У эміграцыі з'яўляецца неабходнасць цягнуць сябе за каўнер, рабіць нешта новае, шукаць магчымасці, сустракаць людзей, спрабаваць сябе ў тым, што ніколі раней не рабіў – і ў гэтым можна знайсці многа станоўчага.
Аляксандр Ждановіч: «Самае складанае ў эміграцыі — невядомасць, і, калі на гэтым засяроджвацца, можна звар’яцець»
Як актор наважыўся на эвакуацыю, і што дапамагло яму адаптавацца на новым месцы, піша bysol.org.
Вядомы актор тэатру і кіно Аляксандр Ждановіч, як і многія беларусы ў 2020 годзе, сутыкнуўся з рэпрэсіямі. Яго затрымалі на адным з маршаў пратэстаў, калі ён паспрабаваў абараніць жанчыну ад АМАПаўца.
Вобраз Маляваныча з «Калыханкі», які ведаюць і любяць некалькі пакаленняў беларусаў, не выратаваў актора ад трапляння ў чорны спіс дзеячаў мастацтва. Дзякуючы камандзе эвакуацыі BYSOL, у 2022 годзе Аляксандр Ждановіч пакінуў Беларусь.
Новая старонка ў жыцці
У Аляксандра Ждановіча адукацыя актора тэатра і кіно, больш за 36 гадоў ён працаваў у тэатры імя М.Горкага. Апроч гэтага, выступаў на радыё, шмат здымаўся і працягвае здымацца ў кіно, агучваў мультфільмы, маляваў, вучыўся іканапісу.
— Я спрабаваў сябе шмат у чым: ставіў спектаклі і монаспектаклі ў тэатры, займаўся з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, мы ладзілі з імі спектаклі. Апроч таго, я быў мастацкім кіраўніком батлееченых і тэатраў лялек «Нябёсы», — пералічвае спадар Аляксандр. 2020 год падарыў новае дыханне Маляванычу, які пакінуў тэлебачанне яшчэ ў 2015 годзе.
— Як бы я ні хацеў, я ўсё адно застануся Маляванычам, — заўважае Аляксандр Ждановіч. — А ўвогуле, у цяперашнім кантэксце свету, дзе мы ўсе пераймаемся пра тое, што адбываецца на Радзіме, ва Ўкраіне, людзі стаміліся, ім не хапае чагосьці пазітыўнага. А вобраз Маляваныча даўно знаёмы людзям, для многіх гэта — успамін з дзяцінства, а сам персанаж працягвае быць промнем святла для дарослых і ўжо новага пакалення дзяцей.
Пасля затрымання ў 2020 годзе, кіраўнік Рады Культуры Cяргей Будкін прапанаваў мне адрадзіць Маляваныча, і я пагадзіўся. Неўзабаве гэты канал стаў праектам «Бэйбус».
— Ці ёсць у Вас зараз і іншыя праекты?
— Канешне! Як і іншыя беларусы, якія выехалі за мяжу, я трапіў у новае культурніцкае асяроддзе. Па сутнасці, у мяне таксама пачалося новае жыццё. Напрыклад, пасля майго звальнення з тэатра імя М. Горкага, я ўжо больш за два гады не выходжу на прафесійную сцэну ў якасці актора. Але я выкладаю для дзяцей у Тбілісі. Да таго ж зараз у мяне свая батлейка.
Мы зрабілі спектакль «Батлейка-Шагал», дзе спалучылі прыёмы батлеечнага тэатру і творчасць Марка Шагала, у ім я выступаю адразу ў мностве роляў — як рэжысёр, сцэнарыст, актор.
Ёсць у мяне і класічны спектакль «Цар Ірад», — кажа суразмоўца. — З 2020 года ў мяне няма натхнення маляваць, але я пачаў пісаць казкі! З 1996 года — хутка трыццаць год — я расказваю чужыя казкі, а зараз і сам стаў пісаць. Магчыма, неўзабаве і кніжка з’явіцца.
