Адэля Вольская: «Бацька, бывае, скажа, што запісана не вельмі добра. Але моцнай крытыкі няма»
Спявачка Адэля Вольская распавяла «Салідарнасці» пра працу рэпетытарам, што дапамагае ў сумныя вечары і ці хочацца да кагосьці прытуліцца.
— Вы прэзентавалі вельмі кранальную песню пра маму. Здаецца, яна заўсёды з вамі побач, бо і з намі таксама. Ганна была фантастычная, здаецца, што яе ўсе любілі. Што б яна сказала, на вашу думку, калі б пабачыла сённяшнія падзеі? Ці, мо, б якую параду дала?
— Мама перажывала трэш і пасля 2010-га, нядобра ёй было тады. То бок яе і тыя падзеі вельмі турбавалі.
Я нават у 2020-м думала, што, калі б яна ўбачыла нашыя мірныя пратэсты, то гэта б было файна. Упэўнена, што яна б загарэлася гэтым.
А на тое, што робіцца зараз, думаю, яна б сказала: «Ну ўсё, пагаравалі і жывем далей, трэба варушыцца! У нас няма выбару».
Яна б па-свойму ўсё роўна спрабавала знайсці выйсце. І веру, што знайшла б! Яна б круцілася-вярцелася ў Польшчы, рабіла б усялякія мерапрыемствы. Перажывала б моцна, але ішла б далей.
— Вы атрымалі ў Польшчы вышэйшую адукацыю як арганізатар мерапрыемстваў. Ці спрабавалі нешта рабіць па спецыяльнасці? Тым больш, што ваш бацька Лявон Вольскі — здаецца, бяры і арганізоўвай яго канцэрты...
— Я хацела. Таксама бацьку прапаноўвала, але ў яго свае людзі, і я нічога супраць не маю.
Я крышачку працавала ў гэтай сферы ў Беларусі. Хацела арганізоўваць свае канцэрты, але гэта, мо, у будучыні. Пакуль, прынамсі, гэтую сферу вырашыла паставіць на паўзу. Бо зараз для мяне гэта занадта эмацыйна і, мо, нават нэрвова.
— Калісьці вас блізкія крытыкавалі за знешні выгляд. І гэта насамрэч шмат пра каго з нас, «даганяе дзяцінства». «Падбяры жывот, трэба пахудзець...»
Тое ўжо ў мінулым, а ці крытыкуе бацька зараз вашую творчасць ці нейкія канкрэтныя песні? Мо, дае нейкія парады.
— Я часам даю яму паглядзець свае тэксты. Бывае, скажа, што запісана не вельмі добра. Музыка, да прыкладу. Але такой ужо моцнай крытыкі насамрэч няма.
— Мо наадварот, ведаеце, як дарослыя бацькі спрабуюць кампенсаваць таксама ўжо даросламу дзіцяці, тое, што не дадалі ў дзяцінстве. І неяк быць цяплейшым...
— Можа быць, можа быць (усьміхаецца).
«Зразумела, што пачаўся поўны глабальны трэш, які хутка не скончыцца»
— Здавалася, вы з дзяцінства самастойная, бо бацькі часта з’яжджалі на канцэрты і казалі вам: «Ты ж не будзеш сумаваць?» Таму і здаецца, што вы, мо, ўжо і развучыліся сумаваць у прынцыпе?
— І тады сумавала па бацьках, і зараз. Цяпер у мяне такі перыяд, што я ўвогуле амаль што не сплю. Я такі начны чалавек, лепей падумаю ноччу. Але бывае, што і калі прачынаюся, разумею: «Блін, накрывае...» У такія моманты шмат розных думак ў галаве перакручваецца.
— І што рабіць?
— І што рабіць (смяецца)? Крышачку можна паплакаць перад працай, а потым устаю і іду далей.
— Вы пішаце песні, але і працуеце рэпетытырам польскай мовы. Ці прыносіць усё гэта нейкі нармалёвы прыбытак і ад чаго больш задавальнення?
