхі ды Дні волі. І атрымліваў за гэта штрафы, успамінае Аляксей.
У 2015-м, аднак, ён сышоў з МАЗа:
– Там была непрыемная сітуацыя з ідэалогіяй, прымушалі выпісваць газеты, удзельнічаць у прафсаюзным руху. Я не ўступаў у дзяржаўны прафсаюз, наконт гэтага былі спрэчкі.
Далей працаваў на ўсякіх халтурах, больш не звязваўся з дзяржпрадпрыемствамі. У 2017-м удзельнічаў у пратэстах дармаедаў. А ў снежні 2019-га пратэставаў, калі Севярынец выводзіў людзей супраць інтэграцыі з Расіяй, – распавядае суразмоўца «Салідарнасці».
Выбарчы год, 2020-ты, Аляксей успамінае словамі «як пачалося». Тады мужчына цалкам аддаўся выбарам, і яго, актывіста «Народнай грамады», затрымлівалі шмат разоў яшчэ з пачатку выбарчай кампаніі. Спачатку давалі, успамінае ён, па 3-5 сутак арышту, але неяк адседзеў і 15 сутак.
Тады Аляксею давялося пасядзець па ўсёй Беларусі – у Баранавічах, Жодзіне, Магілёве.
Часам актывіста вартавалі ля пад’езда – затрымлівалі, так што не паспяваў зайсці туды. Бывала, што вылазіў з вакна па вяроўцы, таму што пад пад’ездам стаялі бусы сілавікоў.
У 2021-м Аляксей паехаў у Гомель, бо там судзілі Мікалая Статкевіча, кіраўніка «Народнай грамады».
– Здаецца, быў ранак 23 ліпеня, калі мяне затрымалі каля СІЗА №3. Нікога там не было, акрамя карэспандэнтаў з беларускага тэлебачання. Пад’ехаў нейкі бус, і мяне на дзень звезлі ў гомельскае КДБ, – кажа ён. – Прасканавалі мае сацсеткі і тэлефон, але нічога заўважнага для іх не знайшлі. А па выніку пасадзілі мяне за фота, якое яны тады, у КДБ, пабачылі. Там было фота, дзе я стаю са сцягам «Народнай грамады» на дарозе, недзе на праспекце Пераможцаў, было і яшчэ адно фота з маршаў.
Пасля паездкі ў Гомель Аляксей даведаўся, што знаходзіцца з вышуку. Яго дачка працавала ў мінскай парыкмахерскай, і да яе прыйшлі сілавікі – маўляў, перадайце бацьку, што мы яго шукаем.
«Усе тыя Валадаркі і зоны не настолькі страшныя, як 10 дзён у карцары на Акрэсціна»
Амаль год Аляксею давялося хавацца. Ён не хадзіў па вялікіх крамах, жыў па розных гарадах і мястэчках. Працу знаходзіў у тэлеграм-каналах – напрыклад, мог дапамагчы перанесці мэблю, адрамантаваць кран.
Летам 2022 года мужчына прыехаў у Мінск, і праз тры месяцы ў сталіцы яго знайшлі сілавікі:
– Неяк рабіў электраправодку ў дзіцячым садочку. Два дні туды схадзіў на працу, а на трэці дзень мяне ўжо чакалі два оперы. Там было два вялізныя плоты, і ля іх стаялі гэтыя хлопцы, малы і вялікі. Пабачыў, што ў іх на боку вісяць пісталеты, бегчы не было куды.
Сказалі мне, быццам я ў «Еўраопце» скраў кілбасу. Адказаў, што год не хаджу па «Еўраоптах», бо ведаю, чыя гэта крама. Але яны настойвалі, што я вельмі падобны да таго рабаўніка, загадалі паехаць у РАУС, нібыта каб разабрацца.
Мужчына ўспамінае, як пасля затрымання пабачыў у кабінеце сілавікоў партрэт Пуціна. Міліцыянты заявілі Аляксею, што доўга яго шукалі, той парыраваў – маўляў, так доўга, што ўлада памянялася?
Тыя спыталі ў адказ, ці мае Аляксей нешта супраць рускага свету – канечне, ён адказаў, што так. За гэта яму давялося перажыць збіццё: пабілі па твары, выбілі пярэднія зубы і збілі так, што ногі былі чорныя. А потым адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
Дні там Аляксей называе самым страшным часам за ўвесь свой тэрмін:
– 15 чалавек сядзяць у карцары на аднаго, там адзін унітаз і адна прышпіленая нара, плошча карцара метраў шэсць-восем. Немагчыма нават легчы на падлогу, даводзіцца сядзець. Калі трэба ў прыбіральню, там няма ні фіранкі, ні бутэлькі з вадой – нічога.
Пад канец арышту прыйшоў сілавік, які збіваў Аляксея, і працягнуў яму паперы на подпіс – яны сведчылі, што супраць мужчыны заведзеная крыміналка па артыкуле 342. Пасля гэтага актывіста павезлі ў СІЗА на Валадарскага.