Шлях да эміграцыі
8 лістапада 2020 года Аляксандра Ждановіча затрымалі падчас аднаго з маршаў пратэстаў і асудзілі па «народным» артыкуле (артыкул КаАП 23.34).
— Маё затрыманне адбылося ў лістападзе, у дзень пятай гадавіны смерці маей жонкі, з якой мы усё жыццё пражылі разам. Я тады быў вельмі актыўны вернік і час ад часу з выходзіў на маршы з крыжыкам і маліўся, — кажа Аляксандр Ждановіч.
На маршы ён пабачыў, як АМАПавец, што дзяжурыў там жа, непаважліва абыходзіўся з жанчынай, падыйшоў і папрасіў не крычаць на яе. Гэта выклікала негадаванне сілавіка, і той, не вагаючыся, аддаў загад «узяць» Ждановіча. Прысуд актору быў 9 сутак зняволення.
Пра свае ўражанні ад гэтага досведу ён ўзгадвае, што кампанія падабралася цікавая і цёплая, а з некаторымі з пратэстоўцаў, з якімі лёс тады звёў артыста, ён і зараз падтрымлівае стасункі, атрымліваецца час ад часу перасекчыся на абшарах эміграцыі.
Неўзабаве пасля затрымання, у тэатр імя М.Горкага прыйшла папера з МУС наконт актора. Аднак адразу яго не звальнялі.
— На той момант мяне вырашылі пакінуць, але я не супакойваўся, працягваў актыўнічаць у сацсетках, даваў мноства інтэрв'ю, выказваў сваю пазіцыю і стаўленне да падзеяў. У выніку, у траўні 2021 года мяне ўсё ж звольнілі па артыкуле «За страту даверу з боку наймальніка».
Да таго ж, ад калег мне стала вядома, што беларускім студыям забаронена працаваць са мной. Так я зразумеў, што трапіў у негалосны чорны спіс. Негледзячы на моцную падтрымку людзей, на адраджэнне Маляваныча, у мяне забралі магчымасць знаходзіцца ў краіне і далей развівацца ў творчасці.
«Эвакуацыя — вельмі нервовы працэс»
Апроч таго, Аляксандр Ждановіч разумеў, што яго могуць пазбавіць волі паўторна і на больш працяглы тэрмін, яго асобай сталі цікавіцца сілавікі…
— Я вельмі ўдзячны Андрэю Стрыжаку, кіраўніку BYSOL, які вельмі рашуча настойваў на тым, што часу на роздум у мяне больш няма. Я ўсё ж затрымаўся на тыдзень, сказаўшы ўсім, што захварэў, а тым часам здолеў памяняць пратэрмінаваны пашпарт. У цяперашніх варунках, я вельмі рады гэтаму, бо мой пашпарт будзе дзейсны яшчэ дзевяць год, — узгадвае Аляксандр Ждановіч.
У жыцці актор кіруецца прынцыпамі старажытных філосафаў-стоікаў: рыхтуйся да горшага ў спадзеве на лепшае, таму, ад'язджаючы, ён разумеў, што гэта будзе надоўга. Таму ён наведаў могілкі бацькоў і жонкі Людмілы, сабраў самыя дарагія сэрцу фотаздымкі, паспеў палячыць зубы.
Актор разумеў, што эвакуацыя патрабуе сканцэнтраванасці, што дапамагло яму адвесці сум і іншыя негатыўныя эмоцыі, звязаныя з ад’ездам.
— Дарэчы, у дзень майго ад’езда я даведаўся, што за мной сочаць, і трэба было тэрмінова мяняць план. Дзякуючы камандзе эвакуацыі BYSOL, гэта адбылося вельмі аператыўна. Мне прыйшлося ехаць заблытаным шляхам, праз палі, праз Расію.
Былі і даволі страшныя моманты. Але за ноч я даў рады і дабраўся да канцавой кропкі маршрута, — дзеліцца прыгодамі Аляксандр Ждановіч. — Безумоўна, у многіх эвакуацыя была больш страшная і рызыкоўная, але ўсё адно гэта вельмі нервовы працэс.
Да таго ж, было 17-18 лютага 2022 года, я мусіў апынуцца ў Кіеве за некалькі дзён да пачатку вайны. Але каманда эвакуацыі ледзь не сілком прыцягнула мяне замест украінскай сталіцы ў Грузію.
Дарэчы, эвакуацыя скончылася для мяне прыемным падарункам: Тбілісі сустрэў сонцам і +16 градусамі пасля снегу і марозу ў Беларусі. Да таго ж пасля напругі, я нарэшце змог выспацца.
У адаптацыі моцна дапамагае падтрымка беларускай супольнасці
— Апынуўшыся ў Тбілісі, я, канешне, трапіў у менш камфортныя матэрыяльныя ўмовы, чым меў на Радзіме. Эмацыйна эміграцыя таксама вымотвае. З іншага боку, новая культура і новыя абставіны — з'явілася магчымасць рабіць нешта новае, выказвацца свабодна, паводзіцца вольна. Гэта трымае мяне ў гуморы, — апісвае Аляксандр Ждановіч.
Актор зазначае, што для яго была вельмі важнай падтрымка беларусаў, якія таксама выехалі на сталае жыхарства ў Грузію.
— На той момант, калі я з’ехаў, у Тбілісі было вельмі многа беларусаў. Ды яшчэ дзякуючы пазнавальнасці Маляваныча, я сутыкнуўся з тым, што да мяне была літаральна чарга людзей, якія прапаноўвалі проста пагуляць ці пагаварыць. Гэтая падтрымка была вельмі істотнай.
Мне было важна паслухаць пра досвед людзей, якія ўжо пражылі ў Грузіі некалькі месяцаў ці год, яны распавядалі пра псіхалагічныя яміны, якія наступаюць праз паўгады. Я ўважліва прыслухоўваўся да гэтага. Але… можа, я нетыповы, але пакуль даваў рады з гэтым і не дазваляў сабе засумаваць, — зазначае актор.
Аляксандр Ждановіч кажа, што вымушаная эміграцыя паспрыяла таму, што ён пачаў шмат займацца фізкультурай: штораніцы і штовечар ён робіць практыкаванні, дыхальныя практыкі, доўга шпацыруе.
Фізічная актыўнасць дапамагае актору падтрымліваць здароўе ва ўмовах, калі ў новай краіне іншая медыцынская сістэма. Актор пагаджаецца з псіхолагамі, што гэта дапамагае падтрымліваць настрой: калі цела занятае, то і галава дурным не забіваецца.
— Трэба жыць тут і зараз. Самае складанае ў эміграцыі — невядомасць, і, калі на гэтым засяроджвацца, можна звар’яцець. У гэтым сэнсе варта жыць, як дзіця, сённяшнім днём. Я лічу, што ў гэтым ёсць глыбокі сэнс. Клапаціцца пра заўтрашні дзень, безумоўна, трэба, але не засяроджвацца толькі на гэтым.
— Як батлейшчык, я хацеў бы пажадаць усім болей аптымізму. Я стаўлю калядны спектакль «Цар Ірад», дзе ёсць адмоўны персанаж, які размаўляе вельмі характэрным і добра знаёмым беларусам голасам, таму ўсе адразу разумеюць алегорыю.
Я не адаптаваў ці неяк адмыслова не змяняў сцэнар класічнага спектаклю, але ў ім адбываецца ўсё тое ж самае, што і ў жыцці беларусаў: гвалт, хлусня, улада, даражэйшая за ўсё, і дабро, якое ўрэшце рэшт, няхай нават у выглядзе смерці з касой, прыходзіць і забірае цара Ірада.
Людзі хутка разумеюць паралелі тых падзей з цяперашнім жыццём. Зло і дабро былі, ёсць і будуць, і трэба цешыцца, што мы на баку дабра і святла, а яно раней ці пазней перамагае. Таму маім галоўным пажаданнем з'яўляецца не губляць веру, што гэты момант настане.
Читайте еще
Избранное