— Ад рэпетытарства свая асалода. Гэта людзі, розныя перажыванні і досвед, спроба дапамагчы шмат каму ў цяжкім перыядзе эміграцыі. Але ж калі ў рэпетытарстве я дапамагаю іншым, то ў творчасці больш сыходжу ў сябе, перажываю ўжо свае эмоцыі, якія спрабую перавесці на ліст паперы.
— А якія ў вас вучні?
— І малыя, і дарослыя, і падлеткі. У асноўным усе беларусы. Ва ўсіх розныя лёсы, да ўсіх трэба мець розны падыход. Для мяне гэта не складана, а нават прыемна, але ж часам бывае, што штосьці не пасуе і раздражняе. Але ўсе клёвыя і крутыя, хочуць вучыцца.
Польская мова насамрэч не такая ўжо і складаная, некаторыя вучаць яе за год.
Калі вучні распавядаюць мне пра ўсялякае — я ўспамінаю свае перажыванні ў іх узросце — то такім чынам часам нават дапамагаюць напісаць песню. Я зараз у працэсе напісання, ня ведаю альбома ці не, але пастараюся. І зараз вось здарылася сукупнасць перажыванняў маіх вучняў пра эміграцыю, неабходныя дакументы ды іншыя складанасці. Я не пісала пра эміграцыю ўвогуле, але ж зараз збіраюся крышку больш сур’ёзна да гэтага падыйсці і напісаць прынамсі пару песен.
Бачу, што некаторыя ідуць наперад, не азіраючыся, а некаторыя нават польскую вучыць не хочуць, бо складана «ды і навошта». І гэта ўсё дае свой водгалас.
— Некаторыя беларусы не хочуць асімілявацца, бо як бы мы не адштурхоўвалі гэтыя думкі, але ж ёсць надзея, што дрэннае, мо, скончыцца і паедзем дадому.
— Я думала пра гэта да вайны. Пасля пратэстаў 2020-га здавалася, што яшчэ можна марыць. Пазней зразумела, што пачаўся поўны глабальны трэш, які хутка не скончыцца. На жаль. Канешне, надзея ёсць і варта, каб яна заставалася. Але гэтым я ўжо не жыву.
«У Варшаве зараз калядны кірмаш, але мне казалі, што «у параўнанні з Уроцлавам ён не вельмі»
— Як у Польшчы з канцэртамі?
— Я збіраюся праз пару месяцаў зрабіць канцэрт ва Уроцлаве, і гэта зрабіць не цяжка. Дзякуй Богу, беларусам даюць пляцоўкі. Плаціш грошы — і ўся арганізацыя.
— А чаму вы вырашылі жыць менавіта ва Уроцлаве?
— У Беларусі ёсць такое — сталіца самая крутая. У Польшчы такога няма. Сталіца тут не галоўнае. Ёсць Уроцлаў, Гданьск, Кракаў, Познань — усе гэтыя абласныя сталіцы па свойму файныя.
А далей ідзе момант, што ў іх жыццё танней за сталіцу, але магчымасьці такія ж самыя. Дзесьці нават прыгажэй. Напрыклад у Варшаве зараз калядны кірмаш, але мне казалі, што «у параўнанні з Уроцлавам ён не вельмі».
Уроцлаў мне падабаецца тым, што ён вельмі прыгожы, а яшчэ гэта горад гномаў. Сотні гномікаў, файныя легенды звязаныя з імі і з горадам. Одра прыгожая, масты прыгожыя, стары горад цудоўны.
«Адэль, прыяжджай... Напэўна ж табе нічога не зробяць»
— Адэля, вы ўжо 8 год у Польшчы. Які быў самы цяжкі час у вашай эміграцыі?
— Першыя тры гады былі вельмі складаныя. Тады ў мяне было два жыцці, я яшчэ магла ездзіць туды-сюды, але гэта было нават горш. Бо так не хацелася з’яжджаць з Беларусі! Вакол сваё, роднае, Радзіма ніколі не адпускае.