Аляксей адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі №15, там жа раней сядзеў Мікалай Статкевіч. Начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка яшчэ ў тыя часы пасварыўся са Статкевічам, і таму калі ён убачыў, што Кірэеў ведае Статкевіча, іх адносіны адразу не склаліся. У першыя ж дні Аляксея пасадзілі ў ШІЗА, потым вярталі туды зноў і зноў – усяго амаль за год у калоніі ён адседзеў у ШІЗА 97 дзён.
Суразмоўца «Салідарнасці» ўспамінае, што адной з яго прац у калоніі была чыстка бутэлек – аднойчы ў адной з іх ён знайшоў незвычайны «скарб»:
– Прывозяць пластыкавыя бутэлькі – відаць, з Расіі. Трэба адарваць этыкетку і раскласці пластык у розныя кучы: у адну – празрысты, у іншую – каляровы. У адной бутэльцы ад «спрайту» было восем позваў на вайну, так і даведаўся, што бутэлькі з Расіі. Позвы былі парваныя, адрас ваенкамату – Масква, Раменскае.
«Хутка выбары, так што трэба, можа, пасадзіць вас у нейкі ЛПП»
Аднойчы пасля чарговай правакацыі ад іншых вязняў Аляксей атрымаў 10 сутак ШІЗА. Выйшаў адтуль за некалькі дзён да Пасхі, якая была ў тым годзе 5 мая. Далей здарылася страшнае:
– На Пасху прачнуўся, выйшаў на вуліцу, і мне прапанавалі каву, а там лыжачка распушчальнай кавы на літровы кубак. Адказаў хлопцу, які мне гэта прапанаваў: «Слухай, я такое не п’ю, мне для гэтага трэба каб інсульт быў». І праз хвіліну вока перастала бачыць.
Нядзеля, з медыкаў працуе адзін фельчар. Памерылі ціск, верхняя лічба была 270. Паставілі кропельніцу, збілі ціск, але вока ўсё не бачыла. На наступны дзень прыйшла доктарка і мяне павезлі ў бальніцу ў Магілёве – там пабачылі, што ў маім воку адарваўся тромб. Сказалі, што калі б трапіў да іх цягам 3-4 гадзін, можна было б вярнуць мне зрок, а цяпер трэба лячэнне, якога ў Беларусі не робяць. У паперцы напісалі, што ў мяне была эмбалія сятчаткі.
Тыдзень давялося правесці ў бальніцы: мужчыну паклалі на кушэтку ля рэгістратуры і прысцягнулі кайданкамі да яе, два міліцыянты яго ахоўвалі. У вока Аляксею рабілі ўколы, але ўсё роўна не выратавалі зрок. Але ёсць і добрыя ўспаміны пра той час, бо медыкі вельмі добра ставіліся да палітвязня, медсёстры яго падкормлівалі.
Аляксей прызнаецца, што калі б яму заставалася сядзець яшчэ 3-5 гадоў за кратамі, ды хаця б год, ён бы збег на волю, бо збегчы з бальніцы, як яму падавалася, было вельмі проста. Але мужчына мусіў выходзіць праз тры месяцы, так што не пайшоў на ўцёкі.
Актывіст выйшаў на волю ў канцы жніўня 2024 года:
– Калі вызваліўся, прывезлі мяне ў Мінск, на трэці дзень адзначыўся ў РАУС. Неяк у суботу ў 2 гадзіны ночы прыйшлі да мяне тры міліцыянты, прынеслі алкатэстар. Папрасілі падыхаць у трубку, вынік быў – «па нулях». Кажуць: «Самі разумееце, хутка выбары, так што трэба, можа, у нейкі ЛПП вас пасадзіць».
І праз тры дні я з 20 еўра ў кішэні пералез праз плот на мяжы з Літвой, гэта была сярэдзіна верасня 2024 года.
Ужо ў Літве я неяк пайшоў на запраўку, не пабачыў там прыступку і паламаў калена. Месяц ляжаў у гіпсе, потым распрацоўваў ногу. У Вільні можна знайсці шмат часовай працы, і я думаю, мяне возьмуць.
Аляксей ведае літоўскую мову, бо ў нулявыя працаваў у Каўнасе, і прызнаецца, што яму гэта моцна палягчае жыццё у Літве. Мужчыне 52 гады, і ён кажа, што іншым беларусам яго ўзросту на чужыне складана пайсці нават да доктара: не ведаюць, куды падацца, якія дакументы рыхтаваць.
Што да самога Аляксея, для яго пошук працы ўскладняецца і тым, што адно вока ў мужчыны не бачыць – кіроўцам, напрыклад, з такім зрокам не папрацуеш. Але ён не здаецца і гатовы будаваць жыццё ў новай краіне, а пакуль не забывае зняволеных сяброў і часта іх згадвае.
Калі вы можаце дапамагчы Аляксею ва ўладкаванні за мяжой, напішыце яму ў Facebook.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное