Заяву журналіста прыводзіць Радыё Свабода:
– У 1995 годзе пасьля пагрому парлямэнту Васіль Быкаў назваў рэжым Лукашэнкі хунтай, а мой сябра, дэпутат Вярхоўнага Савету і рэдактар газэты «Свабода» Ігар Гермянчук — бандай. Нічога не зьмянілася за гэтыя 30 гадоў. Важна мець на ўвазе свае ўласныя думкі і дзеяньні.
Усе мае развагі ў публічнай прасторы строга падпарадкаваныя аб’ектыўным фактам, Канстытуцыі Беларусі і кодэксу журналіста Радыё Свабода. Адзіная рэакцыя, якой яны заслугоўваюць — дыскусія.
Але дыскусіі хунта-банда весьці ня ўмее. На кожнае іншадумства адзін адказ — крымінальная справа і турма. Успрымаю гэта з пэўнай удзячнасьцю, як яшчэ адно прызнаньне праваты адэкватных беларусаў, якіх мама вучыла правільным рэчам. Цяпер я цалкам пазбаўлены згрызотаў сумленьня адносна таго, што мусіў выехаць зь Беларусі.
Што да цяжкасьці майго «злачынства», дык яно прыблізна такое, як магніцік на лядоўні, прызнаны пікетам і забароненым масавым мерапрыемствам. У фармулёўках пракуратуры асабліва зацікавіла фраза пра «отрицал факт геноцида белорусского народа в ... послевоенный период». Гэтага я не адмаўляў дакладна, але задумацца ёсьць пра што».