Спачатку мне ўвогуле было незразумела, навошта мне тая Польшча, што я там раблю. І пазней, пасля вучобы, таксама хацелася вярнуцца, каб застацца ў Беларусі. На жаль, не атрымалася і давялося пагаджацца з такім лёсам. Зараз мне нашмат лепш, неяк ідзем.
Але, колькі б ні жыла, усё адно адчуваеш сябе тут чужым. Намагаешся, спрабуеш камунікаваць, штосьці рабіць, але ж ўсё роўна тут чужы і такім застанешся. І гэта непрыемна. І ўсё адно штосьці ня тое, чагосьці не хапае. І гэта часам складана прымаць.
— Як казаў Уладзімір Пугач, сумныя вечары бываюць ва ўсіх, страхоўкі няма, такое нават і раней здаралася, яшчэ ў Беларусі да 2020-га. Сумныя вечары ў любыя часы — гэта неад’емная частка нашага жыцця. Тым больш у вымушанай эміграцыі шмат каго накрывае туга і дэпрэсія, думкі «навошта ўсё гэта» бывае прыводзяць да рэчаіснасці, калі цяжка ўстаць з ложку. Што вам дапамагала?
— Спачатку побач былі знаёмыя, якія былі ў гэткім жа стане, што і я. Але ж тады я была студэнткай, пацешныя такія часы. Тады было крышачку прасцей з людзьмі. Пад канец вучобы я засталася сам-насам з рэчаіснасцю.
Але і дагэтуль таксама бываюць моманты, калі не хочацца ўставаць з ложку і штосьці рабіць. Цяжка прыняць, што ўвогуле не можаш вярнуцца на Радзіму. У мяне там дзве бабулі, і я не магу з імі пабачыцца. Адна бабуля, на жаль, ужо ў хоспісе, ёй 92 гады. З другой стэлефаноўваемся, яна мне часта кажа: «Адэль, прыяжджай... Напэўна ж табе нічога не зробяць». У яе крышачку іншае разуменне сітуацыі. А я нічога ёй моцна і не тлумачу, каб не турбаваць.
З іншага боку ня раз думала: «Ну па чым там сумаваць?»
Сумуеш больш па людзях, якія там былі. Але ж былі і моманты, калі я яшчэ ездзіла туды-сюды, калі прыяжджаючы ў Беларусь, мне хацелася цалаваць зямлю. Сур’ёзна кажу. Бо вось жа мае лясы і азёры!
«Там не толькі самая смачная кава, але і чызкейк, які я шмат год шукала ў Польшчы»
— Што робіце, калі хочацца на ручкі ці да кагосьці прытуліцца? Зараз, здаецца, шмат каму хочацца...
— Хочацца ўсім. Сутнасць у тым, што ў любым выпадку лепей спадзяваца на сябе. Нават калі гэткае плячо ў вас ёсць. Каб браць свае рэчы і праблемы менавіта пад свой кантроль. Дзяліцца — так, але нічога больш. Такі погляд мне падабаецца, бо я шмат што ў жыцці ўжо прайшла. І спадзяюся, што такі мой погляд на гэта будзе да канца майго жыцця.
— А калі б была магчымасць заўтра вярнуцца ў вольную Беларусь?
— Схадзіла б у парк Горкага, бо шмат гадоў там побач жыла. І ў свой касцёл каля Палацу Мастацтваў, Святога Роха. Ён крышачку там губляецца за дрэвамі. Некалькі год я там спявала ў хоры, былі вельмі файныя часы.
У парку Горкага з’есці яшчэ марозіва ці набыць сабе дзіцячыя лізуны (смяецца). Успомніць, пракаціцца на коле агляду. Пагуляла б па ўсіх гэтых кутках і абавязкова зайшла б у «Зярно». Бо там не толькі самая смачная кава, але і чызкейк, які я шмат год шукала ў Польшчы. І так і не знайшла.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное