Общество
Сямён Печанко

7 фактаў пра Дзяды

Дзень памінання продкаў — у гісторыі, культуры і палітыцы.

Адно з самых старажытных святаў

Фота generation.by

Дзяды — дзень памінання продкаў, адно з самых старажытных беларускіх святаў, вядомае з язычніцкіх часоў. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памерлых продкаў спускаюцца на зямлю, каб наведаць жывых нашчадкаў. З тых часоў павялося, што жывыя на Дзяды прыбіраюць дом, накрываюць святочны стол для душаў сваіх крэўных. У памінальны дзень ходзяць на могілкі.

Галоўныя Дзяды — Восеньскія

У Беларусі памінальныя дні адзначаюцца некалькі разоў на год, пачынаючы ад вясны (Радуніца, другі дзень Вялікадня). Галоўнымі лічацца Восеньскія або Змітраўскія Дзяды. Як правіла, іх адзначаюць у першую суботу лістапада.

З могілак у лазню

На Дзяды ў беларусаў здавён была традыцыя ісці на могілкі. Пасля супольнай малітвы на магілу вылівалася чарка (дзядам), потым выпівалі жывыя, елі святочныя стравы.

Пасля могілак ішлі ў лазню. Як пісаў пра традыцыю Дзядоў у беларусаў у 1904 годзе часопіс «Tygodnik Ilustrowany», першым ішоў найстарэйшы ў сям’і. Ён ставіў ваду на паліцу і запрашаў мыцца дзядоў і прадзедаў. Тады ўжо ў лазню ішлі астатнія мужчыны, а пасля іх жанчыны.

Для дзядоў у лазні пакідалі ваду і венік.

Святочны стол

Малюнак з часопіса «Tygodnik Ilustrowany», апублікаваны pan-demetrius.livejournal.com

Традыцыйна памінальны стол складаўся з сямі і больш страваў, колькасць якой мусіла быць няцотнай. Але ў шэрагу мясцовасцяў дапускалася і цотная колькасць.

З абавязковых страваў на стале прысутнічалі куцця, бліны, мяса, яечня, клёцкі. Часта на стол ставіліся стравы, якія пры жыцці любілі памерлыя.

Для дзядоў пакідалі прыадчыненай фортку, ці засланку ў печы. На стале для душаў продкаў ставіўся асобны посуд, у які кожны з прысутных адклаў па кавалку кожнай стравы. Ставілі дзядам і чарку.

Старэйшы ў сям’і клікаў дзядоў за стол. Запрашалі ўсіх — і дзядоў-прадзедаў і дзяцей малых, хто ў якім веку памёр. За сталом гаварылі толькі пра памерлых, згадвалі пра іх гісторыі.

Дзядоўскі стол пакідалі на ноч не прыбраным — каб госці маглі пабыць за ім у цішыні.

Літаратурны помнік

Класікай літаратурнага прысвячэння святу памінання душаў памерлых з’яўляецца паэма «Дзяды» Адама Міцкевіча.

У нашы дні беларуска-літоўская тэатральная трупа паставіла паводле паэмы аднайменны спектакль.

Дзяды-1988

У 1988 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны атрыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Публікацыя мела вялізны розгалас. 30 кастрычніка ва ўрочышча Курапаты рушылі тысячы мінчукоў .

Фота svaboda.org

Пасля кароткага і драматычнага мітінгу пасярод поля мірных дэманстрантаў атакавалі міліцыянты.

Вось як тыя падзеі апісаў у біяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў: «Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства».

Ад 1988 года шэсце ў Курапаты стала традыцыйным і ладзіцца штогод.

«Дзяды» на грошах

У першыя гады незалежнасці «Дзяды» аб’явілі дзяржаўным святам, гэты дзень быў непрацоўным. Пазней выхадны дзень скасавалі. Сімвалічна, што пры гэтым выхадным днём стала 7 лістапада.

На сёння Дзень памяці афіцыйна адзначаецца 2 лістапада.

У 2008 годзе Нацыянальны банк выпусціў памятную манету «Дзяды». Яна папоўніла серыю з васьмі манет, прысвечаных беларускім святам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)