Истоки

Багдана Паўлоўская

Абламскі: «Прынцыповым застаецца пытанне, што пасля Лукашэнкі будзе ўкладацца ў паняцце «беларуская нацыя»

Цікава, беларусы два стагоддзя таму і сёння — адны і тыя ж беларусы?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і што нас чакае наперадзе. Наш суразмоўца — доктар гісторыі Павел Абламскі.

Павел Абламскі

— Якія рысы нацыянальнага характару, уласцівыя беларусам, вы б вылучылі ў першую чаргу (пазітыўная, негатыўныя)?

— Адразу скажу, што для мяне нацыянальны характар — нешта накшталт сярэдняй тэмпературы ў бальніцы. Тым не менш адну рысу я б ўсё ж вылучыў. І яна можа мець як пазітыўны, так і негатыўны характар. Гэта здольнасць знаходзіць кампрамісы.

Нездарма адметнае месца ў беларускай гісторыі займаюць уніі (Крэўская, Люблінская, Брэсцкая царкоўная). Сюды ж трэба аднесці так званую «краёвую ідэю», якая афармляецца на пачатку XX ст. на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Краёвасць як ідэя фармавалася ў апазіцыі да этнічнага нацыяналізму.

Адначасова пошукі кампрамісаў часцяком прыводзілі да таго, што беларусы страчвалі сваю суб’ектнасць у вачах больш магутных суседзяў.

Зазначу, што беларусы дагэтуль не маюць нейкіх фундаментальных гістарычных спрэчак са сваімі суседзямі. Праўда, апошнія падзеі, звязаныя з пошукам так званых «літвіністаў» сярод беларусаў у Літве, ставяць пад сумнеў гэты тэзіс. Магчыма, у плане канфліктаў памяці ў нас ўсё яшчэ наперадзе.

— Што ўвогуле фармавала беларускі нацыянальны характар (ландшафт, гістарычныя падзеі, геаграфічнае становішча)? Ці змяняўся ён на працягу стагоддзяў? Інакш кажучы, беларусы напрыканцы 19 стагоддзя і беларусы ў пачатку 21-га — адны і тыя ж беларусы?

— Геаграфія. Мне блізкая думка Алеся Белага, што Беларусь у сваіх уяўных межах сфармавалася на перыферыі больш паспяховых у плане мабілізацыі сялянскіх масаў нацыянальных рухаў – польскага, літоўскага і ўкраінскага. Беларуская свядомасць канца XIX – пачатку XX – гэта якраз перадусім пражыванне і прыналежнасць да пэўнай тэрыторыі.

Вялікую ролю тут таксама адыграла імперская геаграфія, якая часцяком ставіла знак роўнасці паміж Паўночна-Заходні краем і так званымі «беларускімі губернямі».

Парадокс палягае ў тым, што тагачасныя беларусы, гаворачы па-беларуску, не ўсведамлялі сваю беларускасць як каштоўнасць, а цяперашнія беларусы яе ўсведамляюць, але беларускай мовай часта ўжо не карыстаюцца.

— Якія гістарычныя падзеі, на ваш погляд, найбольш істотна адбіліся на нашым менталітэце?

— Дзве вялікія вайны істотна змянілі сацыяльны і культурны ландшафт краіны. Вайна заўсёды вядзе да дэмаралізацыі насельніцтва. Пасля 1945 года Беларусь фактычна стала монаэтнічным грамадствам, падданым моцным працэсам саветызацыі.

Цікава, што, перадусім з ідэалагічных прычын, мы адносна мала ведаем пра ўплыў першай сусветнай вайны на беларускае грамадства. Часта забываецца, што гэта была першая вялікая вайна (у англамоўнай гістарыяграфіі яна так і называецца Great War) з удзелам масавых армій. І гэта не магло не паўплываць на светапогляд жаўнераў, якія яшчэ зусім нядаўна былі простымі сялянамі.

— А як увогуле адбываўся працэс нацыянальнай ідэнтычнасці? Калі і як беларусы пачалі асэнсоўваць сваю прыналежнасць да канкрэтнай нацыі?

— Даволі позна ў параўнанні з нашымі суседзямі – палякамі, літоўцамі ды ўкраінцамі. Я прынцыпова не закранаю прыклад Расеі, дзе дагэтуль дамінуе перадусім імперская, а не нацыянальная свядомасць.

Звярніце ўвагу, што пасля распаду Савецкага Саюза шмат хто з расейцаў прынцыпова не быў у стане ўспрыняць незалежнасць краін Балтыі. У выніку вялікая частка расейскамоўнага насельніцтва маргіналізавалася ў гэтых краінах па ўласным жаданні, проста таму, што яны не былі гатовыя страціць сваё прывілеяванае становішча і стаць меншасцю, лаяльнай да новай дзяржавы.

Вяртаючыся да беларускіх нацыятворчых працэсаў, трэба адзначыць, што на пачатку XX ст. нешматлікія беларускія нацыянальныя эліты даволі доўгі час былі ізаляваныя ад свайго патэнцыйнага электарату.

На маю думку, першая магчымасць істотнай мабілізацыі мас беларускага насельніцтва з’явілася ў 1922 годзе, падчас выбараў у польскі парламент. Тады адбылося першае знаёмства беларускіх масаў са сваёй нацыянальнай інтэлігенцыяй.

Пры ўсіх нюансах Польшча ў той час была дэмакратычнай дзяржавай, але яна не ўспрымалася як «свая» дзяржава сярод нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў. Гэта было істотным чыннікам мабілізацыі беларускіх, а таксама паспрыяла развіццю беларускай нацыянальнай свядомасці.

Парадаксальна таксама тое, што гэта былі адны з дзвюх па-сапраўднаму дэмакратычных выбарчых кампаній на тэрыторыі Беларусі ў XX ст. Наступная мела месца якраз у 1994 годзе. Ну а далей усе ведаюць, што адбылося.

— Многія гісторыкі, з якімі нам даводзілася размаўляць у рамках нашага праекта, адзначалі, што, мабыць, ніводзін народ не меў столькі перашкод на шляху да свайго станаўлення, як беларусы. Войны, расійская акупацыя, русіфікацыя, паланізацыя...

Цяпер перад намі зноў стала праблема захавання нацыі. Як вы ў цэлым ацэньваеце шанцы беларусаў захаваць незалежную краіну і сябе як нацыю?

— Я не думаю, што гэта выключна беларускі феномен. Ёсць народы, якія ў сваёй большасці жывуць у дыяспары, але перад імі не стаіць пытання самазахавання. Штопраўда, такія народы часта маюць тысячагадовую гісторыю, як напрыклад армяне.

Сапраўды, у беларускім нацыятворчым працэсе, які на маю думку яшчэ не завершаны, былі дзве адметнасці: адставанне ад суседзяў і перавага дэзінтэграцыйных чыннікаў над інтэграцыйнымі (невялікая колькасць інтэлігенцыі, высокі ўзровень непісьменнасці, рэлігійны падзел на праваслаўных і каталікоў і гэтак далей).

Зноў-такі ўсё вышэй пералічанае не з’яўляецца нечым унікальным у Еўропе. Скажу болей, цэлы шэраг еўрапейскіх народаў мелі значна лепшыя стартавыя ўмовы, але не маюць сваёй дзяржавы.

На маю думку, пытанне захавання беларускай нацыі цяпер ўсё ж такі другаснае. Сацыялагічныя апытанні сведчаць што, беларусы прызвычаіліся жыць у самастойнай, хаця шмат і ў чым дысфункцыйнай дзяржаве.

Беларусы з яе таксама нікуды не падзенуцца. Прынцыповым тут застаецца пытанне, што пасля Лукашэнкі будзе ўкладацца ў паняцце «беларуская нацыя».

Сапраўды незалежная дзяржава прынцыпова не можа апераваць канцэптам, што беларусы ёсць «русские со знаком качества».

— Многія беларусы сёння аказаліся за межамі краіны. Наколькі фатальны гэты працэс для нашай нацыі?

— Абсалютна не. Рэжыму Лукашэнкі працяглы час даволі паспяхова атрымлівалася займацца атамізацыяй беларускага грамадства. Проста цяпер, калі рэжым вядзе адкрытую вайну з незалежным грамадствам і культурай, часцяком няма іншага выйсця і беларускае жыццё пераносіцца ў Варшаву, Вільню ці кудысьці яшчэ.

Добра арганізаваныя дыяспары ў будучыні могуць стаць паспяховымі лабістамі Беларусі ў еўрапейскіх краінах.

— Улічваючы наступствы, падзеі 2020 года наблізілі ці, наадварот, адкінулі нас у плане нацыянальнага станаўлення?

— Хутчэй наблізіў. 2020 год паказаў наяўнасць гарызантальных сувязяў унутры беларускага грамадства. У спрыяльных умовах гэтыя сувязі можна будзе адносна хутка аднавіць.

Важнае месца займаюць таксама сімвалы. Падзеі 2020 года адбываліся пад бел-чырвона-белым сцягам, які такім чынам пацвердзіў сваю легітымнасць у беларускім соцыуме.

— Што мы ў 2020 годзе зрабілі не так і ці магло, на вашу думку, быць інакш?

— Не. Беларусы пераўзышлі саміх сябе, калі гэтага ніхто не чакаў, у тым ліку і мы самі.

Падзеі 2020 года трэба разглядаць як рэвалюцыйны карнавал. Думаю, шмат хто спадзяваўся, што ён перарасце ў бяскроўную аксамітную рэвалюцыю. Грамадства ў цэлым не было падрыхтаванае на сілавую канфрантацыю з аўтакратыяй.

— Аднак ці будзе ў нас яшчэ такі шанец і ці адчынецца для беларусаў новая акно магчымасцяў?

— У XX стагоддзі такое акно магчымасцяў адкрывалася для беларусаў двойчы падчас унутраных катаклізмаў ў Расеі. Я маю на ўвазе 1918-ты і 1991 год. Не выключаю, што такое акно можа адкрыцца і цяпер.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(9)